Выбрать главу

Зразумела ж, рыхтаваў я рукапіс, папярэдне правёўшы перамовы з выдаўцамі. А калі дакладна, то меў я перамовы з галоўным рэдактарам роднай мне "Мас­тацкай літаратуры" Віктарам Шніпам. Быў атрыманы дазвол: прыносьце. Я аднёс рукапіс, аддаў галоўнаму рэдактару. Да дырэктара не заходзіў. Галоўнага рэдактара я ведаў лепш. Яго паэтычнае пасталенне ішло праз "Мастацкую літаратуру". Помню, было гэта, здаецца, дзесьці напачатку 80-х гадоў, зайшоў да мяне Рыгор Барадулін з маладым хлопцам. Падалося, юна­ком. Быў той няўпэўнены якісьці, як бы баязлівы. Вочы неяк бегалі, быццам не было позірку ўстойлівага, пэўнага. Запомніўся. У пазнейшыя гады ў сваёй творчасці ўвесь час заўважаўся. Прызнаюся, яго прызначэнне на пасаду галоўнага рэдактара выдавецтва было для мяне нечаканым. Тым больш пры далёкім ад беларускай літаратуры дырэктары. Але працуе. I даўно ўжо працуе, пры другім дырэктары. А дырэктар - з выбраных.

Дык вось, рукапіс я аддаў галоўнаму рэдактару. Спадзеючыся, што ўсё будзе як трэба. Але, як кажуць, спадзяванка-цацанка... Не, спачатку ўсё ішло быццам нармальна.

Кніга была ўключана ў тэматычны план выданняў. Так мне было сказана. Прайшоў немалы час. Падумаў: зайду - пацікаўлюся. Тым больш, што ісці недалёка: выдавецтва за ракою. Пайшоў. У самім будынку, на паверсе, дзе выдавецтва роднае, усё як і ў ранейшыя часы, адчуваю трошкі хваляванне. Галоўны рэдактар быў на месцы. Заходжу. Шніп якісьці разгублена-незадаволены: мой прыход для яго непрыемны і нечаканы. Усё высветлілася амаль адразу. Не паспеў я папытаць, ці ўключана мая кніга ва ўдакладнены план выданняў на наступны год, як атрымаў адказ: выключана. Чаму? Маўляў, Мікалай Іванавіч загадаў.

Мікалай Іванавіч - гэта Чаргінец, старшыня прапрэзідэнцкага Саюза пісьменнікаў Беларусі. Як усё роўна вядро памыяў смярдзючых на галаву вылілі. Больш ніякіх тлумачэнняў. Забраў я рукапіс і пайшоў. Выпытваць, што і як не стаў. Пайшоў пакрыўджаны, абражаны. І не так тым, што кнігу выключылі з удакладненага плана, як тым, як гэта было зроблена - па-хамску, бесцырымонна. Я працаваў у выдавецтве, доўга працаваў. Даводзілася вырашаць самыя розныя (у тым ліку і такога зместу) пытанні. І я не помню, каб іх вось так бесцырымонна мог вырашаць дырэктар выдавецтва, галоўны рэдактар ці тым больш хтосьці з кіраўнікаў Саюза пісьменнікаў. А былі яны тады заслужаныя, аўтарытэтныя. Існавалі рэцэнзенты, рэдкалегіі. З іх дапамогай вырашаліся такія пытанні. І тое было ў аблаяныя савецкія часы. Ды што зробіш... Даўно заўважана: якія часы - такія і норавы. А норавы зноў жа працуюць на часы.

Тое, што галоўны рэдактар сказаў вось так пра лёс кнігі, мяне не здзівіла: хлопец ён не надта смелы і рашучы. Недарэчным ўяўляецца іншае. "Мастацкая літаратура" - гэта ж не выдавецтва Саюза пісьменнікаў Беларусі, а выдавецтва, падначаленае Міністэрству інфармацыі. Ды што зробіш: недарэчна - яно ва ўсім недарэчна. Хаця, шчыра кажучы, упэўненасці, што кніга ў гэтым выдавецтве выйдзе, у мяне асаблівай не было. І вось чаму?

Раней, калі гадоў было менш, а здароўя больш, я пастаянна наведваў кніжныя выставы-кірмашы. Узгадваліся ранейшыя нягоршыя часы: Маскоўскія кніжныя выставы-кірмашы, Варшаўскія. Успаміны то былі добрыя, часам светлыя. Яшчэ было шмат знаёмых кнігавыдаўцоў, работнікаў кнігагандлю. Праўда, і тыя ўсё больш мяняліся, станавіліся заклапочаныя, мітуслівыя. Добра былі знаёмыя з ранейшых часоў і работнікі міністэрства, звязаныя непасрэдна з выдавецтвамі. Неяк між іншым ў размове з адной супрацоўніцай пацікавіўся адносна выдання кнігі артыкулаў. Пытанне было трохі нечаканае: у якім я саюзе (пісьменнікаў). Адказаў. Тлумачэнне даволі адназначнае: "Мастацкая літаратура" выдае творы (і плаціць за іх ганарар) толькі членаў аднаго саюза - саюза, якім кіруе М.І. Чаргінец. I гэта так. Улада плаціць тым, хто ёй аддана служыць. Менавіта ёй, а не народу, краіне. Гэта ў дзяржаве, якая прэзентуецца яе кіраўнікамі як дэмакратычная, еўрапейская. Таму, калі мне вярнулі рукапіс, то ў гэтым менш за ўсё быў вінаваты галоўны рэдактар. Сістэма спрацавала.

Рукапіс вярнулі. Але надзея выдаць кнігу ў мяне засталася, была яна звязана з асобай галоўнага рэдактара газеты "Звязда" Карлюкеіча Алеся Мікалаевіча. З ім таксама неяк сустрэліся і пагаварылі на кніжнай выставе. Было тое да таго, як мне вярнулі рукапіс з выдавецтва. Папытаў ён: можа ёсць што выдаваць. Я адказаў: трэба паглядзець. Дзесьці ў хуткім часе вярнулі рукапіс. Нейкі час перажываў. Потым пазваніў Карлюкевічу. Адказ быў: прыносьце. Было гэта да таго, калі рэдакцыя "Звязды" магла дазволіць сабе выданне кнігі вельмі рэдка. У хуткім часе пачалося аб'яднанне перыядычных выданняў. У канцы 2012 года была створана Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова "Выдавецкі дом "Звязда"". Я абрадаваўся. На жаль, "радуюся" і да гэтага часу. Прайшло на гэты час (сёння 20 сакавіка 2016 г.) больш за тры гады - "а воз и ныне там". За гэты час тэлефанаваў два разы. Усё абяцаюць. "Гісторыя" з выданнем цягнецца ўжо гадоў шэсць. Калі не больш. Нарэшце набраўся рашучасці - патэлефанаваў. Падумаў: трэба канчаць. Адказаў Карлюкевіч А.М. Голас стомлены. І не дзіва: столькі даводзіцца цягнуць - кіраўнік РВУ "Выдавецкі дом "Звязда"", дырэктар-галоўны рэдактар газеты "Звязда". А яшчэ ж удзел у Давыдзькавым "Клубе рэдактараў". А мілае сэрцу краязнаўства, на якое, мяркуючы па выданнях, сёння мода пайшла. Але, нягледзячы на адчуванне стомленасці-заклапочанасці, голас быў пэўны, рашучы. Маўляў, мы не "Мастацкая літаратура", не нашага профілю выданне. Дзесьці прамільгнула: заказу таксама няма. І ўсё: хаця рукапіс я аддаў па яго прапанове і яшчэ да ўтварэння "Выдавецкага дома "Звязда"". Узнікае пытанне і такога характару: дзеля чаго трэба было трымаць рукапіс больш трох гадоў? У мяне адказу няма. Штосьці падобнае да першай кнігі. Там, праўда, была пэўная актыўнасць. Тут жа гісторыя без гісторыі. Канал перакрыты - і ўсё. Звяртацца няма да каго, скардзіцца няма куды. Сістэма працуе зладжана. Не тыя часы. Ды і людзі... змяніліся.