Выбрать главу

Прайшоў час. А час шмат чаго сцірае з нашай памяці. Згадваю найбольш актыўныя гады маёй працы, гады маіх найбольш шырокіх кантактаў з іншымі людзьмі, наведвання іншых мясцін. І часцей за ўсё згадваю падзеі, людзей, справы, звязаныя з краем майго нараджэння — Польшчай. І сёння гэта працягваецца. Такое, відаць, шчаслівае наканаванне лёсу.

Такімі вось помняцца мне мае выдавецкія гады працы і жыцця.

"Освобождён от занимаемой должности в связи с окончанием срока действия трудового договора" - такі запіс 31.12.1997 года быў зроблены ў маёй "Працоўнай кніжцы" інспектарам па кадрах на падставе Загада Дзяржаўнага камітэта па друку Рэспублікі Беларусь. Так завяршылася мая шматгадовая праца. На ноце казённай, абыякавай. Дзесьці і так то ўжо быў завяршальны момант скарачэння, а дакладней чысткі выдавецтва. Праведзенай новым кіраўніцтвам Дзяржкамітэта па друку і актыўна падрыманай дырэктарам "Мастацкай літаратуры". Усё тое было невыпадкова. Бо трохі пазней (ці то і адначасова) пачаліся скарачэнні і іншага характару: скарачэнні праз аб'яднанні - рэдакцый, выдавецтваў, інстытутаў акадэмічных. І найбольш гэта закранула сферу беларушчыны - мова, літаратура, выданне, даследаванне. Так было далучана да "Мастацкай літаратуры" выдавецтва "Юнацтва", аб'яднаны акадэмічныя інстытуты літаратуры і мовы. Напэўна, то было звязана з унутраным, так бы мовіць, духоўным умацаваннем беларускай дзяржаўнасці. Што ў гэтым плане атрымалася і атрымоўваецца - добра відаць. Цешыць, што ўсё ж ужо ў 2015 годзе акадэмічныя інстытуты мовы і літаратуры раздзяліліся і набылі ранейшы статус.

Трохі пазней (у 2003 г.) у гутарцы з карэспандэнтам часопіса "Крыніца" Яўгенам Хвалеем пра тагачасныя змены ў выдавецкай сістэме я разважаў так: "Справа ў тым, што зараз усе спасылаюцца на рыначныя ўмовы. Умовы то рыначныя, але справа (выдавецкая - С.А.) дзяржаўная. І выдавецтва дзяржаўнае. Таму і трэба па-дзяржаўнаму падыходзіць да развіцця нацыянальнай літаратуры... Мы ж рухаемся зараз назад, у даваенны, пасляваенны час, калі ў рэспубліцы было адно дзяржаўнае выдавецтва "Беларусь". Дзяржаўнае выдавецтва - справа не прыватная... І не часовая мэтазгоднасць павінна ўсё вызначаць".

Ну, але гэта была агульная хваля дзяржаўнага стаўлення да нацыянальнага пытання. На гэтай хвалі быў вынесены і я з выдавецтва - казённа, бесцырымонна. І на ўзроўні Дзяржкамітэта, і на ўзроўні выда­вецтва. То быў стыль работы з кадрамі, што даволі паспяхова ўваходзіў у дзяржаўную практыку. Тым больш, што ў мінулым школа была выдатная, практыка багатая.

31 снежня 1997 года пайшоў я з выдавецтва канчаткова. І як супрацоўнік, ды і як аўтар, як выявілася праз гады. Усё быццам бы па закону: пенсійны ўзрост, кантрактнае пагадненне закончана. Але пайшоў абражаны, пакрыўджаны. І, здаецца, не тым, што пайшоў, а тым, як пайшоў. Столькі гадоў адпрацаваў - сумленна, аддана. Гэта не толькі я так лічу. Гэта адзначана кіраўніцтвам, дзяржавай, пра што я ўжо гаварыў раней. І што істотна: з боку пісьменніцкай грамадскасці, кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў выдавецтва заўсёды адчувала падтрымку, узаемаразуменне. Прычым з выдавецтва так быў адпраўлены не я адзін, так былі адпраўлены і іншыя супрацоўнікі. Тыя ж Рыгор Барадулін, Васіль Сёмуха... Тут ужо дзейнічала сістэма - сістэма адносін да кадраў, адносін наогул да чалавека.

Пачаўся новы, 1998 год. З'явілася, узнікла нейкае дзіўнае ўнутранае самаадчуванне. То адчуваў увесь час нейкую ўнутраную повязь са знешнім светам, сваю далучанасць да яго, нейкае сваё неабходнае месца ў ім.

І раптам усё перакрылася. Твой свет зменшыўся да свету сямейнага. Добра, што свет гэты быў здаровы, цэласны. І ён пашыраўся, узбагачаўся. Дочкі павыходзілі замуж. З'явіліся ўнукі - дзедава суцяшэнне і радасць. Старэйшая дачка і яе сям'я жылі ў сваёй кватэры. Меншая з намі. Маці мая зусім хворая была. Амаль зусім не ўставала. Малодшая дачка была цяжарная. Цяжарнасць праходзіла складана. Вось гэтая няпростая хатняя атмасфера забірала, па сутнасці, усю маю ўвагу, мае думкі і перажыванні.