"Я нiчога не магу зрабiць з iм, а ён нiчога не можа зрабiць са мной, думаў ён. - Датуль, пакуль рыба вось так плыве".
Адзiн раз стары чалавек устаў i памачыўся за борт лодкi, ды паглядзеў на зоры, i праверыў свой курс. Шнур выглядаў як зiхатлiвая палоска, што падала ў ваду проста з яго плячэй. Зараз яны рухалiся павольней, водблiск агнёў Гаваны быў не гэткi моцны, такiм чынам ён зарыентаваўся, што плынь iх вiдочна нясе на ўсход. "Калi я згубiў бляск Гаваны, значыцца, мы больш падалiся на ўсход, падумаў ён. - Бо, калi б рыба не збочыла са свайго курсу, бачыў бы яго яшчэ шмат гадзiн. Цiкава было б даведацца, як там бейсбол, як сёння згулялi ў вышэйшых лiгах, - падумаў ён. - Гэта надзiва лёгка было б зрабiць, маючы радыё". Пасля ён загадаў сабе: заўсёды думай пра справу. Думай пра тое, што робiш. Не забiвай галаву нiякiм глупствам.
Потым сказаў уголас:
- Шкада, што са мною няма хлопчыка. Ён дапамагаў бы мне i глядзеў на гэта сам.
"Нiхто не павiнен быць адзiн у старым веку, - разважаў ён. - Але гэта непазбежна. Я мушу памятаць, што мне трэба з'есцi тунца, пакуль той не сапсаваўся, каб не аслабець. Памятай: не мае значэння, хочацца табе есцi або не, але ты мусiш спажыць яго ўраннi. Памятай", - сказаў ён сабе. Уночы дзве марскiя свiннi падплылi да лодкi, i яму было чутна, як яны круцiлiся i пыхкалi. Ён мог адрознiць шумнае сапенне самца ад падобнага на ўздыхi пыхання самкi.
- Гэта - добрыя iстоты, - сказаў ён. - Яны гуляюць i жартуюць, i займаюцца любошчамi. Яны нашыя браты, як лятучыя рыбы.
Потым ён стаў шкадаваць вялiкую рыбу, што зачапiлася на кручок. "Цудоўны i дзiўны марлiн, i хто ведае, колькi яму гадоў - думаў ён. - Нiколi не траплялася мне такая дужая рыбiна, i нiводная не паводзiла сябе гэткiм дзiўным чынам. Магчыма, ён занадта мудры, каб скакаць. Ён мог бы знiшчыць мяне скокамi або калi б уцякаў як шалёны. Але, магчыма, ён трапляў на кручок шмат разоў да гэтага i ведае, што яму трэба змагацца якраз так. Ён не падазрае, што супраць яго ўсяго адзiн чалавек, ды i той стары. Але якая гэта вялiзная рыбiна, i колькi грошай дадуць за яе на рынку, калi мяса добрае. Ён схапiў прынаду, як хапае самец, i ён цягне шнур, як самец, i ў ягоным змаганнi няма нi знаку панiкi. Хацеў бы я ведаць, ёсць у яго нейкiя планы цi ён у такой жа роспачы, што i я?"
Ён памятаў, як аднойчы зачапiў на кручок аднаго з пары марлiнаў. Рыба-самец заўсёды дазваляе самцы жывiцца першай, i самка, ахопленая панiкай, усчала дзiкае адчайнае змаганне, якое хутка знясiлiла яе, i ўвесь час самец заставаўся з ёю, перасякаючы ў лёце шнур i кружачы з ёю на паверхнi. Марлiн быў гэтак блiзка, што стары чалавек непакоiўся, каб той не перарэзаў шнур хвастом, вострым, як каса, i амаль гэткага памеру i формы. Калi стары чалавек ударыў яе бусаком, а потым збабоўчыў палкай, трымаючы за падобную на рапiру дзюбу з шорсткiм, як наждак, краем i б'ючы па версе галавы, пакуль самчын колер не стаўся амаль такi, як адваротны бок люстра, i потым, з хлопчыкавай дапамогай, падняў яе на борт, самец не адлучаўся ад лодкi. Пасля, у той час, як стары чалавек разблытваў шнуры i рыхтаваў гарпун, самец высока скочыў у паветра побач з лодкай, каб убачыць сваю сяброўку, а пасля пайшоў глыбока ўнiз, шырока распластаўшы свае лавандавыя грудныя плаўнiкi i паказваючы ўсе свае шырокiя лавандавыя палосы. Ён быў прыгожы, стары чалавек памятаў, i ён застаўся. "Гэта было сама сумнае здарэнне, звязанае з iмi, якое мне выпала бачыць, - падумаў стары чалавек. - Хлопчык таксама быў засмучаны, i мы папрасiлi ў яе прабачэння ды хуценька разабралi".
- Шкада, што тут няма хлопчыка, - сказаў ён уголас, прыхiлiўшыся да закругленых дошак носа лодкi, i адчуў напругу шнура на плячах, моц вялiзнай рыбiны, што кiравала той пуцявiнай, якую выбрала. "Бо аднаго разу, дзякуючы маёй падступнасцi, яму было неабходна зрабiць выбар", - падумаў стары чалавек.
Яму належала б заставацца ў глыбокiх цёмных водах, недаступным для ўсiх пастак, сiлкоў i падманаў. А што да мяне, то я мусiў дабрацца сюды i адшукаць яго, i ў гэтым пераўзысцi ўсiх людзей. Усiх людзей на зямлi. Цяпер мы злучаныя разам, былi такiя ўжо ад паўдня. I анiхто не здольны дапамагчы нiводнаму з нас.
"Мажлiва, не варта было мне iсцi ў рыбакi, - падумаў ён. - Але дзеля гэтага я нарадзiўся. Я абавязкова павiнен з'есцi тунца, калi развiднее".
Незадоўга да свiтанку штосьцi схапiла адну з прынад, што былi ззаду за iм. Ён пачуў, як трэснуў, зламаўшыся, прут, i шнур пачаў выслiзгваць цераз планшыр лодкi. У цемрадзi ён выслабанiў нож з похвы i, прымаючы ўсю напругу на левае плячо, нахiлiўся назад ды перарэзаў шнур на планшыры. Тады ён перацяў шнур, што быў найблiжэй да яго, i ў цемры звязаў вольныя канцы запасных маткоў. Ён дбала працаваў адною рукою, туга завязваючы вузлы, прыцiснуўшы маткi нагой. Зараз ён меў шэсць запасных маткоў шнура. Два - дзе былi прынады, - што ён перарэзаў, ды два з прынадай, на якую клюнула рыбiна, i ўсе яны былi злучаны.
"Пасля таго як развiднее, - падумаў ён, - я дабяруся назад да прынады, што закiнута на саракасажневую глыбiню, i перарэжу той шнур таксама ды злучу з запаснымi маткамi. Згублю дзвесце сажняў добрага каталонскага саrdеi*, а таксама кручкi ды павадкi, але iх можна замянiць. А хто заменiць мне рыбiну, калi я зачаплю на кручок другую i дазволю сарвацца першай? Не ведаю, што за рыба кагадзе клявала. Гэта мог быць марлiн або шыракадзюб**, або i акула. Я не паспеў адчуць ейную цягу, бо мусiў пазбыцца ад яе як мага хутчэй".
* Шнур (гiшп.).
** Меч-рыба.
Услых ён сказаў:
- Як я хацеў бы, каб тут быў са мной хлопчык.
Але хлопчыка няма. Ты маеш адно сябе самога, i было б найлепей, каб ты зараз папоўз назад, туды, дзе апошнi шнур, цёмна цяпер цi не цёмна, перацяў той i злучыў з двума запаснымi маткамi.
Ён так i зрабiў. Гэта было няпроста ў цемрадзi, i рыба адзiн раз так рэзка тузанула, што ён упаў i паранiў твар пад вокам. Струменьчык крывi пацёк быў па шчацэ, але згаснуў, засох, не дайшоў да падбародка, i стары чалавек дабраўся назад на нос лодкi i адпачыў там, прысланiўшыся да борта. Ён паправiў мяшок i асцярожна перасунуў шнур на другое месца на плячах, злёгку пашморгаўшы iм, каб уведаць як цягне рыба, а пасля сунуў руку ў ваду: цi хутка рухаецца лодка?
"Цiкава, чаму марлiн так рэзка рвануўся? Вiдаць, дрот слiзгануў па ягонай гарбатай спiне. Вядома, яму не можа быць гэтак блага, як маёй спiне. Але ж не будзе ён цягнуць лодку вечна, якi б вялiзны нi быў. Цяпер усё, што магло спрычынiць клопат, прыбрана з дарогi, i я маю вялiкi запас шнура, а што мне яшчэ трэба?"