Выбрать главу

Дарэчы, зборнікі ”З гісторыяй на Вы“ былі адным з выданняў галоўнай выдавецкай лініі гадоў адраджэння. Важна было даць чытачу багацейшы тэкставы матэрыял (самі мастацкія творы), малавядомы, а то і зусім невядомы. Матэрыял мінулых гадоў (спадчына) і сучасны. І не толькі. Раней увесь гэты матэрыял (творчасць, творы) падаваўся ў негатыўным асвятленні: не сам па сабе, а пераважна праз яго падачу і ацэнку. Цяпер жа (тады на пачатку 90-х) з’явіліся канкрэтныя мастацкія творы, раней або зусім невя- домыя, або вядомыя па нейкіх пераказах. Ды і змяніліся крытэрыі ацэнкі мастацкага твора, асабліва ідэйна-грамадскага зместу. З гэтай мэтай выходзілі і іншыя зборнікі — свае амаль у кожнай рэдакцыі. Большасць з іх мелі змест гісторыка-літаратурны. Некалькі выпускаў мелі зборнікі “Шляхам гадоў” і “Скарыніч”. Іх аўтары - даследчыкі розных часоў. І не толькі беларускія, але і некаторыя ўкраінскія, рускія. Прыцягваліся маладыя аўтары. Так, напрыклад, падрыхтоўка і складанне штогадовага зборніка літаратурна-крытычных артыкулаў за 1990 год было даручана пазней шырокавядомаму публіцысту і крытыку Сяргею Дубаўцу.

Выданне спадчыны, выданне твораў беларускай эміграцыі патрабавала шмат працы, высілкаў. Новыя творы прозы, паэзіі прыходзілі самі. Толькі друкуй. Іх будуць прыносіць яшчэ і яшчэ. Тут жа трэба было шукаць, рыхтаваць, арганізоўваць, абмяркоўваць, прабіваць, абараняць. У выданні спадчыны і літаратуры беларускага замежжа мой асабісты ўдзел — і як галоўнага рэдактара, і як дырэктара - самы непасрэдны. Тым больш, што ўвага да такой літаратуры, да гэтай кнігі зверху была самая пільная. І ў гады адраджэння.

Узгадваецца гісторыя з выданнем кнігі Кастуся Акулы “Змагарныя дарогі”. Здарылася так, што Акула прыязджаў у Мінск. Было гэта летам 1992 года. Адбылася сустрэча з ім у выдавецтве. Я ў той час быў у адпачынку. І якраз пасля той сустрэчы пачаліся размовы пра выданне чагосьці з яго твораў, тым больш, што ў гэтыя гады выданне кніг літаратараў беларускага замежжа ўхвалялася і падтрымлівалася. Спыніліся на “Змагарных дарогах”, маючы на ўвазе найперш багатую фактычную аснову твора. У тэматычны план 1994 года кніга не трапіла. Была ўключана ва ўдакладнены план, які зацвярджаецца ў канцы года. План быў зацверджаны. Падрыхтоўкай кнігі займаўся У. Арлоў. Кніга выйшла з друку ў самым канцы 1994 года. Мела поспех. Як паведамлялася ў газеце “Наша ніва” (1995, № 4), кніга Акулы па колькасці прададзеных асобнікаў у мінскіх кнігарнях аказалася на 2-ой пазіцыі.

Але, але... Якраз з гэтай кнігай звязана цэлая гісторыя ў жыцці выдавецтва. Дзесьці ў тыя дні прэзідэнт А. Р. Лукашэнка наведаў майстэрню народнага мастака БССР Міхаіла Савіцкага. І вось там раптам яго сын папытаў, чаму і як выходзяць у нас такія кнігі, як кніга К. Акулы. Патлумачыў, што гэта за кніга. Адказ быў: разбярэмся. Усё гэта я сам глядзеў па тэлевізары.

Адразу як бы не надаў асаблівай увагі. Але назаўтра, прыйшоўшы ў выдавецтва, адразу адчуў трывогу. Патэлефанавалі з Камітэта па друку (а мо тады ўжо было міністэрства) - А. І. Бутэвіч. Зайшоў да яго. Ён папярэдзіў, што трэба чакаць праверак, адмяніў рашэнне аб датацыі гэтага выдання, папрасіў не хвалявацца асабліва. Пазней, у самым канцы 1995 года, у сувязі з іншымі падзеямі (пра іх крыху пазней), у інтэрв’ю газеце “Літаратура і Мастацтва” пра ўсё гэта я гаварыў так: “Згадаем гісторыю з кнігай Кастуся Акулы, разборам займалася служба кантролю Адміністрацыі прэзідэнта. Недзе з паўгода высвятлялі, што і да чаго... Нам былі вынесены нават пэўныя спагнанні. Я разумею: можна той ці іншы твор ацэньваць па-рознаму. Але сёння падобныя адносіны да эміграцыі - проста дзіўныя. Тым больш для краіны, якая імкнецца і хоча быць краінай еўрапейскай. Сёй-той ніяк не можа супакоіцца, яму ўсё хочацца ваяваць, весці класавую барацьбу...” І далей: “Гэты класава-сацыяльны сіндром, прытым афрыканскага тыпу, ніяк не да гонару нашай дзяржаве. Еўрапейскія краіны - тая ж Іспанія, тая ж Германія, тая ж Польшча - даўно на ўсім гэтым паставілі кропку. Нельга цэлыя пакаленні выхоўваць на нянавісці, калі мы хочам лічыць сябе цывілізаванымі людзьмі. Чаго толькі ні выдаюць сёння з эмігранцкай літаратуры нашыя суседзі! Гляньма хоць на нашага “старэйшага брата”, на якога мы так любім арыентавацца. У Расіі ж, па сутнасці, ці не ўся эміграцыйная літаратура выдадзена. Праўда, сёй-той можа запярэчыць: маўляў, там творчая эміграцыя ў асноўным першай хвалі, тых, хто ў пераважнай большасці сваёй выехаў за мяжу адразу пасля кастрычніцкіх падзей ці ў грамадзянскую вайну. Запярэчу і я - не зусім так. А іх антысавецкая дзейнасць у пазнейшыя гады? У гады Вялікай Айчыннай вайны? Возьмем хаця б такога зацятага ворага савецкай улады, які ваяваў супраць Савецкага Саюза і ў гады мінулай вайны і якога, узяўшы ў палон, павесілі, генерала Пятра Краснова. Ён, да ўсяго, і вядомы пісьменнік! Дык вось: ягоныя кнігі ў Расіі выдаюцца і перавыдаюцца. Чаму ж, у такім разе, мы не можам прымірыцца?! Тым больш, што беларуская эміграцыя ні ў чым падобным, як Красноў, не замешана. Яе дачыненні да той барацьбы, што вялася ў гады вайны, зусім не такія. Ды і пры выданні мастацкай літаратуры трэба ўсё ж улічваць галоўнае - момант эстэтычны. Праходзіць час, хто кім быў пры розных падзеях - забываецца, застаюцца творы. Сёння самы час збіраць нашы мастакоўскія скарбы.”