Выбрать главу

Усе гэтыя артыкулы, непасрэдна звязаныя з аналізам, разглядам асобных кніг, твораў, унутрана лучацца агульнай для гісторыі нашай краіны, нашага народа праявай гісторыі. Гэта - бальшавіцка-сталінскі тэрор, як ён праявіўся ў нашай літаратуры. У 2-ім томе "Гісторыі..." - спробы аб'ектыўна паглядзець, што такое пакутліва-вынішчальныя 20-30-я гады ў гісторыі нашай літаратуры, у яе развіціі, які гэта правал. "Расстраляная літаратура" - жывыя прыклады таго духоўна-мастацкага багацця, што было ўжо, што загінула, тых вялікіх спадзяванняў і надзей, якім наканавана было здзейсніцца і якія згаслі, так і не разгарэўшыся па-сапраўднаму. Творы Янкі Брыля і Івана Пташнікава - сведчанні таго, як карная ўладная машына закранала ўсіх і ўсё, як адбілася ў жыцці і творчасці іх асабіста. Ян Скрыган, яго дзённік - непасрэдныя доказы таго, як выпадкова, абсурдна, жорстка дзейнічала дзяржаўная карная машына, як яна нявечыла, калечыла чалавечыя лёсы, які непазбыўна балючы след у душы чалавека ўсё гэта пакідала.

Гэта сёння (сакавік 2016 г.) так усё бачыцца, узаемазвязваецца. Тады ж кожны твор ацэньваўся сам па сабе. Была не проста цікавасць, было ўнутранае адчуванне абавязку выказаць свае адносіны да гэтых твораў, іх тагачасную патрэбу. А яны і сёння актуальныя. Асабліва калі паглядзець на пастаянныя публічныя спрэчкі пра ролю Сталіна ў гісторыі Расіі. Ды і Беларусі. Ухіл гэтых спрэчак - поўнае ўхваленне яго гістарычнай ролі.

І вось канкрэтныя прыклады дзейнасці гэтай асобы, што непасрэдна датычацца нашай нацыянальнай гісторыі. Знішчана нацыянальная літаратура - частка расстраляна, астатняя загнана ў кут. Пакалечаны творчыя лёсы тых, хто выжыў. Пакалечаны, разбураны сем'і, парушаны адвечны лад сваяцтва, сям'і, суседства. І гэта ў кожнай вёсцы, на кожнай вуліцы, у кожнай хаце. Раны, нанесеныя ў тыя часы, - гэта раны духоўныя, душэўныя, раны незагойныя. Для асобнага чалавека, для народа.

І ў інстытуцкія познія гады працы, і пасля (ужо ў гады сталапенсійныя), апрача артыкулаў, вышэй узгаданых, у перыядычных выданнях было надрукавана нямала і іншых літаратуразнаўча-крытычных матэрыялаў. Тут найперш хочацца сказаць пра артыкулы, прысвечаныя жыццю і творчасці Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Барыса Сачанкі, Янкі Сіпакова, Анатоля Кудраўца, Міколы Кусянкова. З асаблівым хваляваннем, светлымі ўспамінамі пісаў пра "Маю бібліятэку" Янкі Сіпакова. Усё (ці амаль усё), пра што ён пісаў, у многім знаёмае, блізкае духоўна. 30 сакавіка 2012 года я запісаў: "Чытаю "Маю бібліятэку" Янкі Сіпакова. Другую паліцу. Аўтографы. За кожным аўтографам бачыцца, адчуваецца яго аўтар. Як яго ўспрымае Сіпакоў. У той час. Тады. Узаемаадносіны з некаторымі з тых аўтараў з цягам часу, зразумела ж, памяняліся. Але бачыцца, адчуваецца толькі той настрой - настрой прыязнасці, дабрыні, захаплення. Увогуле Янка ўмеў радавацца жыццю, захапляцца прыгажосцю жыцця. У яго няма ні кроплі непрыязні, нянавісці, злосці да кагосьці. Дабрыня і прыгажосць - галоўнае для яго ў жыцці". Сіпакова ўжо не было ў жывых: памёр ён 10 сакавіка 2011 года. Памёр неяк нечакана. Бо ён ніколі асабліва не скардзіўся на якіясьці хваробы. Наадварот - заўсёды падбадзёрваў мяне: хадзі больш, дружа. Жыццёвы круг звузіўся яшчэ больш. Першы раз я адчуў такое пасля смерці Варлена Бечыка, пазней - Барыса Сачанкі. І вось - Янка Сіпакоў. То былі жывыя крыніцы, якія лучылі са светам. Знікаюць крыніцы - блякне, уціскаецца свет.

Пра некаторых аўтараў (І. Мележа, Я. Брыля, І. Пташнікава, Ул. Караткевіча, Б. Сачанку), чыя творчасць духоўна асабліва блізкая мне, эмацыянальна сугучная майму ўспрыманню свету і чалавека, даводзілася пісаць па некалькі разоў. Асабліва ў новым часе. Неабходнасць такіх зваротаў, па-першае, тоіцца ў ідэйна-мастацкай глыбіні іх творчасці, невычарпальнасці, па-другое - у часе. Праверка часам для літаратуры самая сур'ёзная і адказная. Менавіта гэтым я кіраваўся (ва ўсякім разе імкнуўся кіравацца), паўторна звяртаючыся да творчасці таго ці іншага аўтара. Не трэба забывацца і на тое, што час уплывае і на нас, у дадзеным выпадку і на мяне.

Добра згадваецца: пачатак новага стагоддзя ў інстытуцкім жыцці вылучаўся асаблівай актыўнасцю, літаратурна-навуковым ажыўленнем. Працавалася з задавальненнем. Былі не толькі планавыя заданні, падрыхтоўка раздзелаў для "Гісторыі...", іх варыянтаў для часопісных публікацый, але і шмат працы, непасрэдна як бы не звязанай з выкананнем навукова-даследчых заданняў. Не раз даводзілася выступаць з дакладамі на рознага ўзроўню навуковых канферэнцыях. Матэрыялы іх потым друкаваліся. Прымаў удзел у юбілейных вечарынах, прысвечаных жыццю і творчасці Івана Мележа, Барыса Сачанкі, Юльяна Сяргеевіча Пшыркова, майго настаўніка. Пазнаёміўся з тэлебачаннем, радыё: прымаў удзел у перадачах, прысвечаных адпаведна Івану Мележу і Івану Пташнікаву. А колькі даводзілася ўдзельнічаць у абмеркаванні планавых інстытуцкіх прац, дысертацый, рэцэнзаваць рознага характару матэрыялы, дасланыя збоку - падручнікі, дапаможнікі па беларускай літаратуры, праграмы. Усё гэта ніколькі не стамляла, не надакучала. Наадварот, рабіла жыццё больш актыўным, надавала яму запатрабаванасць. На жаль, было гэта да ўз'яднання інстытутаў.