Выбрать главу

Ну, але то як бы адхіленне ў размове пра справы мае непасрэдна літаратурна-крытычныя. Быццам нямала пісаў, друкаваўся ў перыядычных выданнях. Нямала публікацый было не аднадзённага зместу. Артыкулы, прысвечаныя даследаванню беларускай прозы канца ХХ - пачатку ХХІ стагоддзя, артыкулы, прысвечаныя жыццю і творчасці многіх таленавітых пісьменнікаў - усё гэта, як мне падавалася тады, у час напісання (і сёння лічу так) - разлічана не толькі на разавае тагачаснае выкарыстанне. Так, то была патрэба таго часу. Дакладней, маё разуменне, адчуванне тагачаснае асобных твораў, творцаў. Актуальных на той час. Хаця, калі строга падыходзіць, то таленавітае заўсёды актуальнае. I якраз хацелася выявіць гэта ў творах.

Творы, творчасць пісьменніка я ацэньваў па іх эмацыянальным уражанні. А гэта найперш эмацыянальная насычанасць слова ў моўным кантэксце. Арганічнасць сэнсавая і эмацыянальная гучання фразы. I можа не так самой па сабе, як у самім тэксце. Зноў жа ўсё гэта істотна не само сабе, як у самім тэксце. Гэтыя моманты, элементы мастацкасці вылучаюцца пазней. Адразу ж ты чытаеш, каб адчуць і ўведаць. Наталіць прагу, уласцівую кожнаму чалавеку, прагу перажывання і пазнання. Бывае такое тады, калі трапляеш у якісьці новы для цябе свет, свет цэласны, арганічны ў сваіх праяўленнях, жывы. Ты ўваходзіш у гэты свет, прымаеш яго, пачынаеш у ім жыць.

Так я разумеў, адчуваў літаратуру. Так яна ўваходзіла ў мяне, станавілася неад'емнай часткай, выключна арганічнай, майго свету. Менавіта пра гэта я імкнуўся пісаць і пісаў, пра гэты свет сваёй душы, сфармаваны, народжаны шмат у чым мастацкай літаратурай, імкнуўся выказаць у сваіх артыкулах, даследаваннях. То была мая мэта крытыка, літаратуразнаўца. Што атрымлівалася і атрымалася, урэшце не мне судзіць. Хаця адчуванне таго, што напісана горш, што лепш, было. Магу адно сказаць, што за ўвесь час, як я пішу, я не помню якіхсьці адмоўных ацэнак зробленага мною. Былі якіясьці крытычныя закіды па нейкіх прыватных пытаннях, творах. Помніцца станоўчае. У свой час яно было з той ці іншай нагоды выказана Іванам Мележам, Міхасём Мушынскім, Дзмітрыем Бугаёвым, Юльянам Сяргеевічам Пшырковым, Міхасём Ярошам, Міхасём Тычынам, Яўгенам Лецкам, Таццянай Шамякінай, Аляксеем Рагулем, Яўгенам Гарадніцкім, Алесем Марціновічам, Веранікай Стральцовай... Праўда, быў выпадак, калі я атрымаў крытычныя заўвагі (а можа заўвагі нязгоды) з боку Алены Васілевіч. Датычылася гэта аповесці Янкі Сіпакова "Жанчына сярод мужчын". Ды і то да гэтага артыкула пра аповесць "Разбурэнне словам" быў прыкладзены як бы падзагаловак "Суб'ектыўныя заўвагі чытача".

Да чаго я ўсё гэта кажу?

Апошняя мая кніга літаратурна-крытычных артыкулаў выйшла ў 1997 годзе. У апошні год маёй выдавецкай працы. Пасля таго не было ніякіх асобных маіх выданняў: ні манаграфічных прац, ні зборнікаў. Былі кніжныя публікацыі ў "Гісторыі...", пра што згадвалася раней, а таксама ў калектыўных зборніках. Хаця ў перыядычных выданнях, найперш у часопісе "Полы­мя", друкаваўся пастаянна. І да гэтага часу друкуюся.

І вось пад канец першага дзесяцігоддзя ўжо новага веку ўзнікла жаданне выдаць лепшыя артыкулы асобнай кнігай. Кніга мне ўяўлялася цэласнай. Яна ўключала шаснаццаць артыкулаў, прысвечаных жыццю і творчасці пісьменнікаў, пераважна празаікаў, розных творчых пакаленняў (Кандрат Крапіва, Янка Брыль, Іван Мележ, Васіль Быкаў, Іван Пташнікаў, Анатоль Кудравец, Васіль Гігевіч і інш.), а таксама адзін артыкул абагульняльнага характару, прысвечаны прозе апошніх амаль сарака гадоў XX стагоддзя. Як мне ўяўлялася, кніга давала даволі цэласнае ўяўленне адносна літаратурнага працэсу (найперш, як ён выявіўся ў прозе) аднаго з самых складаных перыядаў нашай гісторыі. Артыкулы манаграфічна-нарыснага зместу насычаны канкрэтным жывым літаратурным матэрыялам, зроблены тэарытычныя высновы. У сваю чаргу артыкул абагульняльнага зместу як бы выяўляў месца і ролю асобнага пісьменніка, яго творчасці, твораў у агульным літаратурным працэсе таго часу.