Выбрать главу

Ён надта рашуча ссунуў уніз свой саламяны капялюш перад тым, як зачапіў на кручок рыбіну, і цяпер той моцна муляў лоб. Смага мучыла таксама, і ён, апусціўшыся на калені, асцерагаючыся, каб незнарок не таргануць шнур, падабраўся, наколькі здолеў, да носа лодкі і адною рукою дацягнуўся да бутэлькі з вадой. Ён адаткнуў яе і крыху адпіў. Потым трохі адпачыў на носе. Ён аддыхваўся, седзячы на непастаўленай мачце са згорнутым ветразем, — толькі б вытрываць.

Потым ён паглядзеў цераз плячо назад і ўбачыў, што на даляглядзе не відаць сушы. «Не бяда, — падумаў ён. — Я заўсёды змагу прыплыць на водбліск агнёў Гаваны. Яшчэ дзве гадзіны да заходу сонца, і, мажліва, рыба якраз выплыве. А не, дык тады, як узыдзе месяц. Калі ж не выплыве і тады, то, можа, на ўсходзе сонца. Здранцвеласці няма, і я чуюся дужым. Гэта ў яго кручок у роце. Ну і рыба, як цягне шнур! Відаць, ён шчыльна заціснуў дрот сваім ротам[23]. Хацелася б на яго паглядзець адзін раз, каб ведаць, з кім я змагаюся».

Рыба плыла ўсю ноч і, наколькі ён мог меркаваць па зорах, не мяняла свайго кірунку. Стала холадна пасля таго, як сонца зайшло, пот на спіне, на руках і на яго старых нагах высах. Днём ён узяў мяшок, якім была накрыта бляшанка з прынадай, і разаслаў яго на сонцы сушыцца. Пасля, як сонца зайшло, ён завязаў мяшок на шыі, закінуўшы яго на спіну, ды асцярожна заправіў пад шнур, што быў на плячах, як бы падклаўшы туды падушку. Цяпер ён патрапіў гэтак прыхіліцца да носа лодкі, што стаў чуцца амаль няблага. Ягонае становішча было ў сапраўднасці, можа, крыху лепшае, як раней, але ён уважаў яго за нават і не кепскае.

«Я нічога не магу зрабіць з ім, а ён нічога не можа зрабіць са мной, — думаў ён. — Датуль, пакуль рыба вось так плыве».

Адзін раз стары чалавек устаў і памачыўся за борт лодкі, ды паглядзеў на зоры, і праверыў свой курс. Шнур выглядаў як зіхатлівая палоска, што падала ў ваду проста з яго плячэй. Зараз яны рухаліся павольней, водбліск агнёў Гаваны быў не гэткі моцны, такім чынам ён зарыентаваўся, што плынь іх відочна нясе на ўсход. «Калі я згубіў бляск Гаваны, значыцца, мы больш падаліся на ўсход, — падумаў ён. — Бо, калі б рыба не збочыла са свайго курсу, бачыў бы яго яшчэ шмат гадзін. Цікава было б даведацца, як там бейсбол, як сёння згулялі ў вышэйшых лігах, — падумаў ён. — Гэта надзіва лёгка было б зрабіць, маючы радыё». Пасля ён загадаў сабе: заўсёды думай пра справу. Думай пра тое, што робіш. Не забівай галаву ніякім глупствам.

Потым сказаў уголас:

— Шкада, што са мною няма хлопчыка. Ён дапамагаў бы мне і глядзеў на гэта сам.

«Ніхто не павінен быць адзін у старым веку, — разважаў ён. — Але гэта непазбежна. Я мушу памятаць, што мне трэба з'есці тунца, пакуль той не сапсаваўся, каб не аслабець. Памятай: не мае значэння, хочацца табе есці або не, але ты мусіш спажыць яго ўранні. Памятай», — сказаў ён сабе. Уночы дзве марскія свінні падплылі да лодкі, і яму было чутна, як яны круціліся і пыхкалі. Ён мог адрозніць шумнае сапенне самца ад падобнага на ўздыхі пыхання самкі.

— Гэта — добрыя істоты, — сказаў ён. — Яны гуляюць і жартуюць, і займаюцца любошчамі. Яны нашыя браты, як лятучыя рыбы.

Потым ён стаў шкадаваць вялікую рыбу, што зачапілася на кручок. «Цудоўны і дзіўны марлін, і хто ведае, колькі яму гадоў — думаў ён. — Ніколі не траплялася мне такая дужая рыбіна, і ніводная не паводзіла сябе гэткім дзіўным чынам. Магчыма, ён занадта мудры, каб скакаць. Ён мог бы знішчыць мяне скокамі або калі б уцякаў як шалёны. Але, магчыма, ён трапляў на кручок шмат разоў да гэтага і ведае, што яму трэба змагацца якраз так. Ён не падазрае, што супраць яго ўсяго адзін чалавек, ды і той стары. Але якая гэта вялізная рыбіна, і колькі грошай дадуць за яе на рынку, калі мяса добрае. Ён схапіў прынаду, як хапае самец, і ён цягне шнур, як самец, і ў ягоным змаганні няма ні знаку панікі. Хацеў бы я ведаць, ёсць у яго нейкія планы ці ён у такой жа роспачы, што і я?»

Ён памятаў, як аднойчы зачапіў на кручок аднаго з пары марлінаў. Рыба-самец заўсёды дазваляе самцы жывіцца першай, і самка, ахопленая панікай, усчала дзікае адчайнае змаганне, якое хутка знясіліла яе, і ўвесь час самец заставаўся з ёю, перасякаючы ў лёце шнур і кружачы з ёю на паверхні. Марлін быў гэтак блізка, што стары чалавек непакоіўся, каб той не перарэзаў шнур хвастом, вострым, як каса, і амаль гэткага памеру і формы. Калі стары чалавек ударыў яе бусаком, а потым збабоўчыў палкай, трымаючы за падобную на рапіру дзюбу з шорсткім, як наждак, краем і б'ючы па версе галавы, пакуль самчын колер не стаўся амаль такі, як адваротны бок люстра, і потым, з хлопчыкавай дапамогай, падняў яе на борт, самец не адлучаўся ад лодкі. Пасля, у той час, як стары чалавек разблытваў шнуры і рыхтаваў гарпун, самец высока скочыў у паветра побач з лодкай, каб убачыць сваю сяброўку, а пасля пайшоў глыбока ўніз, шырока распластаўшы свае лавандавыя грудныя плаўнікі і паказваючы ўсе свае шырокія лавандавыя палосы. Ён быў прыгожы, стары чалавек памятаў, і ён застаўся. «Гэта было сама сумнае здарэнне, звязанае з імі, якое мне выпала бачыць, — падумаў стары чалавек. — Хлопчык таксама быў засмучаны, і мы папрасілі ў яе прабачэння ды хуценька разабралі».

вернуться

23

Для старога чалавека рыбіна, з якой ён змагаецца, сапернік, істота мужчынскага роду.