Выбрать главу

Яго шанавалі, цанілі маладзейшыя за яго паэты. Пастаянна да яго хтосьці прыходзіў. Ды не проста так, а са сваімі творамі. Ён сапраўдны, паэтычны настаўнік. Частымі гасцямі ў яго былі Казімір Камейша, Мікола Мятліцкі.

Адносіны не толькі ў мяне да яго як суседа былі добрыя, па-людску, але ён цёпла адносіўся і да мяне, і да маёй сям’і як суседзяў. Сведчаннем таму можа быць паштоўка з выявай вясновай Белавежы (там ён адпачываў), якую даслаў у дзень майго шасцідзесяцігоддзя:

"Дарагі Серафім Антонавіч!

Віншую са слаўным выхадам на рубеж сталасці.

60 - гэта станцыя без перапынку.

А наперадзе - здабыткі, здабыткі і паўсёдныя радасці,

Як вось гэта вясна ў Белавежы.

Шчасця Сыну Вясны!

Абдымаю, Анатоль Вялюгін.

5.03.1993 г."

Адначасова была невялічкая паштовачка з віншаваннем маім жанчынам: "Шчасця і любові Вам, Тамара Пятроўна і слаўныя дочкі Сына Вясны - Святлана і Алеся. А. Вялюгін".

Добрыя суседзі - добрыя, шчырыя ўзаемаадносіны. І сёння ўзгадваюцца гады жыцця на лецішчы як нейкі асаблівы перыяд, пласт жыцця. Светлы, сонечны, з удыханнем на поўныя грудзі заўсёды свежага паветра, заўсёды насычанага здаровым лясным водарам. У памяці праца ў выдавецтве і жыццё на лецішчы засталіся як бы кожнае само па сабе.

Але жыццё наогул, жыццё кожнага з нас ідзе сваім шляхам, непадуладным чалавечай волі, непрадказальным і невытлумачальным.

Захварэла, у хуткім часе памерла жонка Івана Пташнікава. Гэта моцна яго падкасіла. Захварэў, выразалі нырку. На лецішча амаль не прыязджаў. Дзеці зрэдку наведваліся. Потым зноў хвароба - інсульт. Зусім на вуліцу не выходзіць - дзеці лецішча прадалі маладой сям’і іх суседзяў. З імі ніякіх кантактаў: "Добры дзень" - "Здрасце".

Восенню 1994 года памёр Анатоль Сцяпанавіч Вялюгін. Праз нейкі час і жонка яго. Прайшоў час і на іх лецішчы з’явіліся новыя гаспадары. Яны неяк адразу адгарадзіліся двухмятровай вышыні шыферным плотам. Таму ніякіх кантактаў асаблівых не было. Так, віталіся.

Трохі пазней даведаліся, што суседам нашым стаў вядомы артыст балета Юрый Траян.

Ды і мы самі пачалі прыязджаць сюды ўсё радзей і радзей. З’явіліся хваробы, працаваць асабліва нельга было. Прапаў імпэт, знікла цікавасць. Усё стала нейкім абыякавым. Дагляду не стала ніякага. Думаў нават прадаць. Але дочкі сказалі, што яны будуць ездзіць. Праўда, да гэтага часу (2015 год) пакуль нічога не відаць... Увогуле ж усе гады, звязаныя з лецішчам, згадваюцца светла, сонечна. Вакол шмат кветак, асабліва ружаў. Адчуваецца прастора, глыбіня нябёсаў, спакойны шум блізкага хвойнага лесу. Дыхаецца свабодна.

Напэўна, у кожным чалавечым жыцці сувязі, узаемадачыненні з бацькамі, братамі, сёстрамі, увогуле з роднымі, сваякамі адыгрываюць важную ролю. Ва ўсіх адносінах: у развіцці фізічным, духоўным, эмацыянальным. Духоўнае сталенне, душэўнае самапачуванне дзіцяці найперш абумоўлена ўмовамі сямейнага бытавання. Нармальнае пасталенне і сталенне ў гады юнацтва і ранняй маладосці зноў жа найбольш натуральна адбываецца ў сем’ях дружных, моцных, працавітых.

Я ўжо згадваў: сям’я ў нас, у маіх бацькоў, была вялікая. Пяцёра дзяцей - хлопцаў. Лёс склаўся па-рознаму. Самы меншы Пеця памёр у часы нямецкай акупацыі. Яшчэ ў Польшы - у Грэдэлях. Запаленне лёгкіх. Старэйшы Коля загінуў ад маланкі. Пас каровы. Навальніцы ў першыя пасляваенныя гады былі страшныя. Я іх баяўся вельмі. Брат сярэдні Грыша, на год маладзейшы за мяне, вырас у Бербашах. Тут жаніўся. Працаваў шафёрам. Часта заязджаў да нас у Мінск. У бацькоў быў галоўны памочнік. Відаць, самы любімы сынок. Пабудаваў дом, побач з халупай бацькоў. Нарадзіліся два сыны - Юрый і Андрэй. Сёння якраз яны, мае пляменнікі, з дзядзем Сімам падтрымліваюць сувязі - наведваюць, тэлефануюць. Іх бацька пакінуў іх рана. Памёр неяк нечакана, ды і неяк недарэчна ці што. Ехаў на машыне, вёз збожжа. Дзесьці за кіламетры два ад вёскі спыніўся. Пайшоў па патрэбе ў лес. Праз пэўны час жанчыны, якія ехалі з ім, занепакоіліся. Пайшлі шукаць. Ён быў мёртвы. Сувязь з Бербашамі, з маёй другой малой радзімай, аслабела. Хаця прыязджалі да нас і старэйшы брат, і бацькі. Бацькі часцей прыязджалі зімою: летам трэба было штосьці па гаспадарцы рабіць. Але час ішоў, проста імчаў. Незаўважна бацькі пастарэлі. Бацька неяк у апошнія свае гады махнуў на ўсё рукою. Аслабеў, больш ляжаў. Цікавасць да ўсяго, што навокал дзеецца, знікла. Час ад часу прасіў у маці, каб схадзіла ў суседнюю вёску ў магазін купіла пляшку віна. Маці, хоць і сама ўжо старая была, хоць увесь час сварылася з бацькам за гэтую выпіўку, збіралася і ішла. Купляла гэтае віно. Што зробіш - хворы. Шкода. Памёр бацька ў 1982 годзе, не дажыўшы да 80 гадоў аднаго года. Маці, пасля смерці бацькі, усё больш пачала слабець, губляць цікавасць да сваёй гаспадаркі. Нейкі час жыла ў сваіх Бербашах. Пачалі чапляцца розныя хваробы. Прыязджала да нас у Мінск. Праз нейкі час пагадзілася пераехаць да нас назусім. Жылося маці ў нас, як разумею сёння, не зусім хораша. То быў не той свет, у якім праляцелі яе немалыя папярэднія гады. У кватэры быццам усё нармальна: быў выдзелены асобны невялікі пакойчык. Якраз перад гэтым я атрымаў ад Саюза пісьменнікаў чатырохпакаёвую кватэру. Тут мне пашанцавала: былі то ці не апошнія кватэры, якія выдзяляў Саюз пісьменнікаў. Далей для творцаў слова наступяць іншыя, далёка не лепшыя часы. Сёння, як паглядзіш, ніхто не клапоціцца пра самога пісьменніка, а не толькі пра яго родных.