Выбрать главу

На першым годзе майго паслявыдавецкага бытавання памерла маці. На 90-м годзе жыцця. У мяне на вачах: дома быў толькі я адзін. Паміраць не хацела, усёй істотай фізічна супраціўлялася. Бачыць усё гэта было жахліва. У маёй памяці - гэта самы балючы векапомны момант. Пахавалі маці ў нашых Бербашах, побач з бацькам. На доўгі час жыццё было парушана. У душы засталося, жыве пачуццё вінаватасці. Дзесьці не заўсёды была належная ўвага, душэўнае разуменне, шкадаванне. Праца, аднастайная мітуслівая штодзёншчына захоплівалі, падпарадкоўвалі чалавека поўнасцю. Але ўсё гэта - не апраўданне. Адчуванне віны засталося і сёння жыве ўва мне. Даруй, Госпадзі!

Бег часу не спыняўся. Жыццё агульнае ішло сваім шляхам. Яго адвечныя законы падпарадкоўвалі сабе, уцягвалі ў сваю плынь кожнага чалавека, любую жывую істоту. Ужо згадвалася - сям'я расла, пашыралася. Калі і раздзялялася, то ніяк не губляла сваіх цесных сямейных сувязяў. Яны і сёння, калі ўжо не адна, а тры ў нас сям'і, сувязі гэтыя, даволі, дзякуй Богу, цёплыя і цесныя. Тады ж склалася так, што мне давялося шмат займацца з унукамі, найперш з меншым, Алёшам. Пачалося яшчэ з калыскі. Ён прывык да мяне, гуляў ахвотна. Рэдка калі ўсчыняў дзеду скандалы. Няньчыўся з ім больш, чым у свой час з дачушкамі. Гэта, гульні з малым, догляд, давала мне сапраўдную радасць, унутранае задавальненне. Мае сумныя, хутчэй непрыемныя, успаміны, звязаныя з апошнімі гадамі выдавецкай працы, паступова адышлі ў мінулае. На доўгі час. Адышлі дзесьці далей праца, грамадска-літаратурныя справы, творчыя. Усё гэта выклікала алергічнае непрыманне. У такім нятворчым, далёкім ад жыцця грамадскага стане знаходзіўся я гады тры. Здзіўляюся, што так доўга. За ўвесь гэты час надрукаваў усяго некалькі артыкулаў. Не помню - шукаў я дзе працы ці не.

Аднак... 1 лістапада 2000 года па кантракце быў залічаны на адзін год на пасаду старшага навуковага супрацоўніка па аддзелу сучаснай беларускай літаратуры ў Інстытуце літаратуры Акадэміі навук. Кантракты, як звычайна зазначалася "па пагадненню бакоў", заключаліся і перазаключаліся кожны год, а то і па некалькі разоў на год. Апошняе звязана з тым, што дзесьці ўжо на пачатку 2006 года пачалося пераіменаванне-аб'яднанне (ці то наадварот - аб'яднанне-пераіменаванне) аддзелаў, інстытутаў. Закончыў працу ўжо ў Інстытуце мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы. Адпраўляў ужо новы дырэктар для Інстытута літаратуры, ранейшы для Інстытута мовы Лукашанец А.А. Ён займаўся навукова-кадравай "аптымізацыяй" інстытутаў. Было тое 31 снежня 2008 года. Як і пасля выдавецкіх гадоў, новая паласа майго жыццёвага лёсу зноў пачалася з чарговага новага года - 2009. Новы год, новы перыяд у тваім жыцці - унутрана ўсё гэта неяк супакойвала, арганізоўвала, настройвала на штосьці новае.

Вярнуўся я ў свой (так я яго адчуваў, усведамляў) Інстытут дзякуючы ўвазе, клопатам намесніка дырэктара, загадчыка аддзела сучаснай беларускай літаратуры Лаўшука Сцяпана Сцяпанавіча, доктара філалагічных навук, на сённяшні час - члена-карэспандэнта НАН Беларусі. З вяртаннем усё было не так і проста: трэба было шукаць адзінку навуковага супрацоўніка. Давялося выпрошваць у кіраўніцтве акадэмічным: у Інстытуце вакантных месцаў не было. Рабіў гэта намеснік дырэктара. Неабходнасць - праца над шматтомнай "Гісторыяй беларускай літаратуры ХХ ст."... Праўда, у сяго-таго ўзнікалі сумненні (і выказваліся яны вышэйшаму акадэмічнаму кіраўніцтву) наконт таго, ці зможа ён, гэта значыць я, на належным навуковым узроўні ўдзельнічаць у гэтай адказнай працы. Лаўшук С. С. узяў на сябе адказнасць за новага-старога супрацоўніка, паверыў у яго магчымасці, дамогся залічэння ў Інстытут, у свой аддзел. За што мая заўсёдная самая шчырая ўдзячнасць яму.

Увогуле Лаўшук і як кіраўнік аддзела, і як намеснік дырэктара (а яму часта даводзілася выконваць і абавязкі дырэктара) вылучаўся ўедлівасцю, працавітасцю, паважлівымі, душэўнымі адносінамі да супрацоўнікаў. Працавалася ў Інстытуце спакойна, ніхто цябе не тузаў.

Я быў адразу падключаны да напісання "Гісторыі беларускай літаратуры ХХ ст.". Стварэнне такой гісторыі было на той час асноўнай задачай навуковай дзейнасці Інстытута. Да напісання былі прыцягнуты супрацоўнікі некалькіх аддзелаў. Першы том з'явіўся у 2001 годзе. Прысвечаны ён быў літаратуры 1901-1920 гадоў. Другі том (літаратура 1921-1941 гадоў) быў надрукаваны ў 2002 годзе; трэці том (літаратура 1941­-1965 гадоў) - у тым жа 2002 годзе.