Выбрать главу

Але... У жыцці нашым мы ніколі не можам пэўна прадбачыць, што нас чакае заўтра, хто і як нас здзівіць. Ды не проста здзівіць - ашаломіць.

Вось якая гісторыя здарылася. Я яшчэ працаваў у выдавецтве. Аднойчы з раніцы заходзяць у кабінет два маладыя мужчыны, цывільна апранутыя. Прапануюць паехаць з імі. Як пазней высветлілася, то былі супрацоўнікі Камітэта па арганізаванай злачыннасці МУС Рэспублікі Беларусь. Павезлі ў адно аддзяленне міліцыі г. Мінска. Па дарозе даведаўся, што жонка ўжо там. Гутарка (дакладней допыт) цягнуўся некалькі гадзін. Гутарка была непрыемная, мякка кажучы, не дужа тактоўная. Гутарылі яны ўдвух са мною. Адзін з іх нават працытаваў радкі Аркадзя Куляшова: "Цвёрда трымаўся юнак на дапросе..." Лагічна было б працягнуць яшчэ два радкі: тое было б больш праўдзіва.

А справа такая.

Адна жанчына, пацыентка жончына, вырашыла адкрыць цэнтр здароўя, з касметалагічным кабінетам. Абяцала жонку ўзяць касметолагам. Папрасіла пазычыць грошы: купіць памяшканне, правесці рамонт. Фірма свая ўжо была зарэгістравана. Жонка пазычыла - раз, потым другі... Былі дадзены распіскі, дзе былі пазначаны тэрміны вяртання доўгу. Але праходзіць тэрмін... Доўг не вяртаецца. Пацыентка-даўжніца знікае, на тэлефанаванні не адказвае.

А далей - выклік жонкі і мяне ў міліцыю. Ды не выклік, а прывоз. Патрабаванне да жонкі (асабліва) і да мяне: сказаць, хто пагражае жанчыне-даўжніцы і патрабуе аддаць даўгі. Жонку дапытвалі доўга. Пагражалі пасадзіць у бамжатнік, затрымаць на трое сутак. Потым нас адпусцілі: мяне раней, жонку пазней. Як адпусцілі... З намі паехалі тыя самыя падпалкоўнікі рабіць вобыск. Калі яшчэ былі ў аддзяленні міліцыі (кагосьці чакалі на ганку), выйшла з памяшкання і пераможна прайшла зладзюжка-даўжніца. Чаго яна там сядзела? Слухала наш допыт? Незразумела. Вобыск быў нядоўгі. Чаго шукалі - невядома. Запрасілі ў якасьці панятых двух суседзяў. Неяк сорамна гэта. Паехалі "шукальнікі". Жонцы стала дрэнна. Выклікалі хуткую. Пазней яшчэ выклікалі ў міліцыю. Пісаў я ў пракуратуру г. Мінска адносна правамернасці затрымання жонкі і мяне, адносна вобыску ў нашай кватэры, адносна праслухоўвання нашага хатняга тэлефона. Зразумела, адказ адзін і той жа: усё рабілася законна. Пазней мы даведаліся, што наша даўжніца пазычыла грошы і не аддавала яшчэ некалькім чалавекам. Тыя ўжо самі звярталіся ў следчыя органы. Дзесьці праз год выклікаў пракурор, той, які вёў справу раней. Я быў у яго. Ён паведаміў, што мы ўжо свабодныя ад іх нагляду. Папытаў у яго: ці цікавіліся яны наконт вяртання даўгоў іх падабароннай. Адказ быў: не. Вывад напрошваецца адзін: грошы можаш пазычаць - і не аддаваць. Нічога страшнага.

Гісторыя паскудная. Надоўга парушыла душэўны спакой. Прымусіла яшчэ раз задумацца аб тым, што з намі робіцца. Як так можа зрабіць чалавек, які лічыць сябе інтэлігентам: пазычаць грошы - і не аддаваць, што значыць - красці. Чаму праваахоўна-следчыя органы не разглядаюць справу з яе вытокаў: пазычыў грошы (ці што іншае) - аддай. I не будзе ніякіх ускладненняў. А так губляецца вера ў чалавека, парушаецца вера ў праўдзівасць свету людзей. Выносіць такія ўрокі пад старасць не дужа прыемна, балюча.

Увогуле пад старасць усё жыццё чалавека набывае іншы сэнс, іншы змест і характар. То ён увесь час жыў у сям'і, у працоўным калектыве, наогул у грамадзе. Жыў актыўна, мэтанакіравана. Жыў з унутрана актыўным адчуваннем знешняга свету - і далёкага адносна, і больш блізкага. Той свет патрабаваў ад яго дзейнасці - і знешняй (у самім тым свеце), і ўнутранай (думаць, перажываць). Але ідзе час - няспынна, наканавана. Чалавек старэе. Знешні свет - свет грамадскіх, сямейных, ды нават асабістых узаемаадносін - звужаецца, губляе сваю актыўнасць. Сам чалавек усё менш становіцца запатрабаваны навакольным светам, навакольным жыццём. Ды і свет гэты - грамадскі, бытавы, сямейны - усё ў меншых памерах адчувае запатрабаванасць чалавека. З'ява гэтая ўніверсальная - духоўная, сацыяльная, побытовая, сямейная, асабістая. Так чалавек прыходзіць у жыццё, так сыходзіць з яго. Застаючыся ў сусвеце. Як дух, як памяць. Вось гэтае звужэнне, змяншэнне ўзаемадзеяння са знешнім светам аслабляе чалавека - і фізічна, і духоўна.

Гэтыя, такія разважанні, як быццам абстрактныя, на самой справе народжаны рэальным жыццём рэальнага чалавека - жыццём асабістым, сямейна-побытовым. На схіле дзён яго. Надыходзіць час, калі чалавек, фізічна і духоўна, усё больш слабее. Яго ўзаемадзеянне з навакольным светам усё больш звужаецца, аслабляецца. І не ведае: дзе тут прычына, дзе вынік.

Зразумела адно: і вынік, і прычына ўсяго - нашыя хваробы, нямогласць. Жыве чалавек - радуецца жыццю. Працуе, гуляе, дзяцей гадуе, марыць пра добрае, светлае, імкнецца да яго. У яго свае жаданні, свае мэты. Да іх ён імкнецца, іх здзяйсняе. І зусім не ведае, што яго чакае сёння, заўтра, праз тыдзень. Наогул, што яго чакае. Надараецца такое, што не падлягае ніякаму тлумачэнню.