Выбрать главу

І ўсё ж, шчыра скажу, не ўсё ўжо і так змрочна складваецца ў маім творчым, а гэта і жыццёвым, лёсе. Ёсць тут і светлая, чыстая палоска. І, як гэта ні дзіўна, звязана яна з маёй роднай Беласточчынай. Дакладна з альманахам (штогадовікам) "Тэрмапілы". А здарылася ўсё неяк можа і выпадкова. У 2005 годзе ў альманаху быў надрукаваны мой артыкул "З адчуваннем высокага неба", прысвечаны творчасці „белавежца” Міхася Андрасюка. І вось у канцы 2012 года даследчыца літаратуры, супрацоўніца Беластоцкага ўніверсітэта доктар філалагічных навук Галіна Тварановіч прапанавала мне напісаць да майго 80-годдзя ў "Тэрмапілы" штосьці аўтабіяграфічнае. Здаецца, не адразу, але я даў згоду. Меркаваў, напісаць не больш за аркуш. Але пачаў пісаць і задума мая парушылася. Успаміны захапілі мяне. Першы артыкул быў надрукаваны ў 17 нумары "Тэрмапілаў" за 2013 год. Працяг успамінаў друкаваўся ў 18 і 19 нумарах штогадовіка за 2014 і 2015 гады. I вось зараз заключны раздзел у № 20 "Тэрмапілаў". Узгадалася - перажылося ўсё маё жыццё: і тое добрае, што было ў ім, і не надта добрае. Але ўсё гэта маё: яно са мною і ўва мне.

Сёння самая шчырая сардэчная ўдзячнасць мая Галіне Тварановіч, якая натхніла на гэтыя ўспаміны, сачыла за іх напісаннем і публікацыяй; глыбокая ўдзячнасць спадару Яну Чыквіну, які палічыў магчымым надрукаваць успаміны ў "Тэрмапілах".

Згадваючы пражытае і перажытае, неяк само са­бою заўважылася: з мінулага ў памяці застаецца больш адмоўнае, дрэннае, балючае, чым станоўчае, добрае, радаснае. Ва ўсякім разе, так у мяне. I тое, на жаль, што ішло ад мяне да іншых, і тое, асабліва, што прыйшло да мяне ад іншых. Тут падзеі, асобы, учынкі, уражанні. Жыццё само па сабе, як існаванне, дзеянне, як тварэнне, - гэта ўжо не проста штосьці станоўчае, гэта радасць для чалавека. Нармальны, арганічны яго свет - гэта жыццё ў сваёй сутнасці. I розныя станоўчыя моманты толькі актывізуюць, узбагачаюць жыццё - гэты нату­ральны працэс. Самой сутнасцю сваёй чалавек падрыхтаваны, наладжаны для больш спакойнага, роўнага ўспрымання ўсяго добрага, станоўчага. Адмоўнае, злоснае, цёмнае ўрываецца ў жыццё чалавека, парушае нармальную хаду яго. Усякае ж парушэнне заўсёды і ва ўсім пакідае прыкметны, адчувальны след. I надоўга.

Падумалася пра ўсё гэта ў сувязі з адной жыццёвай гісторыяй, якая здарылася з намі (са мной і, больш, з жонкай) у 1998 годзе. Жонка працавала ў адным салоне прыгажосці касметолагам. Перад гэтым закончыла, у Маскве, курсы па касметалогіі. Касметолаг была проста выдатны. Самыя складаныя працэдуры выконвала ў вышэйшай ступені прафесійна і, можа, галоўнае, з душою. Увогуле ўсё, што ні рабіла жонка, яна рабіла з душою. Сэрца было чулае, адкрытае для людзей: нялёгкі жыццёвы вопыт не злосць пакінуў у душы, не непрыязь да чалавека, не закрытасць, а шчырасць, адкрытасць, душэўную дабрыню. Асабіста я ўсё гэта бачыў, адчуваў, жыў гэтым. То было маё жыццёвае шчасце. Зразумела, усе лепшыя прафесійныя і чалавечыя якасьці добра ведалі, адчувалі і пацыенты. Да Тамары Пятроўны заўсёды былі чэргі. Многія гадамі наведваліся, наведваліся на кватэру. Не з адной пацыенткай склаліся добрыя таварыскія, а то і сяброўскія, адносіны. Па праўдзе кажучы, і заробак тут быў прыстойны. Можа, упершыню жонка адчувала сябе больш-менш свабодна з грашыма.