Выбрать главу

Згадваецца, што ў першыя год-два пачатку 90-х гадоў творчасць яго, як тады мне падавалася, прыкметна змянілася. Паменшала іскрыстай жартаўлівасці, з’едлівай іранічнасці, досціпу і віртуознасці ў слове. Паэзія (не проста асобныя вершы) стала глыбінна-сумная, разумна-сур’ёзная. Уражанне было: паэт хоча сказаць па-сапраўднаму шчырае, глыбокае, сардэчнае слова пра сваё самае роднае, блізкае. Ад чытання ахоплівалі трывога, занепакоенасць. Неяк у размове я папытаў пра гэта. У адказ: дрэнна адчуваю. Сказана было шчыра.

Не захапляцца яго таленавітасцю, адчуваннем слова было нельга. Працаўнік ён быў вышэйшага класа. Мае адносіны былі самыя паважлівыя, шчырыя. Яго адносіны да мяне, так лічу я сёння і так здавалася тады, даволі па-чалавечы нармальныя. Такімі яны бачацца ў яго аўтографах. Яны арыгінальныя, далёкія ад якойсьці стандартнасці.

Зборнік “Амплітуда смеласці”: “Шаноўнапаважаны Серафім Антонавіч! Прыміце ад мяне гэтую кніжачку з даўнімі непахіснымі пачуццямі прыязні і павагі!.

Ваш Рыгор Барадулін. Мінск, 83”.

Кніга “Выбраных старонак лірыкі” “Трэба дома бываць часцей...”: “Дарагі Серафім Антонавіч! Працуючы ў Вас, зразумеў я выраз быць у Бога за пазухай.

Дзякуй Вам за ўсё!

Ваш Рыгор. Менск, 93.

І вось такое віншаванне атрымаў я 12.V.94 года:

"Вяльможнаму спадару Серафіму А. Андраюку

Ён зь людзей,

Якіх сьвянціла праца,

Ён з краёў вяльможных,

А ня з лужыны.

Працаўнік,

Дапытнік

І дарадца Андраюк

Заслужана заслужаны!

З удзячнасцю — Рыгор Барадулін".

Увогуле ў аўтографах выяўляліся і сам іх аўтар і яго адносіны да таго, каму аўтограф гэты быў адрасаваны. З часоў працы маёй у выдавецтве захаваліся сотні кніг з дарчымі надпісамі іх аўтараў. Яны (надпісы гэтыя) рознага характару, рознага зместу. Пераважную большасць чытаю з пачуццём удзячнасці за давер, за шчырасць.

Ну, вось хаця б гэты аўтограф Станіслава Шушкевіча да зборніка вершаў "Дарога ў залатую восень", выдадзены у серыі "Бібліятэка беларускай паэзіі": "31 мая 1983. Дарагі Серафім Антонавіч! Няхай гэта ма­ленькая жменька вершаў нагадае Вам аўтара, які прайшоў нямала дарог, але збярог у памяці і сэрцы сваю Радзіму. З павагай Станіслаў Шушкевіч".

Або гэты Алега Лойкі да кнігі "Янка Купала", выдадзенай у Маскве ў серыі ЖЗЛ: "Дарагому Серафіму Андраюку з сімпатыяй і братняй павагай, бо з гнязда мы з ім аднаго - з гнязда новага гісторыка - дарагога ўсім нам Юльяна Сяргеевіча. Шчыра Алег Лойка. 2 сакавіка 1983. Мінск".

Увогуле кнігі з дарчымі надпісамі - гэта пра мінулыя гады, дзесяцігоддзі, памяць, успамін. Возьмеш у рукі такую. Глянеш на тытульную старонку, прачытаеш напісанае - і думкі паплывуць у тыя ўжо замглёныя часам далёкія гады. Згадаецца пісьменнік, чалавек, нярэдка пэўныя гісторыі, звязаныя з кнігай. А гэтыя, такія кнігі, ой, як патрэбны мне на завяршальных вёрстах жыццёвай дарогі. Яны суцяшаюць: штосьці ж рабілася і нядрэннае для іншых, для справы кніжна-літаратурнай. Становіцца на свеце святлей.

Праца, праца, праца. Пішаш пра гэта, чытаеш, згадваеш, перажываеш. І здзіўляешся з самога сябе: што, у жыцці больш нічога не было? Але, мусіць, гэтая праца, такая праца, шмат патрабуе ад чалавека, шмат забірае і - адначасова - пакідае. Думаецца, пастаянныя кантакты з іншымі людзьмі на ўзроўні разумова-эмацыянальным пакідалі свой след, свой адбітак і ў памяці, і ў светаразуменні. Гэта засталося.

Але, але было ж і жыццё сямейнае, працоўнае, фізічнае, побытавае. Яно ішло сваім шляхам. Не заўсёды ад цябе залежным. Часта зусім не залежным ад тваёй працоўнай ці то грамадскай дзейнасці. Раслі, гадаваліся дзеці. Вучыліся ўвогуле нядрэнна. Ва ўсякім разе праблем для бацькоў ніякіх не стваралі. Пазней атрымалі вышэйшую адукацыю. Старэйшая Света закончыла факультэт архітэктуры ў Палітэхнічным інстытуце. Малодшая Алеся абрала сабе прафесію мадэльера: закончыла Тэатральна-мастацкі інстытут. Праз пэўны час павыходзілі замуж. Тут усё склалася добра. Праз пэўны час бацькам (адразу ж і дзядам) падарылі ўнукаў: Света - Івана, Алеся - Алёшу і Ваню. Якая гэта радасць для дзядоў. Унукі клопатаў і турботаў больш усё ж патрабуюць ад бацькоў, а не ад дзядоў. Зразумела, мы ніколі не адмаўлялі дзецям, калі ўзнікала якаясь патрэба паняньчыць, паглядзець унукаў.

Калі не было яшчэ кватэры, часта ездзілі ў свае Бербашы на Міршчыне. Звычайна то было летам. І нягледзячы на цеснату, скучанасць у хаце, усе гэтыя дні, праведзеныя ў вёсцы, пакідалі ў душы адчуванне святла, прастору, якойсьці душэўнай расслабленасці, лёгкасці. Незабыўныя былі паходы па ягады: спачатку - суніцы, маліны; пазней - чарніцы. А якой радасцю былі паходы па грыбы, гэта ўжо познім летам, восенню. Зразумела, што найперш гэта баравічкі, было нямала і краснагаловікаў. Самыя раннія - лісічкі. Якая гэта смаката - смажаныя з цыбулькай лісічкі. Ды яшчэ з маладой бульбачкай. Да самай позняй восенні шукалі зялёнкі. Гэтыя грыбочкі заставаліся на зіму. Увогуле, прыезд у вёску не быў пустым: запасаліся на зіму варэннем, грыбамі. Трошкі памагалі і бацькам.