Выбрать главу

Яўген Гарадніцкі

І

Надышоў той час, той перыяд у тваім лёсе, калі ты жывеш у асноўным мінулым, а можа ў мінулым. Там ты жывеш сярод людзей, у пастаянным знешнім і ўнутраным кантакце з навакольным светам. Ён, свет той, твой. Бяры яго, шукай у ім сваё, душы патрэбнае. Асабліва ў дзяцінстве, у гады юнацкія. Сучаснасць жа ўжо, па сутнасці, не твая; дзень сённяшні не твой. Ты ім ужо дзесьці мала адпавядаеш. Грамадска-сацыяльныя сувязі, сяброўскія, таварыскія усё слабеюць і слабеюць. Будучыня?.. Не трэба быць наіўным.

А мінулае пастаянна як бы перажываецца нанова і па-новаму. Яно ўжо падаецца праверанае часам, у кантэксце асабістага лёсу, у плыні жыцця народа. Усё другараднае, нязначнае і неістотнае на тваёй жыццёвай дарозе, у тваім лёсе адмятаецца, знікае. Ты яго не помніш, яго не было. Мінулае часам, гадамі праверана і ачышчана. Найперш гэта датычыцца памяці эмацыянальнай, пачуццёвай. Бо гэтая памяць твая, асабістая, першасная. У аснове яе, у самым пачатку эмацыянальнае ўражанне, хваляванне, узрушэнне. Пазней яна можа пашырацца, паглыбляцца за кошт памяці іншых, памяці агульнанароднай, гістарычнай. Але гэта ўжо пазней, потым. А адразу, спачатку - тваё ўласнае, асабістае. Яно найбольш жывое, адчувальнае. Якраз гэтае мінулае найчасцей усплывае ў памяці, хвалюе. Здалёк, вельмі здалёк кліча, гукае.

Ранняе-ранняе дзяцінства. Я ляжу на пасцелі: толькі што прачнуўся. У акно свеціць асабліва яркае сонца. Сонечна. Цёпла, радасна. Як бы плаваеш у гэтай сонечнасці. Уставаць не хочацца. Ды ніхто і не патрабуе.

Яшчэ ўспамін з тых часоў. Вясна. За дарогай, насупраць хаты наш луг. Месцамі яшчэ блішчыць вада. Але паўсюль ужо цвіце лотаць. Шмат сонца. Жоўта-зялёная прыгажосць.

І яшчэ адзін успамін шчымліва ўсплывае ў памяці. Зноў жа ўспамін веснавы. Перад хатай каля хлява на захад - агромністая вярба. Поўна птушак - галкі, шпакі, вераб’і, сарокі, нават совы. Раніцай вярба ўся асветлена сонцам, птушкі пяюць, шчабечуць. Проста як бы боскае дрэва.

Гэта некалькі эмацыянальных яркіх малюнкаў, светлых і шчаслівых, самага ранняга дзяцінства, якія дзесьці вызначылі адносіны да жыцця, яго ўнутранае ўспрыманне.

Жыццё ж рэальнае ў сям’і было, здаецца, не такое ўжо сонечнае, ружовае. Зямлі, разам з пашай, сенажаццю, было не так і мала - дзесьці каля пятнаццаці гектараў. Конь быў, каровы, авечкі, свінні, куры. Нармальная серадняцкая гаспадарка. Зямлю трэба было апрацоўваць, гаспадарку даглядаць. Працаваць даводзілася рана, шмат і ўсім. Сям’я была немалая - пяць сыноў у бацькоў было. Рана навучыліся баранаваць, касіць, жаць, малаціць, каровы і авечкі пасвіць. Што цікава: на рэлігійныя святы і ў нядзелю ніхто ніколі не працаваў, нягледзячы ні на што. У той жа час на полі ніколі нічога не заставалася не ўбранага. Працавалі, што называецца, ад цямна да цямна. Было гэта, скажам шчыра, не надта прыемна. Мала калі хацелася з самой раніцы кароў выганяць: такі салодкі ранішні сон быў. А як спіна балела, калі даводзілася жаць сярпом... І ўсё тое было не якоесьці выключэнне. Так трэба было, так жылі ўсе ў вёсцы.

Бацькі - бацька Антон Мацвеевіч і маці Ганна Фёдараўна (дзявочае прозвішча Кадлубоўская) - у працы пярэдыху не мелі. Асабліва маці: трэба ж было дзяцей дагледзець, управіцца па гаспадарцы, бегчы на поле. Але што істотна: не было якойсьці забітасці, змардаванасці. Бацька амаль кожную нядзелю хадзіў у царкву: ён спяваў у царкоўным хоры. Спяваў добра. Часам браў мяне, і я сядзеў наверсе, там, дзе быў хор, і слухаў, слухаў. І не дакучала мне гэта. Бацька нядрэнна ўмеў чытаць. Зімовымі ці познеасеннімі вечарамі, прыходзілі суседзі, і ён чытаў уголас "Біблію". Слухалі ўважліва, абмяркоўвалі. Сваёй Бібліі не было, на нейкі час яе пазычалі ў таго, хто яе меў. Маці ледзь-ледзь умела чытаць, па складах, як кажуць. Але ў хаце было "Евангелле", і нярэдка яго можна было бачыць у руках маці. Была ўся яна засяроджаная і, штосьці шэпчучы, шавяліла губамі. Я не помню, каб маці хоць калі не рабіла што-небудзь, не завіхалася на двары ці ў хаце. Рэдкія былі гадзіны, калі ў святочны дзень жанчыны збіраліся дзе-небудзь на лавачцы пагаварыць, пасмяяцца. Але было тое. Восенню позняй і зімой жанчыны пралі кудзелю - лён, воўну. Збіраліся яны (дзве-тры) у чыёйсьці хаце і пралі, спявалі, расказвалі якіясьці гісторыі. Нярэдка сядзелі доўга - да гадзін дванаццаці.