Выбрать главу

Калі я вярнуўся ў Інстытут, ішла актыўная падрыхтоўка 4-га тома, першай яго кнігі (1966-1985). Даручана было адразу зрабіць агульны раздзел, пры­свечаны прозе гэтых гадоў. Далі мне чарнавы варыянт гэтага раздзела, зроблены былым загадчыкам аддзела Дзюбайлам П.К. (памёр 24.1.1995 г.). Яго бачанне про­зы не зусім супадала з маім. Я папрасіў дазволу самастойна зрабіць свой раздзел. Дазволілі. Асаблівых цяжкасцяў я тут не адчуў. Канкрэтны літаратурны матэрыял, проза пазначаных гадоў, быў мне знаёмы яшчэ з давыдавецкіх гадоў маёй працы ў Інстытуце. Праз гады ён неяк у маім разуменні скампанаваўся, вызначыўся ў сваіх агульных праявах і канкрэтных якасных ацэнках. Трэба было нешта абнавіць у памяці, праверыць на тагачаснае эмацыянальнае ўспрыманне. Працавалася з задавальненнем, без якогасьці ўнутранага прымусу. Прайшоў пэўны час у развіцці нацыянальнай літаратуры. Той жа прозы. Якіясьці агульныя мастацкія тэндэнцыі развіваліся далей, іншыя адышлі з часам.

Для гэтага ж тома і гэтай кнігі мною быў напісаны таксама раздзел, прысвечаны творчасці Івана Пташнікава. Пра яго творчасць яшчэ ў ранейшыя інстытуцкія часы была напісана манаграфія "Чалавек на зямлі". Выйшла ў 1988 годзе ў выдавецтве "Мастацкая літаратура". То быў пісьменнік мой - па жыццёвай біяграфіі, успрыманні навакольнага свету; духоўны свет яго твораў быў мне блізкі ўнутрана. Свет, узноўлены, створаны ім, быў беларускі - у сваёй прыродзе, побыце, духоўным, эмацыянальным напаўненні, у сваёй цэласнасці і арганічнасці. Так лічыў я, калі пісаў кнігу.

Прайшоўшыя гады, новыя творы пісьменніка яшчэ больш узмацнілі такое разуменне яго творчасці. Такім чынам, новы мой прыход у Інстытут быў для мяне не дужа складаны, у нейкім сэнсэ ашчадны. І гэта было добра. Бо за той час, які быў аддадзены мною выдавецкай працы, у самім Інстытуце, у аддзеле, у самой навуковай атмасферы адбыліся нейкія змены. Інстытут структурна змяніўся - павялічылася колькасць аддзелаў. На жаль, было гэта не дужа доўга. Значныя змены адбыліся ў кадравай сістэме: колькасна пераважалі жанчыны. Маладыя, энергічныя, амбітныя. Але, можа, самае істотнае - гэта змены ў самым стылі выкладання - і вуснага, і асабліва пісьмовага навуковага матэрыялу: перанасычанасць новай, яшчэ як след не асвоенай тэрміналогіяй, складанасць сінтаксічных канструкцый, вольна-навуковы стыль пісьма. Неяк пры абмеркаванні адной планавай працы паспрабаваў сказаць пра гэта. Падтрымкі не знайшоў. Пазней зразумеў, што гэта стыль новай навуковай генерацыі. Хаця і сёння перакананы: гэты стыль запазычаны, ён не народжаны нашай тагачаснай літаратурнай практыкай - яе мастацкім узроўнем, філасофскім зместам, нацыянальнай адметнасцю.

Але вернемся да працы навукова-творчай. Як ужо зазначалася, 1 кніга 4-га тома "Гісторыі..." уключала ў сябе даследаванне нацыянальнай літаратуры 1966-1985 гадоў. Праўда, XX стагоддзе ў развіцці літаратуры гэтым перыядам не завяршалася. Якраз у канцы стагоддзя, у пераходныя гады ў новае стагоддзе літаратурны працэс быў асабліва актыўны, поўны мастацкіх пошукаў. У гэтым я пераканаўся, калі было даручана пісаць абагульняльны раздзел, прысвечаны прозе 1986-2000 гадоў. Пісаўся гэты раздзел, з аднаго боку, лёгка, цікава, з другога - патрабаваў творчых намаганняў, дадатковай працы. Творчы перыяд 1986-2000 гадоў быў багаты, поўны пошукаў новых жыццёвых тэм і ідэй, адкрыццяў новых пластоў рэчаіснасці гістарычнай і сучаснай, найперш раней забароненых, недаступных для даследаванняў. Менавіта ў гэтыя гады па-новаму заявіў пра сябе Васіль Быкаў, па-маладому натхнёна працавалі старэйшыя празаікі: Янка Брыль і Іван Шамякін; актыўна, адказна тварылі іх маладзейшыя таварышы па цэху: Іван Пташнікаў, Вячаслаў Адамчык, Барыс Сачанка, Іван Чыгрынаў... Увогуле, мне здаецца, што гэта быў перыяд у развіцці нацыянальнай літаратуры самы паспяховы - і на новыя творы, і на новыя імёны. Імёны, творы. Знаёмыя, новыя. Іх было багата. Яны былі розныя. Было пра каго і пра што пісаць. Усё гэта трэба было неяк аб'яднаць, упарадкаваць. І тут галоўным было жыццё, час, яго духоўная атмасфера. Якраз гэтым, жыццём і часам, у першую чаргу аб'ядноўваліся багатыя тагачасныя набыткі прозы. Найперш вылучаліся моманты змястоўныя, ідэйна-тэматычныя. Складаней, цяжэй было з момантамі духоўна-эмацыянальнымі і эстэтычнымі. Зноў жа ў гэтым напрамку вельмі пажадана, патрэбна было заўважыць, вылучыць і ў кожным творы (зразумела, значным), і ў кожнага творцы найперш нешта сваё, адметнае і разам з тым знайсці тое, што лучыць іх і з літаратурным нацыянальным працэсам, і з літаратурай гэтага часу. Такія задачы я перад сабою ставіў, так хацелася зрабіць гэты раздзел. Што атрымалася - меркаваць чытачу. Я асабіста зробленым не дужа задаволены.