Выбрать главу

У Кракаве ў 1891 годзе быў выдадзены першы паэтычны зборнік пачынальніка новай беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча "Дудка беларуская", у прадмове да якога паэт заклікае (менавіта "заклікае", бо гэта і сёння гучыць надзённа): "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмерці".

На кракаўскай зямлі ў 1920 годзе знайшоў апошні прытулак паэт і змагар за нацыянальнае адраджэнне Беларусі Алесь Гарун, чыя творчасць толькі ў тыя гады пачала прыходзіць да беларускага чытача.

Пра гэта гаварыў я ў сваім выступленні на Сімпозіуме. Ды не толькі. Галоўным было - агульная сітуацыя з нашай культурнай спадчынай. Здарылася так, што ў гісторыі народа цэлыя стагоддзі, дзесяцігоддзі пазначаны нацыянальным прыгнётам і падаўленнем, заняпадам нацыянальнага духоўнага, культурнага жыцця. Час ад часу (і адбывалася гэта не так рэдка) валы ваеннага нашэсця пракочваліся па нашай зямлі то з захаду на ўсход, то з усходу на захад, руйнуючы і спусташаючы і зямлю, і душы людзей. Кожны цягнуў народ наш на свой бок, разрываючы яго на часткі. Культурныя каштоўнасці аднымі вывозіліся на ўсход, другімі - на захад. Вывозіліся і там асядалі. Для свайго народа знікалі. Далей цытую: "Сённяшняе наша нацыянальнае адраджэнне - і свядомае, і стыхійнае, а то і проста інстынктыўнае. Ёсць імкненне, усвядомленае жаданне стварыць выразны нацыянальны вобраз на абломках з абломкаў. Для гэтага патрэбна глыбінная аснова і высокая мэта. Мэта ёсць. Аснова - гэта культурная спадчына ва ўсім сваім багацці і разнастайнасці. Нацыянальны арганізм патрабуе сёння духоўнага наталення якраз за кошт спадчыны. Яна ў нас ёсць. Але яна павінна быць даступна людзям, кожнаму чалавеку. Ён павінен хаця б ведаць пра ўсё багацце і разнастайнасць. Еўрапейская культура - гэта культура ўсіх яе нацыянальнасцяў. І нацыянальнае адраджэнне любога народу павінна стаць клопатам усёй суполкі еўрапейскіх народаў, адчуваць іх падтрымку".

Так думалася і бачылася тады. Прайшоў час. І сёння добра відаць, што сітуацыя ў краіне, калі і змянілася, то далёка не ў лепшы бок.

Але вернемся да Сімпозіума.

Як мне тады ўяўлялася, арганізацыя Сімпозіума была вышэй усялякіх пахвал. Дзелавітасць, арганізаванасць неяк натуральна спалучалася з уважлівасцю, добразычлівасцю гаспадароў. Дні стаялі цёплыя, пагодлівыя; было цёпла, але не горача. Дажджу за ўвесь час практычна не было. Горад цудоўны, дзесьці як бы таямнічы, засяроджаны ў сабе, але ўнутрана светлы, добры. Гараджане добразычлівыя, уважлівыя. Агульная атмасфера горада па-добраму неяк уплывала на тую атмасферу, у якой праходзіў Сімпозіум. На пасяджэннях (і пленарных, і дзвюх рабочых груп) спектр пытанняў, характар праблем, якія вылучаліся выступоўцамі, быў даволі шырокі і значны. Археалогія і архітэктура, жывапіс і скульптура, кнігі і архіўныя пісьмовыя матэрыялы, народная творчасць і мова, паркі і культурны ландшафт, культурная спадчына і сучасная экалагічная сітуацыя, культурная спадчына і тэхнічны прагрэс, захаванне і абарона культурнай спадчыны, абмен інфармацыяй, падрыхтоўка кадраў - пра ўсё гэта гаварылася і ў агульным плане і на падставе канкрэтных прыкладаў. Усё было цікава, хвалявала, бо ўсё гэта ў большасці выпадкаў мела непасрэднае дачыненне да нашай краіны.

Належная ўвага была аддадзена гэтаму маштабнаму мерапрыемству і ўладамі Польшчы, і іншых краін. Нямала было выступленняў міністраў, звязаных з культурай, выступалі прэм’ер-міністр Польшчы, віцэ-прэзідэнт ЗША Альберт Гор. Былі арганізаваны прыёмы на вышэйшым узроўні, экскурсіі. Наведалі Асвенцым. Гэта штосьці выключна жахлівае. Не верыцца, розум не прымае, сумленне не можа і катэгарычна не хоча дапусціць, што такое магчыма сярод людзей, што такое можа рабіць чалавек (а ці чалавек гэта?!) з чалавекам. Гэта штосьці д’ябальскае, прычым цывілізаванае д’ябальскае. Уражанне, хутчэй уздзеянне, усё тое, што там, у Асвенцыме, бачаць людзі, надоўга іх пазбаўляе весялосці, веры ў чалавека... Увогуле ўдзел у гэтым Сімпозіуме быў цікавы і карысны для мяне асабіста ў многіх адносінах. Я адчуў, зразумеў, як патрэбна ў такіх сітуацыях веданне замежных моў. Пабачыў, што самай вялікай увагай сярод іншых дэлегацый і дэлегатаў карысталіся дэлегацыі ЗША, Ватыкана і Ізраіля. Для мяне то было трохі нечакана. Але ж гэта было так. Адчуў, можа, больш, чым калі, як важна, проста неабходна, у пэўных умовах умець пераадолець унутраную скаванасць, прымусіць сябе адкінуць прэч адчуванне, быццам ты горшы ледзь не за ўсіх астатніх.