Выбрать главу

Зімою нярэдка прыязджалі бацькі - пагасцяваць трохі. Заязджалі браты. Усё было як трэба. Як і павінна быць.

Дзесьці ў пачатку 80-х пісьменніцкай арганізацыі быў выдзелены добры кавалак зямлі ў раёне вёскі Малая Валоўшчына Мінскага раёна. Побач з ранейшым пісьменніцкім дачным пасёлкам (слова "лецішча" у той час я не помню, хаця само па сабе слова прыгожае). То ўжо было "Узор’е-2". Падумаўшы, параіўшыся ў сям’і, падаў і я заяву на участак зямлі. Заяў было шмат. І праўленне Саюза пісьменнікаў вырашыла задаволіць просьбы ўсіх, але выдзеліць зямельныя участкі меншыя - усяго па 4 соткі. Дазвалялася па 6.

Участак зямлі даводзілася разы тры мяняць. Былі свабодныя ці нехта адмаўляўся. На трэцім спыніліся - углавы, блізка каля лесу. Суседзямі былі Анатоль Вялюгін і Іван Пташнікаў. Суседзі добрыя. За ўвесь час нашага там пражывання ніякіх прэтэнзій ні ў нас да іх, ні ў іх да нас не помніцца.

Пачалося асваенне ўчасткаў, будаўніцтва. Праца па асваенні зямлі была цяжкая. Зямля ўся здзірванелая, шмат камення. Настойліва, мэтанакіравана давялося капаць, выбіраць каменне, вытрасаць пырнік. Стамляліся, бывала, страшэнна, але ж была ўнутраная радасць, задавальненне зробленым. Вынікі былі перад табою - рэальныя, адчувальныя. Усё рабілася, здаецца, не горш, чым у іншых, чым у суседзяў. З цягам часу з’явіліся градкі, пасаджаны былі дрэўцы, кветкі. Як сёння згадваецца, усе працавалі апантана, як бы з нейкім уздымам. Уяўлялася, што гэта абудзілася, вышла на волю іх адвечнае сялянскае - любоў да зямлі. Такое было амаль ва ўсіх. Неяк нечакана заўважылася, як акуратна рабіў усё на сваім участку сусед Іван Пташнікаў. Ён ледзь не "пад вяровачку" рабіў свае градкі. Нават жонка жартавала. А яму хацелася, каб ў яго ўсё было як найлепш. Гэта выразна бачылася. Увогуле, здавалася, што ва ўсіх было гэтае жаданне - рабіць найлепш.

Нярэдка можна было бачыць, як за нашымі ўчасткамі, дзе было запушчанае поле і дзе пасвілі кароў з суседняй вёскі, дзесьці пасля снядання некаторыя "новыя гаспадары" хадзілі з вёдрамі і збіралі каравякі. Занятак гэты быў настолькі распаўсюджаны, што нават вершы пра гэта з’явіліся:

Отливают росы серебром,

За кустами вскрикивают чибисы

Я иду с пластмассовым ведром

И стальной лопаткою на выпасы.

Я в работе лишь заря взойдёт -

Мне ли уповать на помощь Сороса!

Подбираю и парной помёт,

И уже прошитый острой порослью.

У дубов угрюмых на виду,

Принуждённый воровской эпохою,

Я ищу усердно, а найду - Низко наклоняюсь над лепёхою.

Как и в детстве, брать коровяки Мне с руки и на пороге старости Возле валунов, где родники,

Вдоль просёлка, у лозовой заросли.

Гэта радкі з верша Б. Спрынчана "На выпасах". Радкі і верш цалкам цытаваў у сваім заключэнні (адмоўным) на машынапіс кнігі вершаў Б. Спрынчана "На полях бытия" загадчык рэдакцыі Л. Дранько-Майсюк. Зразумела, тэкст гэты ўспрымаецца як самапародыя. Аднак жа ў аснове - жыццё рэальнае.

Прайшлі гады - і ўсё ў гэтым кутку Малой Валоўшчыны змянілася непазнавальна. Змянілася і на ўсёй дачнай дзялянцы, і на кожным участку. З’явіліся невялікія хлеўчыкі, дамы. У асобных дачнікаў немалыя, прыгожыя. Вызначыліся вуліцы. Мы на сваёй дзялянцы таксама працавалі заўзята. Зрабілі грады, пасадзілі дрэвы — яблыні, слівы, кусты парэчкі, маліны. Жонка захапілася кветкамі. Праз пару гадоў пабудавалі дом, маленькі хлеўчык. Дапамаглі сябры. Частку грошай пазычыў Сачанка Барыс, частку - Сіпакоў Янка. Узяў крэдыт невялікі ў банку. Разлічвацца давялося даўгавата. Вясна, лета, восень... То быў дачны перыяд. У пятніцу ехалі на сваё "Узор’е", у нядзелю вярталіся. У пераважнай большасці то былі дні і адпачынку і працы.

Працаваць даводзілася ўвогуле нямала. Але працавалася з ахвотай. Бо то была праца, ад якой заўсёды быў вынік. Больш ці менш хутка. А якія смачныя былі гурочкі, памідоры, цыбулька са сваёй градкі! А які пах і смак мелі ягады, якія ты сам вырошчваў, даглядаў, сам збіраў. Здавалася б, усё ж гэта было ў дзяцінстве ў маіх Грэдэлях, Бербашах. Так, было. Але ж не зусім тое. Тут гэтай гародніне, гэтым ягадам, пазней садавіне аддавалася цяпло, пяшчота душы тваёй, твайго сэрца. І яно, аплодненае сокамі зямлі і неба, узбагачанае імі, набывала асаблівую жыццёвую энергію і асаблівы той смак. Як сёння ўяўляецца, там, на дачы, праходзілі ў тыя часы самыя, напэўна, светлыя ў маім жыцці часіны. Зусім зблізку шумеў лес, ласкава свяціла сонца, неба сіняе і глыбокае. Нават больш глыбокае, чым тое ўяўлялася ў светлыя гады дзяцінства.