Выбрать главу

У канцы XX стагоддзя склаліся былі добрыя адносіны з выдавецкім кніжным праектам "Беларускі кнігазбор", заснаваным у 1996 годзе. Яго заснавальнікам і нязменным кіраўніком на працягу вось ужо двух дзесяцігоддзяў з'яўляецца Кастусь Цвірка. Менавіта дзякуючы яго клопатам і намаганням была ў Інстытуце літаратуры распрацавана серыя "Беларускі кнігазбор". Яе план-каталог складаўся з дзвюх частак: серыя першая - Мастацкая літаратура, серыя другая - Гісторыка-літаратурныя помнікі. У невялікім звароце да чытача, змешчаным у першым томе серыі (Ян Чачот. Выбраныя творы), зазначалася, што гэта "першая кніга залатой бібліятэкі Беларусі, унікальнага шматтомнага выдання ўсяго лепшага, усяго самага важнага, што было створана на беларускай зямлі з пачатку пісьменства і да нашых дзён". Прайшло два дзесяцігоддзі. З'явілася добрая сотня кніг гэтай серыі. І можна пэўна сцвярджаць, што гэта лепшы выдавецкі праект за ўсю гісторыю нацыянальнага кнігавыдання. І па адборы літаратурнага матэрыялу (тэкстаў), і па тэксталагічнай падрыхтоўцы. Шкада і крыўдна, што гэты праект, такі праект ажыццяўляецца і без дзяржаўнай увагі, і без належнай дзяржаўнай падтрымкі.

Помніцца, яшчэ ў выдавецкія гады Кастусь Цвірка заходзіў да мяне параіцца адносна праекта. Здзіўляла грунтоўнасць падрыхтоўкі, апантанасць гэтаю справаю.

З прыемнасцю я атрымаў першую кнігу выдання з дарчым надпісам галоўнага рэдактара праекта і ўкладальніка тома, аўтара прадмовы да яго і каментару: "Шаноўнаму Серафіму Андраюку - са шчырай падзякай за падтрымку ў выданні першай кнігі гэтай серыі. 16.10.1996. К. Цвірка". Праўда, зараз я не помню, у чым была тая падтрымка і ці была яна. Тады ж адразу я быў уключаны і ў рэдакцыйную раду выдання.

У 1999 годзе ўпершыню я прыняў непасрэдны ўдзел у ажыццяўленні гэтага праекта. Мною была напісана прадмова да кнігі выбраных твораў Янкі Брыля "Запаветнае", што з'явілася ў гэтай серыі. Прыемна, што зроблена гэта было па прапанове самога аўтара. Том гэты ў мяне з дарчым надпісам Янкі Брыля: "Дарагі Серафім Антонавіч, вельмі прыемна яшчэ раз падзякаваць Вам і пажадаць усяго найлепшага. 8.12.99". Подпіс.

Пазней у розныя гады для гэтай серыі мною быў падрыхтаваны (укладанне, прадмова, каментар) яшчэ шэраг кніг: Іван Мележ. Выбраныя творы (2001); Кандрат Крапіва. Выбраныя творы (2008); Цішка Гартны. Выбраныя творы (2012); Аляксей Кулакоўскі. Выбра­ныя творы (2014); Мікола Лупсякоў. Выбраныя творы (2014).

Прызнаюся, што працаваў над гэтымі кнігамі я з задавальненнем. Творчасць усіх гэтых аўтараў, за выключэннем хіба што Цішкі Гартнага, была мне нядрэнна знаёмая. Не адзін раз пісаў пра іх. Відаць, асабліва грунтоўна мне давялося ў свой час знаёміцца з творчасцю Івана Мележа, пісаць пра яго творчасць. Але наступілі новыя часы, нямала чаго змянілася ў грамадска-сацыяльных умовах, у духоўнай атмасферы. У літаратурным жыцці запанавала нейкая няўстойлівасць, стракатасць у літаратурнай нацыянальнай атмасферы, разрэджанасць яе. І для мяне самога было цікава паглядзець, на сабе праверыць, як успрымаецца, чытаецца творчасць розных мінулых часоў на пачатку XXI стагоддзя, у новым часе. Тым больш, што было жаданне, патрэба паглядзець на творчасць пісьменніка, яго асобу ў вызначальных творчых і чыста чалавечых якасцях.

У Івана Мележа і Янкі Брыля, як і раней, уражвала нейкае светлае ўспрыманне свету. У кожнага сваё, па-мастацку адметнае. У лёсе і творчасці Цішкі Гартнага і Кандрата Крапівы адчуваецца моцная залежнасць ад свайго часу, уплыў, непасрэднае ўздзеянне часу. Асабліва моцна, непасрэдна адбіўся час на жыцці і творчасці Гартнага. Час нарадзіў, сфармаваў яго як асобу, творцу, час згубіў яго і як творцу, і як чалавека. Гэта так, такі быў час. Трагічны ў сваёй бурнай зменлівасці. Моцная залежнасць ад свайго часу бачыцца і ў творчасці Кандрата Крапівы. Бачыцца гэта ў тым, што многія творы гэтага таленавітага пісьменніка засталіся ў мінулым са сваім часам. Як яго сведкі. Хоць і таленавітыя. Аляксей Кулакоўскі моцны быў ва ўзнаўленні вясковага побыту свайго часу, вясковай стыхіі. Шкада, што ў пэўны час быў прыглушаны ў яго творчасці сатырычны струмень, арганічны для яго.