Выбрать главу

А склалася ў жыцці так, што дзесьці з пачатку новага стагоддзя (а можа, і раней) галоўным хворым у нашай сям'і быў я. То сардэчны прыступ, то гіпертанічны крыз, то сардэчны рытм збіўся... Хуткая дапамога, бальніца... Жонцы, здавалася, няма калі і няма як займацца сваімі, як кажуць, болькамі. Ды і яе праца - касметалогія - ёй вельмі падабалася. Дзеці жылі ўжо самастойна. Іх сямейнае жыццё пачалося і ішло намнога лепш, чым то ў нас некалі. У гэтым сэнсе ў нас ніякіх турботаў не было.

Але ж гады бяруць (што забіраюць, што даюць) сваё. I гэта найчасцей ужо ўсё нашае, асабістае - ці то добрае, ці то дрэннае. Жончына праца патрабавала добрага зроку. Рознага роду акуляры павелічальныя дапамагалі слаба. Вырашылі рабіць аперацыю - замяніць хрусталік. Замянілі. Аперацыя прайшла нармальна. Праходзіць пэўны час - зрок не паляпшаецца. Пачынаюцца болі галавы. Нас ахоплівае трывога, страх. Тамара Пятроўна кладзецца ў бальніцу пры Кардыялагічным цэнтры. Вынікі абследавання для нас былі страшныя - выяўлена пухліна галаўнога мозгу. Неабходна была аперацыя. Зрабілі яе ў хуткім часе ў бальніцы адпаведнага профілю. Вынікі аперацыі былі несуцяшальныя: пухліна аказалася злаякасная, выдаліць яе ўсю не змаглі. Праз нейкі час выпісалі з бальніцы. Дактары нас нічым не суцяшалі. Пэўнасці ніякай не было. Спачатку ўсё ішло быццам спакойна. Далей усё пачало пагаршацца. Страшныя прыступы галаўнога болю, страта прытомнасці. Але і ў такім стане жонка пастаянна гаварыла пра сваё жаданне хутчэй вярнуцца да сваёй справы. Была ў яе вялікая прага жыць. Да апошняга не думала і не хецела паміраць. Памерла 14 кастрычніка а 12 гадзіне. Адышла ціха, паступова губляючы дыханне. То было неяк незразумела, вусцішна. Адыходзіць родны табе чалавек адсюль, ад цябе. I ты нічога не можаш зрабіць, неяк дапамагчы. Пакутліва сядзіш і маўчыш. Добра, што была са мною ў гэты час і наогул ва ўсе гэтыя цяжкія дні старэйшая дачка Света. Меншая сядзела з унукам, якому не было яшчэ і года.

Прайшло амаль чатыры гады з таго балючага часу, як адышла ў іншы свет мая Тамара Пятроўна. Праходзяць гады, з аднаго боку, быццам хутка, з другога - нудна-цягуча. Бо гады без якіхсьці прыкметных падзей, гады жыццёвай аднастайнасці. І, напэўна, самае страшнае - гады чалавечай адзіноты. Жыў чалавек у працоўным калектыве, у творчым асяроддзі, у сям'і. Было пастаяннае ўзаемадзеянне, асабістыя дачыненні рознага зместу і храктару. Усё гэта жывіла і ўнутраны свет, штурхала да дзеяння, да працы.

І раптам усё гэта знікае, усё парушана. Што рабіць? Дзеля чаго рабіць? У імя чаго рабіць штосьці? Ды і жыць?.. Сэнсы, матывы, мэты твайго існавання і бытавання - высокія, значныя ды і самыя непасрэдныя, штодзённыя - знікаюць, размываюцца, страчваюць сваю прыцягальную, жыццедайную сілу. Свядомасцю, розумам імкнешся, намагаешся пераадолець такі стан. Штосьці часам і ўдаецца. Але ўсё гэта ўжо не тое. Няма паўнаты, натуральнасці. Асабліва моцна, балюча адчувалася адразу пасля смерці жонкі. Шмат думаецца, як бы нанова перажываецца - душэўна, эмацыянальна. І найбольш сямейнае, асабістае. Асобнае з пачуццём вінаватасці, шкадавання.

З часу адыходу жонкі ў свет іншы, лепшы, не пакідае думка аб дачаснасці адыходу, вымаленасці яго ў час знаходжання майго ў Бараўлянах. А малілася жонка шчыра, аддана: яна па-сапраўднаму верыла ў Бога.

Тут хочацца, ды нават не проста хочацца, а ёсць нейкая ўнутраная патрэба яшчэ звярнуцца да балюча-помных дзён майго знаходжання ў Бараўлянах. Сёння мясціна гэтая ўяўляецца як бы ямай. Ды не проста гэта яма, гэта як бы іншы свет. Ён у тумане. Туман прасветлены сонечным святлом. Але святло гэтае якоесьці нерухомае, цяжкае. Усё тое, што там было, гэта як бы ў іншым жыцці. Ды і было гэта як бы са мною, але быў я другі: я - не я. У сне ці то ў паўзабыцці перада мною раскручвалася кіналента, кадры якой усе запоўнены якімісьці нерэальнымі пачварнымі істотамі, жахліва злоснымі. Разам з тым па начах дзесьці побач за сцяною адбываліся нейкія гулянкі, шматлюдныя, з музыкай, песнямі. Выразна чуліся галасы, вылучалася мелодыя. Было гэта побач, але нябачнае, за сценамі.

Я разумею, што гэта выклікана лекамі. Але адкуль усплываюць фігуры, незнаёмыя абліччы людзей, незнаёмая музыка, прычым не якаясьці стыхійная, а меладычна суладная... Лячыўся ж я і ў іншых шпіталях, не адзін раз быў і ў рэанімацыі. Але нічога нават блізкага я не перажываў. Увогуле Бараўляны для мяне засталіся назаўсёды месцам містычным. I можа не так страшным, як невытлумачальным у сваіх праявах, у сваёй атмасферы.