Выбрать главу

Зноў жа з мэтай прывабіць чытача да беларускай кнігі выдавецтва выпускала так званыя “кнігі-малюткі”. Гэта ўсё былі палепшаныя выданні: “Песня пра зубра” Міколы Гусоўскага, “Вянок” Максіма Багдановіча, “Вершы” Цёткі, “Байкі” Кандрата Крапівы, “Пробліскі” Янкі Брыля, “Святлынь” Ніла Гілевіча.

Нельга не звярнуць увагу на выданні палепшанага тыпу ў выдатным мастацкім афармленні. Вось кнігі, якія ў мяне перад вачыма: Янка Купала “Вершы і паэмы” (мастак Міхаіл Басалыга); Якуб Колас “Выбранае” (мастак Георгій Паплаўскі). Гэтыя аднатомнікі рыхтаваліся да стогадовага юбілею народных паэтаў. Яшчэ: Адам Міцкевіч “Пан Тадэвуш” (мастак Васіль Шаранговіч, пераклад Язэпа Семяжона); “Найвышэйшая песня Саламонава” (мастак Арлен Кашкурэвіч, пераклад Васіля Сёмухі)... Было нямала і іншых выданняў падобнага кшалту. У тэматычных планах на кожны год планаваліся два-тры палепшаныя выданні.

Праблема моўнага нацыянальнага самасцвярджэння вымагала не толькі актыўнага звароту ў мінулае (у пошуках каранёў беларускасці), але і больш шырокага погляду на сучаснасць (у выяўленні шырокіх сведчанняў жыццёвасці беларускасці). Апошняе выяўлялася і рэалізоўвалася ў самых розных напрамках. Найперш гэта пераклады замежнай літаратуры - з самых розных моў. Так вывяраліся самыя высокія якасці беларускага слова, яго здольнасці і магчымасці ў перадачы розных узроўняў моўнай культуры, ва ўзнаўленні самых розных сфер чалавечага жыцця і самых розных народаў. У свой час была ў выдавецтве створана серыя “Скарбы сусветнай літаратуры”. У гэтай серыі выйшлі творы Апулея і Лонга, Буніна і Купрына, Гётэ, Вазава, Гогаля, Т. Мана, Мерымэ, Хемінгуэя, Шаўчэнкі, Шэкспіра... Усе творы перакладаліся з арыгіналу. Да гэтай выдавецкай акцыі была падключана немалая кагорта перакладчыцкіх сіл, у тым ліку маладых. Яны, перакладчыкі “скарбаў” творча сталелі, удасканальвалі майстэрства, узбагачалі беларускую мову. Далучыць нашага чытача да скарбаў сусветнай літаратуры праз родную мову — то была задача выключнага культурнага, духоўнага значэння.

У канцы 80-х — пачатку 90-х гадоў, на хвалі агульнанацыянальнага ўздыму, выдавецтва абавязана было звярнуць увагу і на беларускае слова, якое гучала за межамі Беларусі. Бо яно сведчыла, што слова, народжанае зямлёй гэтай, насычанае яе сокамі, жыве і ў іншых умовах, жыве, пакуль жывы яго носьбіт. Якраз у гэтыя гады наш чытач змог пазнаёміцца з творамі на беларускай мове пісьменнікаў з Беласточчыны — Алеся Барскага, Яна Чыквіна, Сакрата Яновіча, Віктара Шведа, Васіля Петручука. Выйшла ўнікальная кніга аўтара з Ленінграда М. Нікалаева “Палата кнігапісная” (пра беларускую рукапісную кнігу, выданне ў выдатным мастацкім афармленні). Але, напэўна, галоўнае ў гэтай выдавецкай задуме — выданне твораў, напісаных на беларускай мове, — зварот да творчасці тых беларусаў, што жылі ў эміграцыі. Тых, хто воляю лёсу апынуўся далека за межамі бацькаўшчыны і змог захаваць любоў да роднай зямлі, роднай беларускай мовы. У справе азнаямлення беларускага чытача з літаратурай эміграцыі выключная роля належыць Барысу Сачанку. Пабыўшы ў складзе беларускай дэлегацыі на адной сесіі Генеральнай асамблеі ААН, ён змог пазнаёміцца з беларускай эміграцыяй. Пранікся цікавасцю. І потым, калі толькі стала магчыма, ён пачаў знаёміць беларускага чытача з творчасцю эміграцыі. У 1992 годзе “Мастацкая літаратура” выпусціла вялікі памерам (33,3 выдавецка-уліковых аркушы) том паэзіі беларускай эміграцыі “Туга па радзіме”, накладам у 5000 асобнікаў. Вельмі аб’ёмна была прадстаўлена паэзія Наталлі Арсенневай, Масея Сяднёва, Алеся Салаўя, Міхася Кавыля, Уладзіміра Клішэвіча... Усяго ж прадстаўлены творы 15 паэтаў. Укладанне, прадмова і біяграфічныя даведкі Б. Сачанкі. Яшчэ да таго, у 1990 годзе, у кнізе “Сняцца сны аб Беларусі...” была надрукавана праца “Беларуская эміграцыя: факты і меркаванні” і дадатак да яе “У працяг размовы”. У 1994 годзе з’яўляецца яшчэ адна кніга, прысвечаная беларускай эміграцыі, — “На суд гісторыі”. Зноў жа укладанне, прадмова і звесткі пра аўтараў Барыса Сачанкі. Змест яе складаюць артыкулы мемуарнага зместу вядомых людзей мастацтва з беларускай эміграцыі, а таксама гутаркі з некаторымі з іх. У пэўным сэнсе якраз Барыса Сачанку можна лічыць адкрывальнікам беларускага літаратурнага замежжа. Дзякуючы яго клопатам прыйшла потым да нас проза і эсэістыка Масея Сяднёва, наладжаны сустрэчы з ім у выдавецтве. Пазней былі сустрэчы з Янкам Запруднікам, Кастусём Акулам. Вынікам чаго сталася тое, што ў 1994 годзе з’явіліся знакавыя для выдавецтва кнігі ў серыі “Галасы беларускага замежжа”: раман (шмат у чым аўтабіяграфічны) Кастуся Акулы “Змагарныя дарогі” і трэці выпуск гісторыка-публіцыстычнага зборніка “З гісторыяй на Вы“. Ідэя зборніка - Уладзіміра Арлова, які працаваў у выдавецтве і актыўна праводзіў адраджэнскую лінію. Ён быў укладальнікам першых двух выпускаў. Мэтаю было - даследаванне, высвятленне “белых плямаў” беларускай гісторыі, літаратуры, духоўнага і палітычнага жыцця. Укладанне трэцяга выпуску зборніка было зроблена Янкам Запруднікам, яго ж уводнае слова. Зборнік складаюць артыкулы літаратараў, гісторыкаў, публіцыстаў беларускага замежжа. Пазначаны раздзелы: “Бацькаўшчына здалёк”, “Постаці”, “Будучыня ў мінуўшчыне”. Гэтыя артыкулы, дакументы неслі ў сабе думкі, меркаванні не заўсёды звыклыя для нас, часам нечаканыя. У адных гэта выклікала цікавасць, духоўны інтарэс, іншых раздражняла, абурала.