Выбрать главу

— Шкада, што тут няма хлопчыка, — сказаў ён уголас, прыхіліўшыся да закругленых дошак носа лодкі, і адчуў напругу шнура на плячах, моц вялізнай рыбіны, што кіравала той пуцявінай, якую выбрала. «Бо аднаго разу, дзякуючы маёй падступнасці, яму было неабходна зрабіць выбар», — падумаў стары чалавек.

Яму належала б заставацца ў глыбокіх цёмных водах, недаступным для ўсіх пастак, сілкоў і падманаў. А што да мяне, то я мусіў дабрацца сюды і адшукаць яго, і ў гэтым пераўзысці ўсіх людзей. Усіх людзей на зямлі. Цяпер мы злучаныя разам, былі такія ўжо ад паўдня. І аніхто не здольны дапамагчы ніводнаму з нас.

«Мажліва, не варта было мне ісці ў рыбакі, — падумаў ён. — Але дзеля гэтага я нарадзіўся. Я абавязкова павінен з'есці тунца, калі развіднее».

Незадоўга да світанку штосьці схапіла адну з прынад, што былі ззаду за ім. Ён пачуў, як трэснуў, зламаўшыся, прут, і шнур пачаў выслізгваць цераз планшыр лодкі. У цемрадзі ён выслабаніў нож з похвы і, прымаючы ўсю напругу на левае плячо, нахіліўся назад ды перарэзаў шнур на планшыры. Тады ён перацяў шнур, што быў найбліжэй да яго, і ў цемры звязаў вольныя канцы запасных маткоў. Ён дбала працаваў адною рукою, туга завязваючы вузлы, прыціснуўшы маткі нагой. Зараз ён меў шэсць запасных маткоў шнура. Два — дзе былі прынады, — што ён перарэзаў, ды два з прынадай, на якую клюнула рыбіна, і ўсе яны былі злучаны.

«Пасля таго як развіднее, — падумаў ён, — я дабяруся назад да прынады, што закінута на саракасажневую глыбіню, і перарэжу той шнур таксама ды злучу з запаснымі маткамі. Згублю дзвесце сажняў добрага каталонскага cardei[24], а таксама кручкі ды павадкі, але іх можна замяніць. А хто заменіць мне рыбіну, калі я зачаплю на кручок другую і дазволю сарвацца першай? Не ведаю, што за рыба кагадзе клявала. Гэта мог быць марлін або шыракадзюб[25], або і акула. Я не паспеў адчуць ейную цягу, бо мусіў пазбыцца ад яе як мага хутчэй».

Услых ён сказаў:

— Як я хацеў бы, каб тут быў са мной хлопчык.

Але хлопчыка няма. Ты маеш адно сябе самога, і было б найлепей, каб ты зараз папоўз назад, туды, дзе апошні шнур, цёмна цяпер ці не цёмна, перацяў той і злучыў з двума запаснымі маткамі.

Ён так і зрабіў. Гэта было няпроста ў цемрадзі, і рыба адзін раз так рэзка тузанула, што ён упаў і параніў твар пад вокам. Струменьчык крыві пацёк быў па шчацэ, але згаснуў, засох, не дайшоў да падбародка, і стары чалавек дабраўся назад на нос лодкі і адпачыў там, прысланіўшыся да борта. Ён паправіў мяшок і асцярожна перасунуў шнур на другое месца на плячах, злёгку пашморгаўшы ім, каб уведаць як цягне рыба, а пасля сунуў руку ў ваду: ці хутка рухаецца лодка?

«Цікава, чаму марлін так рэзка рвануўся? Відаць, дрот слізгануў па ягонай гарбатай спіне. Вядома, яму не можа быць гэтак блага, як маёй спіне. Але ж не будзе ён цягнуць лодку вечна, які б вялізны ні быў. Цяпер усё, што магло спрычыніць клопат, прыбрана з дарогі, і я маю вялікі запас шнура, а што мне яшчэ трэба?»

— Рыба, — лагодна вымавіў ён услых, — я застануся з табою аж да майго канца.

«І марлін застанецца са мною, так я мяркую, — падумаў ён, чакаючы, калі ж развіднее. Было холадна цяпер перад світаннем, і стары чалавек шчыльней прыціснуўся да борта, каб неяк сагрэцца. — Я здольны трываць не менш часу за яго», — падумаў ён. І калі крыху заднелася, ён убачыў, як туга напяты шнур ідзе ў ваду. Лодка плыла сабе далей, а першы краёчак сонца ўпаў на правае плячо старога чалавека.

«Ён кіруе на поўнач, — падумаў стары чалавек. — Плынь добра занесла нас на ўсход. Хацеў бы я, каб ён павярнуў ды плыў разам з плынню. Гэта паказала б, што ён стаміўся».

Калі ж сонца ўзялося вышэй, стары чалавек без сумневу бачыў, што марлін не быў стамлёны. Ён угледзеў толькі адзін добры знак. Нахіл шнура сведчыў, што марлін плыў на меншай глыбіні. Гэта не азначала пэўна, што ён вынырне, пакажацца з вады. Але мог.

— Божа, хай бы ён паказаўся, — сказаў стары чалавек. — У мяне даволі шнура, каб управіцца з ім.

«Мажліва, калі я трошкі пацягну шнур, яму будзе балюча і ён вынырне, — падумаў стары чалавек. — Цяпер, калі стала светла, няхай бы ён вынырнуў з вады, каб тыя яго мяшкі ўздоўж хрыбта напоўніліся паветрам, бо тады ён не зможа падацца ў глыб мора канаць».

вернуться

24

Шнур (гішп.).

вернуться

25

Меч-рыба.