Выбрать главу

Не адразу трапіў у "Беларускі кнігазбор", дарэчы, як і ў "Гісторыю беларускай літаратуры XX ст.", Мікола Лупсякоў. Чалавек ён быў незвычайны. Заўзяты рыбак, нястомны вандроўнік. Мог знікаць з Мінска на месяц, на два. Затое заўсёды прывозіў новыя творы, якія, як пісаў Барыс Сачанка, "пахлі зямлёю, рачною вадою, усім разнатраўем нашых лугоў і палёў". Быў ён як пісьменнік няроўны. Але лепшыя яго творы пранізаны чыстай любоўю да чалавека і да роднай прыроды. За гэтую кнігу ў мяне радасць асаблівая. Бо то шчырае, светлае слова пра нашу прыроду і нашага чалавека.

Вось гэтыя кнігі "Беларускага кнігазбору", да з'яўлення якіх я меў пэўнае дачыненне, - асаблівая старонка ў маёй творчай працы. Яны, асабліва апошнія тры, зробленыя ў гады канчатковага выхаду на пенсію, неяк згладжвалі маю аднастайную штодзённасць. За гэта я шчыра ўдзячны Кастусю Цвірку. Адзін раз мне давялося займацца ўкладаннем кнігі і пісаць да яе прадмову - дзесьці як бы ствараць кнігу. То быў зборнік "Апавяданні пра Вялікую Айчынную" (1985 г.). І сёння, калі б давялося рабіць кнігу такога зместу і такога прызначэння, я, відаць, пакінуў бы ўсё без змен.

Прадмовы да тых ці іншых кніг даводзілася пісаць часцей. Нярэдка грунтоўныя, датычныя ўсёй творчасці пісьменніка. Тут бы назваў прадмовы да збораў твораў і выбраных твораў Аляксея Кулакоўскага, Івана Пташнікава, Барыса Сачанкі, Янкі Сіпакова, Анатоля Кудраўца. У ранейшыя гады, у ХХ стагоддзі, такія артыкулы ўключаліся ў мае асабістыя зборнікі літаратурна-крытычных артыкулаў. Іх з'явілася тры: "Вывяраючы жыццём" (1976 г.), "Жыць чалавекам" (1983 г.), "Пісьменнікі. Кнігі" (1997 г.). Працы манаграфічнага характару, якія выйшлі асобнымі кнігамі, я ўжо называў: "Жыццё. Літаратура. Героі" (1973 г.), "Традыцыі і сучаснасць" (1981 г.), "Чалавек на зямлі" (1988 г.).

Не ўсе навуковыя працы мае, як і іншых навукоўцаў, абавязкова выходзілі асобнымі кнігамі. Пашырана была практыка калектыўных даследаванняў. Пазней - калектыўных праблемных выданняў. Так, першая мая навуковая праца "Апавяданне пасляваеннага часу" было надрукавана ў кнізе "Беларуская савецкая проза. Апавяданне і нарыс" (1971 г.); праца, прысвечаная даследаванню стылю Івана Мележа ("Іван Мележ") і ўступны раздзел "Да пытання аб індывідуальным стылі пісьменніка" былі змешчаны ў кнізе "Стыль пісьменніка" (1974 г.). У кнізе "Беларуская літаратура. Дзень сённяшні" (1980 г.) надрукавана мая праца "Проза. Духоўны свет чалавека". У пачатку 2006 г. у калектыўнай працы "Вытокі мужнасці спасцігаючы" змешчаны і мой раздзел "Вялікая Айчынная вайна і мастацкі вопыт "філалагічнага пакалення"". I ўжо ў 2008 годзе ў калектыўнай працы "Сучасная літаратура. Каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку" - раздзел С.А. Андраюка "Творчы лёс і час".

I ў ранейшыя часы працы ў Інстытуце, і ў пазнейшыя, ужо паслявыдавецкія, нямала даводзілася друкавацца. Аглядныя артыкулы, артыкулы па якойсьці літаратурнай праблеме, прысвечаныя разгляду творчасці таго або іншага пісьменніка - іх было нямала. А колькі было надрукавана рэцэнзій на асобныя творы... Раней, яшчэ да выдавецкай працы, нямала даводзілася пісаць выдавецкіх рэцэнзій на рукапісы твораў. Пісаў шмат і для розных энцыклапедычных выданняў.

Згадваецца выпадак ужо з новых часоў. У 2005­-2007 гадах выдавецтва "Беларуская навука" падрыхтавала і выпусціла ў трох тамах своеасаблівы энцыклапедычны навуковы зборнік, прысвечаны сучаснай (другая палова ХХ ст.) Беларусі. Тамы былі вялікія. Закраналіся (асвятляліся) розныя сферы жыцця рэспублікі. Час, пра які ішла гаворка ў гэтым салідным выданні, быў складаны, багаты на падзеі, факты самага рознага характару, зместу. Далёка не адназначныя. Мне было прапанавана зрабіць (напісаць) артыкул пра беларускую прозу гэтага перыяду. Былі ў мяне ўжо немалыя напрацоўкі, таму я згадзіўся. Артыкул мусіў быць абагульняльнага характару, дзе б выяўляліся, акрэсліваліся галоўныя тэндэнцыі літаратурнага працэсу акрэсленага часу, названы найбольш значныя творцы і творы ў гэтыя гады. Я так разумеў асноўную сваю задачу - так і зрабіў. Праз нейкі час узнікла патрэба ў складальнікаў і выдаўцоў выдаць трохтомнік на рускай мове. Артыкул быў перакладзены на рускую мову. Здадзены. На гэты раз складальнікі і выдаўцы гэтай вялікай працы артыкулы пра літаратуру (пра артыкулы іншага зместу нічога не магу сказаць) аддалі на рэцэнзію. Праз нейкі час пазнаёмілі з рэцэнзіяй. Яна непрыемна ўразіла. Не зместам, не ацэнкай артыкула па сутнасці яго. А тым, што раней называлася ідэйна-палітычнымі заўвагамі. Адразу ўзгадаліся старыя "добрыя" часы. I ў маім артыкуле, і ў артыкуле Любы Гарэлік, прысвечаным беларускай паэзіі гэтых гадоў, рэцэнзент убачыў праявы нацыяналізму. У чым - не гаварылася. Было абвінавачанне. Была прапанова аддаць належную ўвагу пісьменнікам рускамоўным. Хто аўтар рэцэнзіі, не сказалі. Так, даходзілі чуткі, што гэта адзін з членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі. Таго, якім кіраваў і кіруе Мікалай Чаргінец. Усё гэта можа падацца не такім ужо і сур'ёзным. Але маючы ў такіх абвінавачаннях вопыт папярэдніх гадоў, падумалася, што, калі нават у новых умовах такія абвінавачанні робяцца, то, ой не хутка дойдзем мы да Беларусі: сочаць пільна.