Выбрать главу

I калі сучаснасць уся бурліць, напоўнена духоўна агрэсіўнасцю, пранізана канфліктнасцю, то ці можна тварыць цэласны, гарманічны мастацкі свет. Хіба што вынайшаўшы якіясьці новыя эстэтычныя правілы і законы, якіх пакуль няма. Ды, можа, і шукаць не трэба. Ёсць адвечныя законы чалавечага быцця, духоўнага спасціжэння яго, законы спасціжэння навакольнага све­ту і сусвету, іх мастацкага ўвасаблення. Увасаблення ў адпаведнасці з сучаснымі ведамі, уяўленнямі і сучасным разуменнем вышэйшай сутнасці самога чалавека.

У апошні час чытаю Біблію. Не першы раз ужо. Усё больш і больш адчуваю, разумею, што менавіта Біблія - гэта Кніга Кніг. Сваім духоўным напаўненнем, сваёй скіраванасцю на сцвярджэнне вышэйшых законаў чалавечага быцця ў свеце, насычанасцю, багаццем падзей рознага зместу і сэнсу, разнастайнасцю канфліктных сітуацый, уласцівых самой прыродзе чалавека, што раскрываецца ў яго стасунках з людзьмі іншымі, у яго існаванні ў сусвеце. Здзіўляе арганічная суаднесенасць канкрэтных жывых герояў, месца дзеяння і вышэйшай духоўнай напоўненасці.

Даруй мне, Божа, гэтыя разважанні пра матэрыі вышэйшыя. Але што зробіш: так я сёння адчуваю, так разумею. Рэальнае жаццё, тое, якім (у якім) жывеш, само не надае, проста не дае, аптымізму. Містыка дзесьці выратоўвае. А містыка, дарэчы, у чымсьці вы- значальным таксама рэальная. Праўда, рэальнасць гэтая ў блізкім рэальным плане ў асноўным невытлума- чальная, хаця яе праявы, з'явы сустракаюцца ў жыцці чалавека пастаянна. Ды і без містыкі жыццё ўвогуле было б нецікавае, нерухомае.

А жыццё ідзе сваім шляхам. І калі чалавек адрываецца ад зямлі, ён губляе сваю прыродную, генетычную адметнасць, сваё жыццетворнае прызначэнне.

Але хопіць. Загаварыўся пра рэчы абстрактныя. А свет непасрэдны - жывы, канкрэтны.

Сярэдзіна мая, 2016 год. Сяджу за сталом. За акном цвітуць каштаны. За імі далей - Старажоўская вуліца. Па ёй увесь час туды-сюды імчаць машыны. За дарогай Свіслач. Тут, ля Палаца спорту, яна шырокая, дагледжаная. Перад Свіслаччу, управа за дарогаю, зелянее прыгожы бярозавы гаёк. Вырас ён проста ў мяне на вачах. Перад самым акном шырокая пешаходная дарожка. Тут пастаянна, з раніцы і да гадзін дваццаці, ідуць людзі. Паціху старыя, з кіёчкамі. З гучнымі размовамі, імкліва пралятае моладзь. Часта даволі і неяк светла праязджаюць дзіцячыя каляскі. Іх суправаджаюць і ахоўваюць маладыя мамы. Нярэдка, што асабліва прыемна, і таты. Увогуле і на гэтым узроўні жыццё ідзе сваім адвечным шляхам.

Пабачана шмат. Перажыта таксама. Шмат што згадваецца сёння, пра многае думаецца. Магу зараз пэўна сцвярджаць, што маё жыццё прыватнае цалкам падуладнае жыццю агульнаму. I ў падзеях, і ў думках-перажываннях. Агульная плынь жыцця грамадскага, народнага несла мяне. Дарэчы, як і іншых. Так я жыў, так думаў. Быццам самастойна, але ў агульнай плыні. I маё плаванне даволі сціплае. Ды і адкуль яму быць нясціпламу. Плывец з мяне быў не надта - і ў прамым, і ў пераносным сэнсе. Асвойваў плаванне ў вясковай сажалцы ды ў невялікай рачулцы Міранцы. Плаваць у вялікай вадзе не асмельваўся: ведаў, адчуваў сваю непадрыхтаванасць.

Сёння глядзіш за акно - бачыш нерухомую амаль Свіслач, бярозавы гаёк за дарогаю, цвіценне каштанаў... Думкі ж плывуць і плывуць у сонечную, але дзесьці як бы трохі затуманеную далячынь мінулага. Мінулае ў гэтыя мае гады ўзгадваецца, праплывае ў памяці карцінамі, эпізодамі цёпла-сонечнымі, паэтычнымі. Так бачыцца душою найбольш часта, асабліва поўна тое мінулае, калі быў я асабліва блізкі з прыродай, жыў у еднасці з вялікім і такім блізкім навакольным светам прыроды. То быў свет адвечны, натуральны, і ты адчуваў сябе ў ім арганічнай часцінкай. Такой паўнаты адчування свету, яго арганічнасці горад, хаця б у нейкія моманты, не пакінуў, не дае і сёння. I што яшчэ істотна - свет прыроды, свет арганічны духоўна, эмацыянальна сілкуе чалавека. Свет гарадскі, свет тэхналагічны трымае яго ў пастаянным унутраным напружанні, у затоенай трывожнасці. Успаміны жыцця ў гэтым свеце, а гэта самыя працяглыя, пазбаўлены паэтычнасці, святла. Гэтыя ўспаміны якіясьці пераважна шэрыя. Канечне, былі і тут падзеі, гісторыі, факты светлыя, прыгожыя. Але, на жаль, паглынуты, раствораны ў шэрай атмасферы мітуслівага гарадскога жыцця. Такое ўспрыманне гарадскога жыцця, дакладней, свайго жыцця ва ўмовах гарадскіх, напэўна абумоўлена ў значнай ступені ўзроўнем і характарам агульнага жыцця краю.