Выбрать главу

Цікава, што летась выдадзена 799 кніг з мастацкімі творамі беларускіх аўтараў, але сярод іх 500 выданняў на рускай мове і толькі 294 — па-беларуску (“Літаратура і Мастацтва” 2015, № 3)”.

Тут таксама паведамляецца: “Сукупны тыраж мінулага года. 31,2 мільёна асобнікаў.” У працэнтных адносінах беларускамоўная кніга складае дзесьці 8,6 працэнта. Дык гэта выпуск кніг. А продаж?.. Там жа, упэўнены, большая палова кніг, асабліва мастацкай літаратуры — гэта кнігі, выпушчаныя выдавецтвамі Расіі. Цяжка дакладна сказаць, які працэнт складае ў продажы кніга на беларускай мове. Добра, калі працэнты 3.

А ўсё ж, што звязана з рынкавым лёсам кнігі, якраз і пачыналася тады — у сярэдзіне 90-х. І добра помніцца. І добра бачацца вынікі сённяшнія.

Пасля праверак, калегіі, кадравых змен у вышэйшых кіруючых органах друку жыццё ў выдавецтве пачалося нейкае няпэўнае, няўстойлівае. Засталося адчуванне плёскання ў нейкай бруднай вадзе. Здавалася б, чаму? Адна і тая ж справа, адны і тыя ж людзі. Час, знешнія абставіны мяняюць усё - справу, мэты, чалавека. Не кожны можа ў новых умовах застацца самім сабою, а хто-ніхто якраз у новых умовах становіцца сам сабою, раскрываецца ў сваёй сапраўднай сутнасці. Чалавек - ён розны. Прыгожы, высокі ў сваіх марах і памкненнях, шчыры, адкрыты ва ўзаемаадносінах з іншымі, добры, сумленны. І ён жа, чалавек - злосны, крывадушны, помслівы, эгаістычны, дробны ў сваіх памкненнях і дзеях. Тут, у выдавецтве, давялося ўсё гэта ўбачыць, адчуць. Апошняе асабліва ў апошнія гады выдавецкай працы.

22 ліпеня 1996 года я быў вызвалены ад дырэктарскай пасады па ўласным жаданні ў сувязі з выхадам на пенсію. На наступны дзень, 23 ліпеня 1996 года, назначаны па тэрміноваму працоўнаму пагадненню на пасаду галоўнага рэдактара тэрмінам на адзін год. І, нарэшце, 31 снежня 1997 года быў вызвалены ад займаемай пасады ў сувязі з завяршэннем тэрміну працоўнага пагаднення.

8.04.1981 - 31.12.1997 - гады і дні маёй працы ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Немалы кавалак жыцця, працы. Працы зусім не той, што была ў Інстытуце літаратуры. Там жыў, працаваў сам для сябе, сам на сябе. Усё, што ты зрабіў, было тваё. Ішло пастаяннае ўнутранае накапленне ведаў, пачуццяў, узбагачэнне твайго ўнутранага свету. Пашыраліся і паглыбляліся твае веды пра чалавека, навакольны свет. Адбывалася ўсё больш глыбокае і ўстойлівае ўгрунтаванне цябе ў жыццё, у навакольны свет. Унутрана ты пастаянна як бы багацеў, узбуйняўся.

У выдавецкай працы, дзейнасці ўсё зусім не так. Тут ты мала застаешся сам-насам. Па сутнасці, увесь час сутыкаешся з рознымі справамі, кантактуеш з рознымі людзьмі. Не хапае часу засяродзіцца, падумаць, прааналізаваць. Час бяжыць, час і цябе гоніць. Усе вынікі працы — не твае. Яны — вынік працы, клопату, турботаў многіх. Дзесьці твой унёсак большы, дзесьці — меншы. Штосьці застаецца ў памяці, у сэрцы, штосьці нават не закранае. Дзейнасць сама па сабе багатая, але не глыбокая.

Выдавецтва ўвогуле ўвесь час працавала нядрэнна. Былі пастаянныя прэміі, граматы. Спад дзейнасці выдавецтва ў 2-ой палове 90-х гадоў меў агульнадзяржаўную эканамічную і сацыяльна-культурную аснову. Сёння нярэдка прыходзіць думка, што дзесьці ў гэты час, відаць, трэба было кінуць мне гэтую выдавецкую справу. Тым больш, што дырэктарства - гэта зусім не маё. І разам з тым якраз у гэтыя гады “Мастацкая літаратура” актыўна пачала асвойваць літаратуру беларускага замежжа, актыўна пашыраць прастору нацыянальнай літаратуры. Значна актывізавалася праца па прапагандзе нашай кнігі. Тут варта згадаць хаця б такія мерапрыемствы, як паездка на Гомельшчыну групы пісьменнікаў і выдаўцоў з кнігай “Прайсці праз зону” (кніга пра Чарнобыльскую катастрофу) або, з мэтай наладжвання прапаганды беларускай кнігі, актыўнае ўзаемадзеянне з кіраўніцтвам культуры Глыбоччыны, з актывам на гэтай ніве. У 1994 годзе мне было нададзена званне Заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь, у 1983 узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага савета БССР; узнагароджваўся значкамі “Выдатнік друку”, “Ударник одиннадцатой пятилетки", рознымі граматамі, падзякамі.

Таму, я так думаю, так хочацца думаць, калі ў другой палове 90-х нейкія істотныя аспекты дзейнасці выдавецтва (залішняя, як лічылася, увага да літаратуры беларускага замежжа, захапленне нацыянальнай літаратурнай спадчынай пры пэўным зніжэнні фінансава-эканамічных паказчыкаў) сталі недаспадобы кіруючым колам, узяць проста скараціць дырэктара было не зусім лагічна. Зроблена гэта было больш-менш прыстойна.

Гаворачы пра апошнія гады працы ў выдавецтве, пра той непрыемны асадак, які пакінулі яны ў душы і памяці, нельга думаць, што ў ранейшыя гады, асабліва савецкія, усё і заўсёды было ўжо надта добра.