Выбрать главу

Трэба зазначыць, гутарка гэтая адбылася ў сувязі з іншымі абставінамі. 4 лістапада 1995 года ў газеце “Советская Белоруссия” з’явіўся артыкул супрацоўніка выдавецтва, члена Саюза пісьменнікаў Ганада Чарказяна пад назвай ""Адраджэнне" на практике: изда­тельство "Мастацкая літаратура" серьёзно болеет, а это не добавляет здоровья белорусской книге”. Ужо сама назва і газета, дзе быў надрукаваны артыкул, адназначна сведчаць пра яго змест і мэту. Артыкул меў значны рэзананс. І вось Алесь Марціновіч амаль адразу прапанаваў у сувязі з гэтым пагутарыць. Я згадзіўся. І сёння ўдзячны яму за гэта. Зразумела ж, першае пытанне было звязана з гэтым артыкулам. І вось што адказаў я ў той час:

“Скажу шчыра: суб’ектыўна некаторыя прычыны ў аўтара гэтага артыкула былі, ён быў паніжаны ў пасадзе, але тое, што напісана, вынесена на чытацкі суд, настолькі неадэкватна прычынам, што ўсё гэта цяжка зразумець. Хіба толькі, калі прычыну пашукаць у паўднёвым тэмпераменце, у нейкай асаблівай чалавечай зацятасці? Ды, зрэшты, гэта па першым уражанні. Калі ж да ўсяго паставіцца больш уважліва, дык высвятляецца, што справа не толькі ў канкрэтным аўтары, які пра ўсё гэта напісаў. Бо ўсе мы, асабліва тыя, хто звязаны з друкам, добра ведаем, што пісаць можна што заўгодна, але гэта ніяк не значыць, што яно абавязкова будзе надрукавана. У дадзеным жа выпадку, як відаць, рэдакцыя ахвотна ўзяла гэты матэрыял. Больш таго, паставіла яго на першую паласу. Вы працуеце ў газеце, ведаеце, якія матэрыялы і з якой мэтай выносяцца на першую паласу. Ёсць і другі момант, які прымушае задумацца. Выклікае недаўменне: няўжо і аўтар, і газета, і яе галоўны рэдактар лічаць, што ім сама больш “баліць” за беларускую кнігу, і яны найбольш заклапочаны за яе лёс, а астатнія газеты, астатнія рэдактары ды і беларускія пісьменнікі, уся пісьменніцкая суполка, выдавецтвы не задумваюцца над складаным становішчам кнігавыдання? Не задумваюцца, бо ім гэта менш “баліць”?

Адказ увогуле, бадай, не толькі ў сённяшнім дні, не толькі адштурхоўваючыся ад гэтай канкрэтнай і непрыемнай сітуацыі. На працягу дзесяцігоддзяў і стагоддзяў нас вучылі іншыя: што пісаць, што друкаваць, што выдаваць, што чытаць, на якой мове гаварыць. Прыкладаў тут больш, чым патрэбна. І яны, як высвятляецца, сяму-таму прыгадваюцца толькі пры адной нагодзе - самому пачаць іншых вучыць усяму гэтаму. Так што, хутчэй за ўсё, аўтар выконваў нечы сацыяльны заказ.

І яшчэ адзін момант, на які таксама нельга не звярнуць увагу. У такім тоне, у такім стылі, з такімі абвінавачваннямі пісалі толькі ў сумнавядомыя трыццатыя гады. І раптам падобнае “ўсплывае” сёння. Гэта ўжо не проста здзіўляе”.

Такая была мая рэакцыя на той артыкул тады. Рэакцыя як кіраўніка, як чалавека засталася пры мне. Прайшлі гады. Адносіны мае да той публікацыі засталіся тыя самыя - паскудная справа. Публікацыя тая мела немалы рэзананс у выдавецкіх і пісьменніцкіх колах. Адразу ж недзе ў першыя дні пасля публікацыі былі тэлефонныя званкі са словамі абурэння і падтрымкі. Тэлефанавалі, як зараз згадваецца, сябры І. Пташнікаў і Я. Сіпакоў, таксама Г. Бураўкін, І. Чыгрынаў, Г. Далідовіч, А. Дракахруст, Э. Скобелеў... У выдавецтве абураліся У. Арлоў, В. Сёмуха. Дзесьці тады ж сказалі сваё слова яны ў газеце “Звязда”. Было, як ужо згадвалася, арганізавана інтэрв’ю са мной Алесем Марціновічам у газеце “Літаратура і Мастацтва”. Да гэтага ў той жа газеце ў рубрыцы “Кола дзён” была інфармацыя пра тую публікацыю з негатыўнай ацэнкай. Дзесьці ў тыя ж дні прайшлі на гэтую тэму перадачы на радыё і тэлебачанні, куды былі ўключаны гутаркі са мною. Перадачы і інтэрв’ю былі арганізаваны былымі супрацоўніцамі выдавецтва Вольгай Куртаніч і Святланай Кароль (Расянчук). Колькі прайшло часу, але і сёння цёпла згадваецца кожнае слова падтрымкі, сказанае ў той час.