Выбрать главу

З суседзямі былі па-сапраўднаму добрыя суседскія адносіны. У жанчын таксама было нямала агульных інтарэсаў, гаспадарчых клопатаў. З Іванам Пташнікавым пастаянна абменьваліся рознага зместу навінамі, найперш з жыцця пісьменніцкага. Дзіўная рэч: здавалася, ён не надта з кім сутракаўся, мала хто з пісьменнікаў-дачнікаў прыходзіў да яго, сам не надта да каго хадзіў, а ведаў усяго надта многа. Дасведчаны быў ў літаратурным жыцці, ва ўзаемаадносінах прыватных у пісьменніцкім асяроддзі. Але гэта ні ў малой ступені не мела характару якогасьці абгавору ці то плётак. Пра творчасць сваю не любіў расказваць. Ды і не расказваў. Пра жыццё сваё таксама. Праўда, часам, як бы забыўшыся, мог ён сказаць штосьці са свайго мінулага жыцця, ці то жыцця бацькоў сваіх, роднай вёскі.

Я тады якраз пісаў крытычны нарыс (планаваная інстытуцкая праца) пра творчасць Івана Пташнікава. І вось гэтыя пастаянныя гутаркі ўсё больш пераконвалі мяне ў тым, у якой ступені (самай высокай) творчасць яго грунтуецца на жыццёвым вопыце яго жыцця, жыцця родных і блізкіх, яго роднага краю. У той працы, якая тады сталася кнігай "Чалавек на зямлі", аналізуючы раман "Мсціжы", яго выключную праўдзівасць у апісаннях прыроды і ў раскрыцці ўнутранага свету яго герояў, я прыводзіў два прыклады рэальнага жыцця, увасобленыя ў творы.

У рамане "Мсціжы" ёсць сцэна выключнай праўдзівасці і эмацыянальнай пранізлівасці. Гэта, дзе апісваецца, як Вялічка, галоўны герой рамана, вязе ў кузаве машыны з гарадской бальніцы памерлую жонку. Адбілася ў творчасці асабістае. Памерла ў Пташнікава маці. Яму давялося везці яе з гарадской бальніцы ў вёску. Усё перажытае тады, набалелае, перадуманае засталося ў сэрцы і памяці.

І яшчэ Пташнікаў расказваў, як у яго нарадзілася карціна ветру ва ўступе да гэтага ж рамана, якая вызначае агульны эмацыянальны лад твора і так адпавядае душэўнаму стану Вялічкі. А ўсё вельмі проста. Неяк позняй восенню пайшоў ён сустракаць сына са школы. Хлопчык затрымліваўся. Давялося чакаць. Была позняя восень. Усчаўся страшэнны вецер. Зрываў і нёс апошняе лісце. Вырываўся з вуліцы, з-за дамоў; аж свістаў і выў у агароджы. Была ў гэтым якаясьці непадуладная чалавеку сіла. З’явілася адчуванне як бы сваёй нязначнасці, бездапаможнасці. Гэта ўвасобілася ў творы.

Пра ўсё гэта я пісаў у сваёй кнізе. Пройдуць гады, з’явяцца пазнейшыя творы пісьменніка, у прыватнасці, "Ненапісаная аповесць". І стане яшчэ больш зразумела, у якой, самай высокай, ступені ўся творчасць сваёй падзейнай асновай, выразамі, апісаннямі побыту, пейзажнымі карцінамі непасрэдна звязана з яго біяграфіяй, біяграфіяй яго сям’і, лёсам яго вёскі. Не кажучы ўжо пра эмацыянальны лад, духоўнае напаўненне.

І вось добрыя, таварыскія, хутчэй сяброўскія ўзаемаадносіны, нагода бачыць яго ў жыцці бытавым, сямейным і добрае знаёмства з яго творчасцю прывялі мяне да цвёрдай высновы: які чалавек - такі пісьменнік. Ідэйны змест яго твораў, іх духоўная аснова, эмацыянальнае напаўненне, сюжэтна-кампазіцыйнае канструяванне - усё гэта ў першую чаргу, галоўным чынам, ён, пісьменнік, асоба. Жыццёвы матэрыял, героі, нават гістарычна рэальныя - гэта яго героі, ім убачаныя і пераствораныя, хутчэй створаныя. І чым паўней, глыбей асоба аўтара выяўлена ў творы, тым больш значны твор у плане эстэтычным.

У гэтым мяне глыбока пераконвае і творчасць такіх пісьменнікаў, як Іван Мележ, Янка Брыль, Ян Скрыган, Васіль Быкаў, Аляксей Карпюк, Рыгор Барадулін, Барыс Сачанка, Янка Сіпакоў, Анатоль Кудравец, Кастусь Цвірка. Іх творчасць я ведаў - ведаў, як яна развівалася; з некаторымі з іх сябраваў, таварышаваў, разам працаваў, з іншымі быў блізка знаёмы, не раз меў шчырыя, даверлівыя гутаркі, з цікавасцю назіраў за імі.

Другі наш памежны сусед на лецішчы быў Анатоль Сцяпанавіч Вялюгін, выдатны паэт, сцэнарыст, адмысловы паэтычны рэдактар. Знаў сабе цану, трымаўся з годнасцю, але чалавек душэўны, адкрыты. Адносіны ў нас склаліся па-суседску шчырыя, добрыя. Здаралася, што нават часам чарку бралі. Гаварылі пра літаратуру, літаратурныя справы. Станоўча гаварыў пра Міколу Лупсякова, яго прозу: у яго фраза пісьменніка (для мяне яго думка было цікавая, бо тады я якраз пісаў пра Лупсякова). Расказвае Вялюгін: неяк той пытае ў яго, хто раней за ўсіх устае ўлетку. Вялюгін, зразумела ж, адказаў: жаваранак. Той: не, павук; да таго як пачынаюць прачынацца іншыя, ён ужо павуціну заснуе. Вялюгін выключна высокай думкі пра талент А. Куляшова, пра яго пісьменніцкую незалежную пазіцыю. Пра Кузьму Чорнага: прыкідваўся то мужычком, то местачкоўцам, але ўзроўнем інтэлекту, таленту пераўзыходзіў многіх іншых. Лічыў яго моцным раманістам. Апавяданні, меркаваў, слабыя. Захапляўся прынцыповасцю, мужнасцю Янкі Брыля. Увогуле яго ацэнкі літаратурных з’яў, фактаў, саміх пісьменнікаў былі арыгінальныя, свежыя.