Выбрать главу

Увогуле хваробы прыходзяць з узростам. Старэе чалавек, слабее фізічна, зніжаецца супраціўляльнасць - і пачынаюць чапляцца да яго ўсялякія вірусы, ажываюць нямогласці розныя, якія раней у ім драмалі, прыціснутыя яго фізічнай і духоўнай энергіяй. Пераканаўся ў гэтым на ўласным вопыце, часамі даволі горкім.

Дзесьці ў хуткім часе пасля таго, як пачаў я працаваць галоўным рэдактарам выдавецтва, быў замацаваны за так званай лечкамісіяй. Тут былі пастаянныя медыцынскія агляды, аналізы. Пазней ужо менавіта тут давялося перажыць няпростыя часіны ў маім жыцці, шмат што пабачыць, уведаць. Дрэннага, часам вельмі, ад хвароб, добрага - ад людзей, тых, хто памагаў пераадольваць хваробы тыя, нягоды ўсякія, звязаныя з імі. А хваробаў тых, нягодаў самых розных пад старасць пачало набягаць усё больш і больш. У свой час давялося выдаляць мачавыя камяні. Ужо ў восемдзесят дзесьці гадоў зноў жа выдалялі апендыцыт. Гэтыя аперацыі прайшлі спакойна. Якіхсьці адхіленняў адмоўных і ў час аперацый, і ў час пасляаперацыйнай рэабілітацыі не было. Затое трэцяя аперацыя, якая адбылася ў часе дзесьці паміж дзвюма гэтымі, і яе наступствы, поўныя нечаканасці, болю, містыкі.

А было ўсё так. Знаходзячыся ў бальніцы, праходзіў я абследаванне. Рабілася гэта нярэдка. Таму ніякай трывогі ці то нават занепакоенасці я не адчуваў. Тым больш, што ўсе мае трывогі, звязаныя са здароўем, засяроджаны былі на сардэчна-сасудзістай сістэме. I раптам - як гром сярод яснага неба: анкалогія ныркі. Я быў проста ашаломлены. Доктар усё гаварыў голасам устрывожаным, сам узбуджаны. Загадаў ледзь не адразу ехаць у Бараўляны ў вядомы анкалагічны цэнтр - выразаць усё лішняе. Доктар патэлефанаваў жонцы, перадаў усё гэта. Страх ахапіў усіх, трывога.

Але куды дзенешся. Праз колькі дзён паехалі туды. Палата была на двух чалавек. Другі быў нехта з Украіны, платны. Умовы былі не надта. Прыбіральня агульная, дзесьці на калідоры. Праз пару дзён зрабілі аперацыю - выразалі кавалак ныркі. Дзякаваць Богу - незлаякасны. Усё, здавалася б, добра. Варта сказаць яшчэ вось пра які момант. У час падрыхтоўкі непасрэдна да аперацыі адзін з дактароў гаварыў са мной на добрай беларускай мове. Гэта дадало хоць трохі аптымізму. Кожны дзень прыязджала жонка, дзеці. Усё ішло да таго, каб выпісвацца. За гэтыя дзень-два ў палаце з'явіўся другі хворы. Першы пасля аперацыі ў той жа дзень выехаў: кожны дзень прадугледжваў немалыя грашовыя выдаткі. Новы хворы знешне быў якісьці незвычайны: у памяці адразу ж усплыў герой славутага рамана Віктора Гюго - Квазімода. Пазнаёміліся - дабрэйшай душы чалавек.

Усё ішло быццам нармальна. Праўда, паняцце "нармальна" несла ў сябе іншы змест. Ішла размова, што і выпісвацца ўжо трэба. Ды раптам... Было тое ў пятніцу. Прыязджалі жонка з дачкою. Пасля абеда паехалі. Я сабраўся выйсці з палаты. Падняўся з ложка... Далей нічога не помню... Апрытомнеў на нейкай медыцынскай калясцы. Вакол чалавек шэсць дактароў, сясцёр... Нейкая нярвознасць, мітусня. У роце нейкая трубка... Чую: хтосьці пытае: ну, што там? Адказ: балота. Гэтае слова засела ў памяці назаўсёды. Потым доўга ехалі на гэтай калясцы ў нейкім тунэлі. Апынуўся ў рэанімацыі. Вялікі пакой, хутчэй зала. Хворыя, мо чалавек дзесяць, ляжаць паўкругам на падлозе. Пасярэдзіне паўкруга ўзвышаецца стол. За ім сядзяць медыцынскія работнікі гэтага цэнтра. Нагадвала ўсё гэта якісьці высокі суд. Праляжаў я там дзесьці гадзін дванаццаць. Падціскалі хворыя пасляаперацыйныя.

Вярнуўся ў палату. Даведаўся, што адбылося са мною. Страціў прытомнасць, абсунуўся на падлогу. Сусед па палаце выклікаў дзяжурнага доктара. Той - астатніх. Добра, што яшчэ супрацоўнікі адпаведных службаў не пайшлі дамоў. Тут мне пашчасціла. Дыягназ таго, што здарылася са мною - страўнікавае кровазліццё. На глебе нярвовага стрэсу.

У той час, калі са мною здарылася гэтае няшчасце, жонка з дачкою ехалі з Бараўлянаў у Мінск. I вось недзе пасярэдзіне дарогі жонка занервавалася. Узніклі ў яе нейкія пытанні адносна майго самаадчування. Патэлефанавала. Ёй сказалі, што я ў рэанімацыі. Вярнуліся назад. Зразумела, у рэанімацыю іх ніхто не пусціў. Сказалі, што ўсё ўжо нармальна. Паехалі дамоў. Тамара Пятроўна ўся ў маўчанні, перапоўненая пера- жываннямі. Пазней расказала і мне, і дачцы такое. Зайшла ў кватэру, стала на калені перад абразом. Малілася за маё здароўе. Прасіла: Госпадзі, вазьмі мяне, але дай яму жыццё і здароўе. Калі расказвала пра гэта, мне хацелася плакаць. Словы заселі ў памяці. Дзесьці ў душы, у свядомасці з'явілася трывога. Засталася надоўга, назаўсёды. Жыве і дагэтуль.