Выбрать главу

Было б, як найменш, наіўна лічыць, што артыкул гэты атрымаў у выдавецкім калектыве адзінадушнае асуджэнне. Былі тыя, хто аднёсся да гэтага абыякава, былі і тыя, хто пагаджаўся з тым, што было сказана ў артыкуле. Апошняе бачылася ў настроі асобных супрацоўнікаў, таксама ў тым, што асобныя супрацоўнікі якраз у гэтыя дні ў выдавецтве не паказваліся.

Гэта, так бы мовіць, грамадскі рэзананс на публікацыю артыкула. Афіцыйная рэакцыя была некалькі іншая. Патэлефанаваў кіраўнік нашага міністэрства Бутэвіч Анатоль Іванавіч, “павіншаваў” з добрымі кадрамі. Сказаў, што будзе праведзена комплексная праверка выдавецтва. Праўда, агаварыўся, што гэта не ў сувязі з артыкулам, хаця ўсё тут зразумела. Пазней неяк запрасіў зайсці. Супакоіў. Папрасіў спакойна працаваць. Камісія працавала доўга. Правяралася ўсё. Натуральна, што было выяўлена нямала недахопаў, слабых месцаў. Урэшце: для чаго ж праверкі робяцца?! 22 снежня 1995 года адбылася калегія Міністэрства культуры і друку. Асноўнае пытанне: “Аб рабоце выдавецтва “Мастацкая літаратура” ва ўмовах пераходу да рыначных адносін”. Рашэнне калегіі было адносна памяркоўным. Першы пункт (асноўны) рашэння калегіі гучаў так: “Прызнаць работу выдавецтва “Мастацкая літаратура” (А. С. Андраюк) па планаванні і выпуску друкаванай прадукцыі недастатковай”. У праекце, падпісаным першым намеснікам міністра Нічыпаровічам С. А., ім жа і падрыхтаваным, была прапанова работу прызнаць “нездавальняючай”. Упэўнены: змякчэнне ацэнкі адбылося не без удзелу міністра. Былі ў пастанове і яшчэ 6 пунктаў, якія ахоплівалі ўсе бакі выдавецкай дзейнасці.

Як праходзіла абмеркаванне нашага пытання на калегіі, хто выступаў, што гаварыў, зусім нічога не помню. Столькі да гэтага было ўсяго адмоўнага, непрыемнага, што ўжо мала што належным чынам успрымалася і заставалася ў памяці. І адна праверка выдавецтва, і другая, абмеркаванне дзейнасці выдавецтва на калегіі не надавалі аптымізму, не надавалі творчай энергіі ні выдавецкаму калектыву, а тым больш мне. Ды і ў самой культурна-друкарскай сістэме пачаліся істотныя змены, мэтазгоднасць якіх часта проста нельга вытлумачыць і зразумець. Міністэрства было расфарміравана. Зноў з’явіўся камітэт па друку. Старшынёй яго стаў нехта Бельскі У. П. Ужо не помню, адкуль ён прыйшоў. У камітэце таксама пачалося кадравае абнаўленне. Начальнікам упраўлення выдавецкай дзейнасці быў прызначаны нехта Жарыкаў В. І. Якраз ён стаў галоўным тут - бесцырымонны, чужы беларускай кнізе, маладасведчаны.

Зразумела, пасля дзвюх праверак за адзін год (няхай сабе нічога злачыннага і не выявілі), пасля пертурбацый і кадравых перастановак у кіраўніцтве друку жыццё выдавецтва стала якімсьці нервова-напружаным. Я, як дырэктар, спрабаваў яшчэ ў сваіх выступленнях у друку гаварыць пра неабходнасць дзяржаўнай падтрымкі для беларускай кнігі. Але. Але ўсё гэта было дарэмна. У новыя часы, пры новых уладах, пачала няўхільна зніжацца дзяржаўная ўвага да беларускай кнігі, належная яе падтрымка з боку дзяржавы. Запанаваў рынак. То была сітуацыя, агульная для большасці былых рэспублік СССР. Вось што сёння гаворыць шырока вядомы паэт Алжас Сулейменаў пра кніжную справу ў Казахстане: “Вся система распро­странения и книгопечатания разрушилась, издательства стали частными, рассчитывающими на уличные при­лавки и быструю прибыль. Подорожала и книга. Обнищал читатель. Отдав книгу во власть рынка — её погубили. Настоящую литературу обессилили, а взамен пришёл ширпотреб". ("Литературная газета", 2015, № 1-2).

Тое самае і ў нас. Хіба што з папраўкай на асабліва драматычны лёс кнігі беларускамоўнай. Вось дадзеныя на гэты конт за 2014 год Нацыянальнай кніжнай палаты: “Больш за ўсё кніг у Беларусі выдаецца на рускай мове — каля 85 працэнтаў. Беларускамоўныя кнігі штогод займаюць нішу ў 10-12 працэнтаў. Усяго ж летась было выпушчана 1160 назваў кніг на бела­рускай мове сукупным тыражом 3,6 мільёна асобнікаў.