Выбрать главу

Усе гэтыя жыццёвыя падзеі, здарэнні, асабліва тыя, што адбыліся ў пачатку гэтага стагоддзя, і, відаць, найперш тыя, што звязаны з хваробамі, смерцю жонкі, жывуць у апошнія гады ў маёй памяці, у маёй душы пастаянна. Асабліва ў часы адзіноты, калі застаешся толькі сам з сабою. А гэта, па сутнасці, пастаянны мой унутраны стан.

Зразумела ж, я не забыты, не закінуты. Барані Бог! Дзеці часта прыязджаюць, па некалькі разоў тэлефануюць за дзень. Дачушкі мае - і Света, і Алеся - добрыя, уважлівыя, сардэчныя. Усе ў мамачку сваю. Увагу, клопат, душэўнае цяпло я адчуваў і адчуваю сёння. Света ўжо доўгі час жыве ў Маскве. Але ў цяжкія часіны хваробы і смерці маці, у мае няпростыя шпітальныя дні яна тут, разам са мною. Падзяляе боль, гора і клопат. Так і меншая - Алеся. Жыве яна ў Мінску, можна сказаць побач. Гэта я адчуваю ўвесь час. Яна, у параўнанні з сястрою, больш эмацыянальная, непасрэдна адкрытая, нярэдка ўпартая ў адстойванні свайго. Для мяне яна сёння, можна сказаць, галоўная падтрымка. У часы маіх сардэчных прыступаў (а яны ў мяне здараюцца найчасцей глыбокай ноччу), калі мяне ахоплівае панічны страх, перш, чым выклікаць хуткую дапамогу, я тэлефаную Алесі. Яна адразу прыязджае. Прыносіць супакаенне, і найчасцей хуткую не выклікаем. Часта наведваецца. Прывозіць што-небудзь смачненькае, уласна ёю прыгатаванае, гародніну, фрукты, ягады. Пасядзіць, пагаворыць сардэчна. І я на нейкі час атрымаў жыццёвую падзарадку. Сярэдні ўнук Алёша прыязджае да дзеда на кожныя выхадныя. Старэйшы Ваня, які жыве ў Маскве, калі прыязджае ў Мінск, пасяляецца на ўвесь час зноў жа ў дзеда. У апошні час часта прыязджае з бацькамі самы малодшы ўнучак - Ванечка. Агульная наша радасць. Але то бываюць гадзіны, дні - разам са сваімі роднымі. А тыдні, месяцы, ды і гады ўжо - самота. На вуліцу выходжу ўсё менш: ногі баляць, спіна. Так, сходзіш, зусім паціху, у ларку купіш што паесці. Ды і ўсё. Праўда, бывае, па дарозе зойдзеш у скверык ля ўкраінскага пасольства, пасядзіш якой паўгадзіны. Там магутныя дрэвы, дастаткова лавачак, помнік прыгожы Тарасу Шаўчэнку, чыста, дагледжана. Там адпачываюць-гуляюць жанчыны - па дзве, па тры. Мужчын чамусьці няма - старых. Часам толькі з'яўляюцца адзін-два бамжоўскага выгляду, абавязкова з пляшкай. А ўвогуле тут ціха, спакойна, неяк лёгка дыхаецца. Раней часцей, цяпер рэдка, хадзіў на Свіслач. Карміў качак, галубоў, чаек. Зараз, на жаль, гляжу на Свіслач больш праз акно: добра, што вокны выходзяць на раку.

Дзіўныя, парадаксальныя рэчы творацца ў жыццёвым лёсе чалавека. Пачынаючы з пераезду нашай сям'і ў 1945 годзе ў Беларусь і да таго, як я атрымаў кватэру, ужо працуючы ў Iнстытуце літаратуры, мне давялося жыць у цеснаце. I гэта больш за 20 гадоў. Спачатку гэта вялікая сям'я ў старой аднапакаёвай хатцы, дзе ўсё разам - і кухня, і спальня, пазней - інтэрнат аспіранцкі, пакойчыкі ў прыватных дамах, інтэрнат для маласямейных. Пастаяннае адчуванне ціску - фізічнага, духоўнага. Думаецца, што якраз гэта ў немалой ступені паўплывала на маю заціснутасць унутраную, няўпэўненасць. Сёння мне ўжо за восемдзесят. Кватэра двухузроўневая, плошча немалая. I ты - адзін. Адчуванне - не надта.

У кватэры - паліцы кніг, ранейшых самых шчырых задуменных шматгадовых маіх сяброў. Але, зноў жа, прайшоў час, прайшлі гады, шмат што ў жыцці наогул, як і ў маім асабістым, змянілася. Рытм жыцця не той. Усё кудысьці спяшаецца, бяжыць. Сэнсы чалавечага жыцця, бытавання зрушыліся, здрабнелі. Маштабы, узроўні маральных ацэнак панізіліся. I чалавек, мастак, у многім апынуўся бездапаможным ў імклівай кліпавай плыні жыцця. Якуюсьці падзею і чалавека ў ёй нельга ўважліва разглядзець, апісаць, задумацца. Знайсці гармонію ці нават звычайную зладжанасць у сённяшнім свеце вельмі цяжка. Усё гэта захоплівае, падпарадкоўвае чалавека. Чалавек гэта моцна адчувае, хаця, відаць, не заўсёды ўсведамляе. Мусіць, шматгадовая праца дзесьці прыглушыла абагаўленне кнігі, пакланенне ёй. I ідзе гэта ад непасрэднага ведання многіх аўтараў, іх паводзін. Хаця я добра разумею, асабліва пасля выдавецтва, што пісьменнік-чалавек і яго творчасць далёка не адно і тое ж. У творчасці, у яе лепшых праявах, ён згустак духоўнай энергіі, мары, імкнення да лепшага, прыгожага. Ён фармуе, ладзіць сваё жыццё, устанаўлівае свой лад і парадак у адпаведнасці са сваім разуменнем добрага, праўдзівага і прыгожага. У жыцці ж звычайным чалавек не заўсёды ўнутрана змабілізаваны, падуладны знешнім павевам рознага характару, рознай сілы. Нярэдка вось гэты рэальны, штодзённы, побытовы свет перамагае ў творцы яго свет ідэальны, мару, прыніжае іх. Сапраўдны поспех бывае тады, калі ў творчасці пісьменнік здолее побыт, жыццё рэальнае ўвасобіць у свет, створаны, пабудаваны паводле законаў гармоніі і дабрыні. У іх індывідуальна-непаўторным ўвасабленні. Такое бывае тады, калі мастацкі вобраз свету, тварэнне яго ў катэгорыях мастацкіх, сілкуецца асабістым аўтаравым светам рэальным, грунтуецца на глебе жыцця навакольнага.