Выбрать главу

Праўда, як вядома, шчасце чалавека не вымяраецца пакойчыкам. Маці не адчувала вясковага прастору, далучанасці да навакольнай прыроды. Ні жадання, ні магчымасці штосьці рабіць не было. Адна ў хаце. Здароўе горшала і горшала. Праз нейкі час не магла ўжо хадзіць. Здарылася так, што памірала маці, калі дома быў я адзін. Божа! Дай ёй супакаенне на тым свеце. Памерла ў 1998 годзе, памерла на дзевяностым годзе жыцця. Пахавалі ў Бербашах. Магіла побач з магілаю бацькі. Радзімай усё ж лічылі, асабліва маці, Бельшчыну. Адбылося гэта - смерць і пахаванне маці - ужо ў паслявыдавецкія гады майго жыцця.

Вяртаючыся да папярэдніх гадоў жыцця, гадоў, звязаных з выдавецкай працай, хочацца колькі слоў сказаць і пра тое, як праходзіў час у дні адпачынкаў, якія ўзаемадачыненні панавалі ў пісьменніцкім асяроддзі, якая атмасфера была там. Знаходзячыся ў рамках Саюза, пісьменнікі Беларусі маглі адпачываць у санаторыях, дамах адпачынку творчага тыпу і за межамі рэспублікі. Чытаючы мемуары, дзённікавыя запісы, лісты літаратараў, чыё творчае жыццё праходзіла яшчэ ў ранейшыя гады, яшчэ тыя - савецкія, нельга не здзіўляцца, якія сацыяльна-бытавыя ўмовы для творчасці і адпачынку былі ў іх. Пісьменнік меў права і магчымасць адпачываць у дамах творчасці Крыма, Прыбалтыкі, Падмаскоўя, у сваіх беларускіх. Там панавала атмасфера шчырасці, творчага ўзаемаразумення, творчага ўздыму. Колькі выдатных твораў было напісана ў тых спрыяльных для душы ўмовах, колькі творчых задум выспелена і рэалізавана. Чытаеш асабістыя сведчанні творцаў пра іх творчыя светлыя часіны, пра тыя мясціны, дзе жыццё і творчасць мелі змест і сэнс, - і па-добраму зайздросціш, смуткуеш і шкадуеш. Ды ці толькі дамы творчасці, санаторыі, дамы адпачынку. Саюз пісьменнікаў меў сваю паліклініку. А Дом літаратара? Дзе ўсё гэта? Што там? Хто ведае... А Дом жа літаратара - гэта ж быў адзін з цэнтраў нацыянальнай культуры, нацыянальнага духоўнага жыцця. Там жа была багатая бібліятэка нацыянальнай літаратуры. Дзе яна? Няма такой сёння. А гэта ж было ў часы, калі мы яшчэ не мелі сваёй дзяржавы. Сёння мы яе маем, беларускую. На жаль, у сённяшняй нашай Рэспубліцы Беларусь менш той беларускасці, чым у той рэспубліцы, якая была ў складзе вялікай дзяржавы СССР. А ўвагі сёння да духоўнага развіцця нацыі, да развіцця беларускай культуры вельмі і вельмі мала. Такое адчуванне. Пэўнай палітычна-ідэалагічнай праграмы такога зместу няма. Пра яе не чуваць. І тут пануе рынак. Па сутнасці, той жа Дом літаратара стаў рынкавым аб’ектам. А былі ж часы, калі там пастаянна наладжваліся творчыя вечарыны, гучала мастацкае сло­ва, гуртавалася пісьменніцкая грамада. Праходзіла тут нямала і пісьменніцкіх пленумаў, семінараў, сходаў, сустрэч. Арганізоўвалася, мацавалася пісьменніцкая грамада, якая ядналася інтарэсамі і клопатамі агульнымі для народа і дзяржавы. І гэта - не інтарэсы, клопаты прыватныя, нярэдка групавыя: яны таксама былі. То быў саюз менавіта беларускіх пісьменнікаў - па духу, па зместу і характару творчасці, па мове. Для нацыі, якая няўпэўнена ішла па шляху свайго ідэнтыфікавання, гэта было так неабходна. І сёння працэс гэты працягваецца, але носьбітамі, творцамі яго з’яўляюцца асобныя пісьменнікі. Найбольш маладыя. І яны ў сваім нацыянальным самаўсведамленні, самасцвярджэнні больш ідуць не ад жывой, зямной, народнай асновы, а ад высноў разумовых, сканструяваных, ажыццяўляемых лагічна. Але добра, што хоць так. Можа гэта і дасць належны вынік. Увогуле ж кожнаму часу сваё і час творыць сябе. Гэты і агульны, і асобны для кожнага народа.