- Рыба, - лагодна вымавiў ён услых, - я застануся з табою аж да майго канца.
"I марлiн застанецца са мною, так я мяркую, - падумаў ён, чакаючы, калi ж развiднее. Было холадна цяпер перад свiтаннем, i стары чалавек шчыльней прыцiснуўся да борта, каб неяк сагрэцца. - Я здольны трываць не менш часу за яго", - падумаў ён. I калi крыху заднелася, ён убачыў, як туга напяты шнур iдзе ў ваду. Лодка плыла сабе далей, а першы краёчак сонца ўпаў на правае плячо старога чалавека.
"Ён кiруе на поўнач, - падумаў стары чалавек. - Плынь добра занесла нас на ўсход. Хацеў бы я, каб ён павярнуў ды плыў разам з плынню. Гэта паказала б, што ён стамiўся".
Калi ж сонца ўзялося вышэй, стары чалавек без сумневу бачыў, што марлiн не быў стамлёны. Ён угледзеў толькi адзiн добры знак. Нахiл шнура сведчыў, што марлiн плыў на меншай глыбiнi. Гэта не азначала пэўна, што ён вынырне, пакажацца з вады. Але мог.
- Божа, хай бы ён паказаўся, - сказаў стары чалавек. - У мяне даволi шнура, каб управiцца з iм.
"Мажлiва, калi я трошкi пацягну шнур, яму будзе балюча i ён вынырне, падумаў стары чалавек. - Цяпер, калi стала светла, няхай бы ён вынырнуў з вады, каб тыя яго мяшкi ўздоўж хрыбта напоўнiлiся паветрам, бо тады ён не зможа падацца ў глыб мора канаць".
Стары чалавек паспрабаваў пабольшыць напругу шнура, але ўжо тады, калi ён падчапiў на кручок рыбiну, шнур быў напяты да апошняга, i, нахiлiўшыся назад ды тузануўшы яго, ён адчуў прыкрую рэзь i зразумеў, што нацягнуць шнур болей нельга. "Я ўвогуле не павiнен торгаць, - падумаў ён. - З кожным торганнем кручок пашырае рану, i марлiн, раптам тузануўшыся, папросту сарвецца з кручка. А ўвогуле, я чуюся лепей зараз на сонейку, тым болей што на гэты раз не мушу глядзець на яго".
На шнуры вiселi жоўтыя водарасцi, але стары чалавек ведаў, што гэта толькi затарможвае рух лодкi, i быў усцешаны. Гэта былi Затокскiя водарасцi, якiя так свяцiлiся ўночы.
- Рыба, - сказаў ён, - я люблю цябе i вельмi шаную. Але я дакончу цябе раней, як скончыцца гэты дзень.
"Хочацца спадзявацца", - падумаў ён.
З поўначы невялiкая птушка падляцела да лодкi.
Гэта была пяюка*, i ляцела яна нiзка над вадой.
* Адна з амаль сотнi вiдаў амерыканскiх пеўчых птушак, мае яркi колер.
Стары чалавек заўважыў, што тая вельмi знясiленая.
Птушка села на карму i адпачывала там. Потым яна мiльганула над галавой старога чалавека, пераляцела на шнур, дзе пачувалася ўтульней.
- Колькi гадоў табе? - Стары чалавек спытаўся ў птушкi. - Гэта твая першая вандроўка?
Птушка глянула на яго. Яна была занадта зняможаная нават для таго, каб упэўнiцца, цi трывалы шнур, i зыбалася на iм, моцна ўхапiўшыся за яго сваiмi далiкатнымi лапкамi.
- Ён тугi, - сказаў ёй стары чалавек. - Аж занадта. Нягожа быць такой стомленай пасля бязветранай начы. Што гэта сталася з птушкамi?
"Ястрабы, - падумаў ён, - тыя кiруюць у адкрытае мора наперарэз вам". Але ён нiчога не сказаў пра тое птушцы, якая ўсё адно не змагла б зразумець яго, ды i сама досыць хутка даведаецца пра ястрабаў.
- Адпачнi як след, пташка, - сказаў ён. - А потым ляцi i выкарыстай свой шанц, як любы чалавек, альбо птах, альбо i рыба.
Яму рупiла размаўляць, бо спiна яго скалела ўночы i зараз сапраўды балела.
- Заставайся пакуль у маёй хаце, птушка, калi хочаш, - сказаў ён. - Шкода, што я не магу ўзняць ветразь i ўзяць цябе з сабою, цяпер, калi пачынае дзьмуць лёгкi брыз. Бо я тутака з сябрам.
Якраз тады рыбiна раптоўна рванулася, i стары чалавек звалiўся з ног на нос лодкi i мог бы ўпасцi ў ваду, калi б не ўпёрся ў яго рукамi i не адпусцiў шнур.
Птушка паляцела, калi шнур таргануўся, стары чалавек нават не бачыў, як яна пырхнула. Ён пiльна абмацаў шнур праваю рукою i заўважыў, што з яе цячэ кроў.
- Значыцца, яго там чапiла, - сказаў ён уголас ды тузануў шнур iзноў: цi не ўдасца павярнуць марлiна ў iншы бок? Але калi адчуў, што шнур напяты да мяжы трываласцi, больш не цягнуў, трымаючы яго ў такiм стане.
- Блага цяпер табе, рыба, - сказаў ён. - I мне, ведае Бог, таксама.
Ён азiрнуўся, каб убачыць птушку, бо цяпер быў бы рады такому кампан'ёну. Але птушкi не было.
"Доўга ты тут не затрымалася, - падумаў чалавек. - Але табе будзе цяжэй там, куды ты ляцiш, пакуль не дасягнеш берага. I як гэта я дазволiў рыбiне зрэзаць мяне адным хуткiм рухам? Я, вiдаць, тупею. А можа, я пазiраў на птушачку ды разважаў пра яе. Цяпер буду звяртаць увагу толькi на сваю работу, i яшчэ я мушу з'есцi тунца, каб потым не бракавала моцы".
- Як хацеў бы я, каб хлопчык быў тут i каб я меў трохi солi, - сказаў ён уголас.
Перасунуўшы цяжар шнура на левае плячо i асцярожна ўкленчыўшы, ён абмыў руку ў акiяне i трымаў яе, апушчаную ў ваду, больш за хвiлiну, назiраючы, як цягнецца, знiкае крывавы струменьчык i плынь раўнамерна абцякае яе. Лодка ж кiравалася далей.
- Ён замарудзiў свой рух, - сказаў стары чалавек.
Ён яшчэ не выймаў бы руку з салёнай вады, але баяўся, што рыба зноўку тузане, таму ён падняўся, моцна стаў на ногi i, узняўшы руку, патрымаў яе на сонцы. Гэта шнур пекануў па ёй. Рана была якраз у рабочай частцы рукi. Ён ведаў: рукi яшчэ спатрэбяцца, i яму зусiм не хацелася быць параненым да пачатку змагання.
- А цяпер, - сказаў ён, калi яго рука высахла, - я павiнен з'есцi невялiчкага тунца. Я магу дацягнуцца да яго бусаком i паесцi тут, у камфорце.
Ён стаў на каленi, намацаў бусаком тунца пад кармой i працягнуў да сябе, стараючыся не зачапiць скруткi шнуроў.
Трымаючы шнур левым плячом iзноў i абапiраючыся левай жа рукою аб дошкi борта, ён зняў тунца з кручка бусака, а бусак паклаў на ранейшае месца. Ён прыцiснуў рыбу адным каленам i стаў нарэзваць вузкiя кавалкi цёмна-чырвонага мяса ўдоўж ад патылiцы да хваста. Гэта былi клiнаватыя кавалкi, i ён наразаў iх, пачаўшы ад хрыбта аж да краю жывата. Ён адрэзаў шэсць скрылiкаў i расклаў на носе лодкi, выцер нож аб штаны, падняў банiтаў шкiлет за хвост ды шпурнуў за борт.