Выбрать главу

Янка Сіпакоў. Здаецца, што за часы нялёгкага дзяцінства (бацькі загінулі ад рук фашыстаў) у душы яго накапілася столькі шчырасці, сардэчнасці, што эмоцыі проста пульсавалі, білі цераз край. Гэта і ў творчасці, і ва ўзаемаадносінах з таварышамі, з сябрамі. Усё вельмі добра відаць, адчуваецца і ў яго аўтографах. Іх у мяне шмат.

Вось адзін з самых сардэчных у 1-м томе Выбраных твораў у двух тамах. Тут ёсць і мая прадмова.

“Дарагому Серафіму Антонавічу Андраюку — шчыра, з удзячнасцю, па-сяброўску. Як радасна, мой дружа, адчуваць і Тваю падтрымку, і Твой локаць, і Тваё такое дарагое для мяне слова. Дзякуй за падораную радасць, і няхай Табе самому будзе заўсёды радасна ў жыцці! Сардэчна — Твой —

Янка Сіпакоў

21 кастрычніка 85 г.”

Ён такі і ў жыцці, і ў творчасці — Янка Сіпакоў. Быў і застаўся. І ўпэўнены — не толькі для мяне.

Больш цесныя і чалавечыя, і творчыя ўзаемаадносіны ў мяне былі з тымі некаторымі пісьменнікамі, хто працаваў у выдавецтве. Тут найперш хацелася б назваць Рыгора Барадуліна, Барыса Сачанку, Уладзіміра Арлова, Яўгена Лецку, Міколу Мятліцкага, Леаніда Дранько-Майсюка.

Барыс Сачанка ў выдавецтве працаваў у 1986-1993 гадах. То былі гады, пазначаныя атмасферай духоўнага ўздыму, нацыянальнага адраджэння. Гады знаёмства з літаратурнымі скарбамі іншых народаў, вяртання літаратуры беларускай эміграцыі. То былі гады, якія так адпавядалі літаратурна-грамадзянскай пазіцыі Сачанкі, давалі магчымасць поўна раскрыцца, рэалізавацца яму як кніжніку. То быў яго час. Зроблена ім у літаратуры і для літаратуры вельмі многа. Якраз у гэтыя гады падрыхтаваў і выдаў кнігу паэзіі беларускай эміграцыі “Туга па радзіме” (1992). Рыхтуе і выдае першы ў новым часе зборнік паэзіі Ларысы Геніюш “Белы сон” (1990). Ён жа, Сачанка, падрыхтаваў зборнік про­зы Масея Сяднёва, вядомага паэта і празаіка беларускай эміграцыі. Зноў жа, дзякуючы яму, Сачанку, была арганізавана сустрэча з гэтым пісьменнікам у выда­вецтве. Істотна, што гэтыя кнігі пісаліся, ствараліся для выдавецтва. Тут выдаваліся. Моцна ўплывалі на агульную атмасферу ў выдавецтве. Увогуле Сачанка ў гэтыя гады выключна актыўна жыў і працаваў. Усё гэта адбывалася на маіх вачах. Па многіх пытаннях ён раіўся са мною, я — з ім. Не было такога дня, каб не заходзіў да мяне - пагаварыць, параіцца, падзяліцца навінамі. Ён, так бы мовіць, ведаў усё і пра ўсіх. Актыўнасцю, энергіяй быў перапоўнены. То быў перыяд у яго творчым жыцці — грамадска-публіцыстычны. Зроблена ім у гэтыя нядоўгія гады нашага адраджэння шмат — і як чалавекам, грамадзянінам, і як пісьменнікам. Усё гэта я добра бачыў, адчуваў, быў далучаны да гэтага.

І сёння мне прыемна чытаць дарчы надпіс Масея Сяднёва на кнізе “Туга па Радзіме”: “Серафіму Антонавічу Андраюку, нашаму цудоўнаму адраджэнцу сардэчна М. Сяднёў. 22. 10. 92”.

Пра тое, што выдавецтва і я, як адзін з яго кіраўнікоў, спрыялі справе нацыянальнага адраджэння, сведчаць дарчыя надпісы да кніг, аўтографы і маладзейшых аўтараў.

Уладзімір Арлоў. Кніга “Рандэву на манеўрах”, 1992: “Шаноўнаму Серафіму Антонавічу Андраюку з удзячнасцю. Жыве Беларусь”.

Кніга зноў жа яго “Рэквіем для бензапілы”, 1998: “Шаноўнаму Серафіму Антонавічу Андраюку зь цьвёрдай вераю ў тое, што рэквіему па нас яны не дачакаюцца”.

А вось дарчы надпіс да першай кнігі паэзіі “Кроў на сумётах” (1989) аднаго з самых ваяўнічых маладых адраджэнцаў таго часу Сержука Сокалава-Воюша: “Шаноўнаму Серафіму Антонавічу Андраюку зь верай у адраджэньне бацькаўшчыны. 21 траўня 1990 г.

Жыве Беларусь”.

Шкада, што сёння гэтае прозвішча знікла з літаратурнага небасхілу.

У тыя гады нельга было ўявіць выдавецтва без Рыгора Барадуліна. Працаваў ён у выдавецтве з 1979 і аж да 1997 года. Спачатку рэдактарам, потым загадчыкам рэдакцыі. Рэдактар ён быў выдатны. Паэтычны тэкст некаторых маладых (ды і старэйшых) аўтараў правіў імгненна. Часам думалася, што тут ён можа лічыцца сааўтарам. Ды пра гэта ён і сам часам гаварыў. Шанаваў аўтараў таленавітых. Некаторых, праўда, і таленавітых, па тых ці іншых прычынах (найчасцей звязаных з іх грамадскімі і чыста чалавечымі паводзінамі), не прымаў зусім. Многім (у тым ліку і мне) гаварыў пра іх адкрыта. Якіхсьці стасункаў, размоў з імі пазбягаў. У вочы нікому нічога дрэннага не гаварыў. Людзей бачыў наскрозь. Усе іхнія і станоўчыя, і адмоўныя якасьці. Фальш улаўліваў адразу. Здзіўляе ягоная працавітасць, актыўнасць, пастаянна некуды ідзе, увесь час недзе выступае, з некім сустракаецца. І піша... Шмат піша.