У замку Шомлё 27 верасня 1533 г. нарадзіўся Батары Іштван. Ён быў аднагодкам маскоўскага цара Івана Жахлівага, з якім потым ваяваў. Іштван быў трэцім, апошнім сынам Іштвана Батары, ваяводы (князя) Сяміграддзя, якое займала большую частку сучаснай Румыніі. Бацька праз год пасля нараджэння сына памёр. У маладыя гады Іштван выхоўваўся ў Вене пры двары рымска-германскага імператара (Свяшчэннай Рымскай імперыі) і караля Венгрыі Фердынанда I Габсбурга, дзе ягоны старэйшы брат Андрэй займаў высокую пасаду гофмайстра венгерскай кароны.
Тут ён атрымаў і адукацыю. Некаторы час вучыўся ў Падуанскім універсітэце ў Італіі, дзе ў свой час Францішак Скарына абараніў доктарскую дысертацыю. У Вене ён пачаў называцца Стафанам Баторыем. Стафан Баторый добра размаўляў на нямецкай, лацінскай, італьянскай і, зразумела, венгерскай мовах. А вось па-польску і па-беларуску ён гаварыць так і не навучыўся. Калі быў абраны каралём Рэчы Паспалітай, то тут ён гаварыў з мясцовымі жыхарамі на лацінскай мове альбо праз перакладчыка.
Пасля вучобы ў Італіі Баторый вяртаецца на радзіму, дзе разгарэлася барацьба часткі венгерскіх магнатаў на чале з прэтэндэнтам на каралеўскі трон Венгрыі Янам Жыгімонтам Заполья (ягоны бацька некаторы час быў венгерскім каралём) супраць германскага імператара. Малады Баторый падтрымаў Заполья, удзельнічаў у бітвах, набыў вопыт адміністратара і дыпламата. Баторый быў накіраваны на чале пасольства ў Вену на мірныя перагаворы з імператарам, але падчас перамоў па загаду імператара Максіміліяна II быў арыштаваны і інтэрнаваны ў Вене на працягу двух гадоў. Атрымаўшы свабоду, ён вярнуўся дадому і пасля смерці князя Трансільваніі Яна Жыгімонта 25 мая 1571 г. быў абраны на сойме князем Трансільваніі (Сяміграддзя), нягледзячы на супрацьдзеянне імператарскага двара. Але пасля войнаў Трансільванія была аслаблена і вымушана была прызнаць васальную залежнасць адначасова ад імператара (ён жа кароль Венгрыі) і ад турэцкага султана. Каб аказваць супраціўленне Габсбургам і султану, Баторый наладзіў добрыя стасункі з Рэччу Паспалітай і польскімі магнатамі.
У гэты час (у 1574 г.) з Кракава ў Парыж патаемна ўцёк кароль польскі і вялікі князь літоўскі Генрых Француз (Валуа), каб заняць французскі трон пасля смерці свайго старэйшага брата Карла IX. Пагоня, арганізаваная польскімі магнатамі з мэтай затрымаць караля і сілаю вярнуць яго на трон, не паспела перахапіць уцекача. Ён паспяхова дабраўся да Парыжа, дзе стаў каралём Францыі Генрыхам III (апошнім з дынастыі Валуа). Трон у тагачаснай сталіцы Рэчы Паспалітай застаўся вакантным. Трэба было выбіраць новага караля. А на ўсходніх і паўночных межах ВКЛ працягвала існаваць пагроза з боку Масквы.
Кароль у Рэчы Паспалітай, у адрозненне ад многіх еўрапейскіх краін, дзе каралеўская ўлада была спадчыннай, выбіраўся толькі пажыццёва соймам, дзе асноўныя пазіцыі займала шляхта, а не магнаты. Большасць магнатаў Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, а таксама сената была супраць кандыдатуры Баторыя, жадаючы мець каралём імператара Максіміліяна II, які быў далёка ў Вене і наязджаў бы ў краіну рэдка, а яны тады бесперашкодна кіравалі б дзяржавай. Кандыдатуру Баторыя падтрымалі уплывовы магнат Замойскі, сярэдне- і дробнамаянтковая шляхта. Дэпутаты ад Вялікага Княства Літоўскага ахвотна падтрымалі кандыдатуру Стафана Баторыя, бо ў гэты час вялася цяжкая барацьба з Маскоўскай дзяржавай і трэба было ратаваць Літву-Беларусь, а разам з ёю свае маёнткі ад бязлітасных воінаў Івана Жахлівага, якія захапілі Полацк, самы вялікі горад ВКЛ, рабавалі і знішчалі насельніцтва. Шляхце быў патрэбны спрактыкаваны палкаводзец і дыпламат. 12 снежня 1575 г. элекцыйны (выбарчы) сойм абраў Стафана Баторыя каралём Польшчы і вялікім князем Літоўскай-Беларускай дзяржавы.
Але нежанатаму Баторыю, якому было 44 гады, сойм паставіў абавязкам ажаніцца з каралеўнай Ганнай, дачкой караля і вялікага князя Жыгімонта Старога і сястрой апошняга з роду Ягелонаў Жыгімонта Аўгуста. Такім чынам як бы законна працягвалася панаванне дынастыі Ягелонаў. Баторый вымушаны быў прыняць гэтыя цяжкія ўмовы.
Ганна Ягелонка ніколі не была замужам, а ёй было ажно 54 гады. Але карона так вабіла Баторыя, што ён згадзіўся. Вядома, чакаць дзяцей ад гэтага шлюбу было дарэмна.
Стафан Баторый перад ад'ездам у Кракаў пераканаў трансільванскі сойм выбраць новым князем Трансільваніі ягонага старэйшага брата Крыстофа. Пасля гэтага ён назаўсёды пакінуў радзіму.