Выбрать главу

І ўсё ж пераважная большасць пісьменнікаў у творчых стасунках з выдавецтвам паводзіла сябе годна. І што цікава (а хутчэй заканамерна) — былі гэта творцы значнага таленту, сумленныя ў сваёй творчасці. Дасюль цёпла помняцца Ян Скрыган, Янка Брыль, Пімен Панчанка, Васіль Быкаў, Аляксей Карпюк, Іван Пташнікаў, Міхась Стральцоў, Анатоль Вярцінскі, Анатоль Кудравец, Генрых Далідовіч, Алесь Жук. Я назваў тут толькі тых, з кім даводзілася не раз сустракацца, гутарыць, тых, хто не раз заходзіў у галоўную рэдакцыю і з кім свабодна можна было пагаварыць, тых, хто, здавалася, мне давяраў і каму я верыў. Гэтыя гутаркі, такія размовы, няхай сабе і не працяглыя, надавалі ўпэўненасці, здымалі ўнутраную напружанасць, скаванасць.

Багатыя знаёмствы з творчымі людзьмі — самымі рознымі, рознага таленту, рознага характару — для мяне адназначна засведчылі, што чалавек у сваёй глыбіннай псіхічнай і духоўнай сутнасці застаецца тым самым і ў жыцці, і ў творчасці.

Той жа Янка Брыль — вялікі жыццялюб, які ўсёй душой успрымаў навакольны свет, усё да драбніц, захапляўся прыгажосцю людзей, жывой прыроды. Пра гэта пісаў усхвалявана, тонка, вельмі шчыра. Душа была адкрытая і шчодрая.

З хваляваннем, душэўным цяплом заўсёды бяру ў рукі кнігі з яго дарчымі надпісамі. Яны не шматслоўныя, стрыманыя, але сардэчныя. Такіх кніг у мяне шмат. Ганаруся тым, што мне пашчасціла да яго кнігі, што была выдадзена ў серыі “Беларускі кнігазбор”, напісаць прадмову. Па просьбе аўтара. З прыемнасцю, хваляваннем перачытваю віншавальную паштоўку, якую я атрымаў у дзень майго 60-годдзя.

“Дарагі Серафім Антонавіч. У гэтыя Вашы дні і мне прыемна думаецца пра Ваша разумнае, таленавітае, па-сапраўднаму заклапочанае слова пра родную літаратуру, і мне прыгадваюцца сустрэчы з Вамі, спакойна, дзелавіта і прыязна мудрым беларусам, разам з якімі лягчэй верыць, што дабро ўсё-такі пераможа, як ні цяжка, асабліва сёння, верыць у гэта і змагацца, паслядоўна працаваць.

Віншую Вас і жадаю ўсяго добрага!

10.ІІІ.93. Я. Брыль”

Разумеючы ўсю юбілейную абумоўленасць гэтых слоў, усё ж не магу не прызнацца, што яны ў сённяшнія нярэдкія ўжо пахмурныя дні жыццёвага шляху неяк унутрана мацуюць, дазваляюць трошкі весялей думаць пра пражытае і перажытае.

Дарчы Брылёў надпіс да апошняй прыжыццёвай кнігі “Парастак” (2006): “Дарагому Серафіму Антонавічу на добры ўспамін. 9. VIII. 06”. Подпіс. Такога ж зместу дарчы надпіс і ў папярэдняй невялікай кніжачцы “Блакітны зніч”: “Дарагому Серафіму Андраюку на светлы сяброўскі ўспамін. 20. ІІ. 04”. Дарэчы, і адна, і другая кніга выйшлі дзякуючы ўвазе Хрысціны Лялько і выдавецтву “Про Хрысто”. Дарчыя надпісы: на ўспамін — як прадчуванне хуткага адыходу. Сёння, гэта год 2015, прызнаюся, мае ўспаміны пра гэтага чалавека, пра гэтага пісьменніка светлыя, самыя добрыя.

Васіль Быкаў нешматслоўны, стрыманы, увесь паглыблены ў сябе. У яго няма пустых слоў, прыгожых апісанняў. Асноўнае для яго — выявіць, спасцігнуць экзістэнцыйны сэнс і змест падзеі, з’явы, чалавечай асобы. Перадаць гэта ў слове.

Ян Скрыган выключна вытрыманы ў абыходжанні, проста шляхетны. Ніколі не падумаеш, што чалавек гэты прайшоў высылкі, рэжымныя калоніі. Слова яго простае, але эмацыянальна прыгожае. Яму верыш. З прыемнасцю чытаю дарчы надпіс, зроблены ім да збору твораў у двух тамах:

“Серафіму Андраюку.

Прызнаюся, што мне вельмі прыемна падпісваць гэты двухтомнік.

Вельмі сардэчна.

3. ІІІ. 85 Ян Скрыган"

Або да кнігі “Некалькі хвілін чужога жыцця”: “Серафіму Андраюку.

Сардэчна і ўдзячна.

20. 05. 80 Ян Скрыган”

Па-свойму прыгожа, шчыра.

Аляксей Карпюк. Эмацыянальна-узбуджаны, які нібы заўсёды стрымліваў напор унутранай энергіі. Упарты, настойлівы. Праўдзівы, шчыры, душэўна адкрыты. Смелы.

Іван Пташнікаў. Можа, як ніхто, закрыты ў жыцці штодзённым. Стрыманы ў выяўленні сваіх думак, пачуццяў. Недаверлівы ва ўзаемаадносінах з таварышамі, сябрамі. Пра сябе не любіў гаварыць. І не гаварыў. Не выпадкова ж, мусіць, мы нідзе не знойдзем яго творчай, ды і проста чалавечай аўтабіяграфіі. Не раз ён паўтараў: мая біяграфія ў маёй творчасці. У гэтым пераконваешся, прачытаўшы яго “Ненапісаную аповесць”. Пасля неяк па-іншаму глядзіш і на астатнюю творчасць. Сапраўды, у яго творчасці ўсё яго жыццё. Больш за тое: увесь яго свет. І свет гэты паглынуў і яго самога. Адчуванне такое, што тут ён усё сказаў у творах, усё да драбніц. І пра што больш гаварыць?..