А пакуль я дазволіў сабе ўдакладніць фармулёўкі шаноўнага аўтара ў адпаведнасці з вышэйпрыведзенымі меркаваннямі.
З павагай да аўтара і чытачоў ― Polochanin72.
СЛАВУТЫЯ АСОБЫ
Іван Багданавіч Сапега (каля 1480–1546)
Ужо ў канцы XV ст. у палітычным жыцці Літоўскай-Беларускай дзяржавы ўсё большае значэнне набывае род Сапегаў, прадстаўнікі якога на працягу XV–XVIII стст. стала займаюць вышэйшыя дзяржаўныя, адміністрацыйныя і вайсковыя пасады. Сапегі лічыліся другім па значэнні (пасля Радзівілаў) магнацкім родам Вялікага Княства Літоўскага, маючы вялікія латыфундыі, свае гарады і мястэчкі, уласнае войска. Гэтае прыватнае войска складалася са службовай шляхты, выбранцаў і іншых вайсковых людзей, якія атрымлівалі як васалы ўчасткі зямлі з адным абавязкам — хадзіць у паходы ці абараняць крэпасці.
Род Сапегаў па паходжанні беларускі, і напачатку Сапегі былі праваслаўнымі магнатамі. У другой палове XVI ст. частка прадстаўнікоў роду далучылася да Рэфармацыі і стала пратэстантамі (кальвіністамі). Аднак ужо ў канцы XVI ст., падчас Контррэфармацыі, Сапегі прынялі каталіцтва. У гэты час род Сапегаў у значнай ступені паланізаваўся. У канцы XVII–XVIII ст., падчас жорсткай барацьбы за ўладу ў Вялікім Княстве Літоўскім супраць большасці шляхты, Сапегі нават спрабавалі ўтварыць самастойную дзяржаву, аддзяліўшыся ад Польшчы, якая з XVI ст. уваходзіла разам з Літоўскай-Беларускай дзяржавай у склад федэратыўнай дзяржавы Рэчы Паспалітай. Калі род Сапегаў знаходзіўся ў зеніце сваёй магутнасці, у XVII–XVIII стст. пачалі стварацца і друкавацца радаводы роду Сапегаў. Каб надаць роду большую павагу і аўтарытэт, складальнікі радаводаў, зразумела, са згоды Сапегаў, сцвярджалі пра быццам княжацкае паходжанне роду ад Нарымонта, сына Гедыміна. У XVIII–XIX стст. некаторыя даследчыкі выводзілі род Сапегаў ад троцкага кашталяна Сунігайлы, нібыта праўнука Нарымонта. Да гэтага сцвярджэння крытычна паставіліся польскія даследчыкі у галіне генеалогіі канца ХІХ ст. А. Банецкі і Ю. Вольф, а таксама гісторык першай паловы XX ст. У. Сямковіч. Яны ў сваіх даследаваннях даказалі, што Сапегі паходзяць ад Сямёна Сапегі (Сапігі), велікакняжацкага пісара ў 1440-х гг., з полацкіх баяраў. Першапачаткова вялікія маёнткі Сапегаў знаходзіліся ў Смаленскай зямлі (Ельня, Гарадзішча, Апакоў). У пачатку XVI ст. Смаленская зямля была страчана падчас войнаў Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім. Аднак Сапегі атрымалі і набылі новыя маёнткі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Магнацкі род Сапегаў карыстаўся гербам «Ліс» — белая, павернутая ўгару вастрыём і двойчы перакрыжаваная, страла ў чырвоным полі.
У сыноў родапачынальніка Сямёна Сапегі засталіся асноўныя маёнткі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Так, у пісара гаспадарскага 1488 г. Багдана Сямёнавіча Сапегі (да 1450 - пасля 1512) асноўныя маёнткі былі на Віцебшчыне і Полаччыне, якія склалі ядро сапегаўскіх латыфундый (11 маёнткаў), а ў яго брата Івана Сямёнавіча (каля 1450–1517) таксама пісара гаспадарскага Казіміра Ягайлавіча з 1488 г. (пасля брата) і ваяводы падляшскага ў 1511–1515 гг., маёнткі былі на Браслаўшчыне, Падляшшы і Берасцейшчыне. Багдан Сапега стаў пачынальнікам адной з галоўных ліній роду — чарэйска-ружанскай, а Іван Сапега — другой лініі — коданьскай (дадатковая назва гэтай лініі ў некаторых даследчыкаў — «северская» — з'яўляецца памылковай). Памылковыя таксама звесткі пра наданне роду Сапегаў графскага тытула ад германскага імператара Максіміліяна II 6 студзеня 1572 г. і пацвярджэнне гэтага тытула Жыгімонтам II Аўгустам 4 мая 1572 г. Гэтыя фальсіфікаваныя дакументы былі ўпісаны ў метрыку Вялікага Княства Літоўскага ў 1744 г. канцлерам Янам Фрыдэрыкам Сапегам і, такім чынам, сталі дзяржаўнымі дакументамі, на якія потым можна было спасылацца. Толькі 14 верасня 1700 г. германскі імператар Леапольд I, каб узмацніць свой уплыў у Рэчы Паспалітай, надаў прадстаўнікам чарэйскай-ружанскай лініі роду Сапегаў тытул князёў Свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі (Германскай імперыі).
Адным з першых прадстаўнікоў роду Сапегаў, дзейнасць якога была запісана ў Метрыцы Вялікага Княства Літоўскага і тагачасных хроніках, быў Іван Багданавіч Сапега, сын Багдана Сямёнавіча, старэйшага сына родапачынальніка Сямёна Сапегі, і князёўны Фядоры Фёдараўны Друцкай-Саколінскай (памерла ў 1519 ці ў 1522 г.), якая ўнесла ў род Сапегаў вялікі маёнтак ў Чарэі. Іван Багданавіч Сапега быў пляменнікам Івана Сямёнавіча Сапегі (якога часта запісвалі ў дакументах як Івашка Сапежыч) і карыстаўся падтрымкай як свайго бацькі, так і ўплывовага дзядзькі.