Таму слушна будзе прызнаць, што ў кампаніі 1514 г. і ў Аршанскай бітве ўдзельнічаў Іван Багданавіч Сапега, як адзначана ў нашых артыкулах ў часопісе «Спадчына» (1992, № 6) і 1-м томе «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі». Гэтае меркаванне падмацоўваецца сведчаннем храніста Мацея Стрыйкоўскага, які ў сваёй «Хроніцы польскай, літоўскай, жмудзкай і ўсёй Русі Кіеўскай…» (Каралявец, 1582. С. 726) прама кажа пра ўдзел у баях напярэдадні Аршанскай бітвы «Івана Сапегі, які быў потым ваяводам віцебскім». Вядома, што дзядзька, Іван Сямёнавіч Сапега, быў ваяводам віцебскім у 1511–1513 гг., а потым, у 1513 г., атрымаў ад вялікага князя больш высокую пасаду ваяводы падляшскага, на якой заставаўся да канца жыцця. У Вялікім Княстве Літоўскім пасады ваяводы мелі розныя ступені прэстыжнасці, і ваяводаў падвышалі, пераводзячы з малых ступеняў на больш высокія.
Іван Багданавіч Сапега (пляменнік) атрымаў прызначэнне на пасаду віцебскага ваяводы ў 1520 г. (як пішацца ў «Хроніцы…», быў ваяводам віцебскім «потым») і займаў гэтую пасаду да 1529 г., калі быў пераведзены на пасаду падляшскага ваяводы і займаў яе да канца жыцця.
За некалькі дзён да Аршанскай бітвы войска гетмана найвышэйшага князя Канстанціна Іванавіча Астрожскага наступала пад Оршу з Барысава, дзе знаходзілася стаўка вялікага князя Жыгімонта. У авангардзе войска К. I. Астрожскага ішлі атрады пад камандаваннем Івана Багданавіча Сапегі. Першы бой арміі Канстанціна Астрожскага з непрыяцелем адбыўся на левым беразе Бярэзіны пры пераправе яго войска. Папярэдне, 27 жніўня 1514 г., артылерыйскай стральбой з гармат і гакаўніц (пішчаляў) былі нанесены значныя страты непрыяцелю. Гэтай часткай войска К. I. Астрожскага камандаваў Іван Багданавіч Сапега. Двойчы атакавалі ворага коннікі Івана Сапегі. У выніку атакі некалькі палкоў маскоўскага войска былі разбіты.
На наступны дзень, 28 жніўня, гэты авангард арміі К. Астрожскага нанёс паражэнне маскоўскаму палку перадавой стражы ўжо на рацэ Бобр. У баі было ўзята шмат палонных, якіх прывялі да гетмана Канстанціна Астрожскага, каб яны расказалі пра сілы і планы праціўніка. 1 верасня 1514 г. авангард войска Івана Багданавіча Сапегі нанёс паражэнне тром маскоўскім палкам. У баі было забіта некалькі соцень чалавек, ўзмацніўся баявы дух літоўскага-беларускага войска. Іван Багданавіч Сапега са сваімі коннікамі ўдзельнічаў у пераможнай бітве пад Оршай 8 верасня 1514 г. у шэрагах атрадаў, якімі непасрэдна камандаваў гетман Канстанцін Астрожскі.
Іван Сапега працягваў службовую кар'еру далей. У 1515 г. ён быў прызначаны на пасаду маршалка гаспадарскага, прыдворнага ўрадніка (чыноўніка). Выконваў спецыяльныя даручэнні вялікага князя (гаспадара) і кіраваў пэўнымі прыдворнымі службамі. Гэта сведчыла аб даверы вялікага князя і давала доступ да далейшых пасадаў. У 1520 г. Іван Багданавіч Сапега атрымаў намінацыю на пасаду віцебскага ваяводы. У гэты ж час ён ажаніўся з князёўнай Ганнай Андрэеўнай Сангушкай (памерла ў 1561 г.), дачкой старасты ўладзімірскага, а пасля і маршалка Валынскай зямлі. Улетку 1529 г. Іван Сапега быў прызначаны вялікім князем Жыгімонтам Старым на пасаду падляшскага ваяводы. Тады ж, у 1529 г., стаў і старастам драгічынскім.
У палітычных адносінах Іван Багданавіч Сапега належаў да групоўкі магнатаў Літоўскай-Беларускай дзяржавы — прыхільнікаў дзяржаўнай уніі з Польшчай. Гэтую групоўку ўзначальваў аўтарытэтны дзяржаўны дзеяч, гетман найвышэйшы і ваявода троцкі Канстанцін Іванавіч Астрожскі. Групоўка К. I. Астрожскага супрацьстаяла іншай магнацкай групоўцы, якая ўзначальвалася ваяводам віленскім і канцлерам Вялікага Княства Літоўскага Альбрэхтам Гаштольдам, прыхільнікам поўнага аддзялення дзяржавы ад саюзнага Польскага каралеўства, дзе каралём быў Жыгімонт Стары, вялікі князь літоўскі.
Групоўка А. Гаштольда на сойме Вялікага Княства Літоўскага ў Вільні 4 снежня 1522 г. дамаглася прызнання двухгадовага сына вялікага князя — Жыгімонта Аўгуста — вялікім князем літоўскім у выпадку смерці бацькі; так бы мовіць, абралі хлопчыка, насуперак звычаю, наперад, а не пасля смерці вялікага князя. Зроблена гэта было для таго, каб Вялікае Княства захавала сваю самастойнасць, бо польскую шляхту змушалі, такім чынам, або прызнаць самастойную палітыку Літоўскай-Беларускай дзяржавы, або выбіраць у будучыні караля, якога ім ужо падрыхтаваў літоўскі-беларускі бок. Пры гэтым улічвалася і тое, што Жыгімонт Стары гадамі не прыязджаў у ВКЛ. Іван Сапега быў сярод актыўных дзеячаў, якія спрычыніліся да прыняцця на сойме акта аб спадчыннасці літоўскага трона для сына караля і вялікага князя.