Стары чалавек паспрабаваў пабольшыць напругу шнура, але ўжо тады, калі ён падчапіў на кручок рыбіну, шнур быў напяты да апошняга, і, нахіліўшыся назад ды тузануўшы яго, ён адчуў прыкрую рэзь і зразумеў, што нацягнуць шнур болей нельга. «Я ўвогуле не павінен торгаць, — падумаў ён. — З кожным торганнем кручок пашырае рану, і марлін, раптам тузануўшыся, папросту сарвецца з кручка. А ўвогуле, я чуюся лепей зараз на сонейку, тым болей што на гэты раз не мушу глядзець на яго».
На шнуры віселі жоўтыя водарасці, але стары чалавек ведаў, што гэта толькі затарможвае рух лодкі, і быў усцешаны. Гэта былі Затокскія водарасці, якія так свяціліся ўночы.
— Рыба, — сказаў ён, — я люблю цябе і вельмі шаную. Але я дакончу цябе раней, як скончыцца гэты дзень.
«Хочацца спадзявацца», — падумаў ён.
З поўначы невялікая птушка падляцела да лодкі.
Гэта была пяюка[26], і ляцела яна нізка над вадой.
Стары чалавек заўважыў, што тая вельмі знясіленая.
Птушка села на карму і адпачывала там. Потым яна мільганула над галавой старога чалавека, пераляцела на шнур, дзе пачувалася ўтульней.
— Колькі гадоў табе? — Стары чалавек спытаўся ў птушкі. — Гэта твая першая вандроўка?
Птушка глянула на яго. Яна была занадта зняможаная нават для таго, каб упэўніцца, ці трывалы шнур, і зыбалася на ім, моцна ўхапіўшыся за яго сваімі далікатнымі лапкамі.
— Ён тугі, — сказаў ёй стары чалавек. — Аж занадта. Нягожа быць такой стомленай пасля бязветранай начы. Што гэта сталася з птушкамі?
«Ястрабы, — падумаў ён, — тыя кіруюць у адкрытае мора наперарэз вам». Але ён нічога не сказаў пра тое птушцы, якая ўсё адно не змагла б зразумець яго, ды і сама досыць хутка даведаецца пра ястрабаў.
— Адпачні як след, пташка, — сказаў ён. — А потым ляці і выкарыстай свой шанц, як любы чалавек, альбо птах, альбо і рыба.
Яму рупіла размаўляць, бо спіна яго скалела ўночы і зараз сапраўды балела.
— Заставайся пакуль у маёй хаце, птушка, калі хочаш, — сказаў ён. — Шкода, што я не магу ўзняць ветразь і ўзяць цябе з сабою, цяпер, калі пачынае дзьмуць лёгкі брыз. Бо я тутака з сябрам.
Якраз тады рыбіна раптоўна рванулася, і стары чалавек зваліўся з ног на нос лодкі і мог бы ўпасці ў ваду, калі б не ўпёрся ў яго рукамі і не адпусціў шнур.
Птушка паляцела, калі шнур таргануўся, стары чалавек нават не бачыў, як яна пырхнула. Ён пільна абмацаў шнур праваю рукою і заўважыў, што з яе цячэ кроў.
— Значыцца, яго там чапіла, — сказаў ён уголас ды тузануў шнур ізноў: ці не ўдасца павярнуць марліна ў іншы бок? Але калі адчуў, што шнур напяты да мяжы трываласці, больш не цягнуў, трымаючы яго ў такім стане.
— Блага цяпер табе, рыба, — сказаў ён. — І мне, ведае Бог, таксама.
Ён азірнуўся, каб убачыць птушку, бо цяпер быў бы рады такому кампан'ёну. Але птушкі не было.
«Доўга ты тут не затрымалася, — падумаў чалавек. — Але табе будзе цяжэй там, куды ты ляціш, пакуль не дасягнеш берага. І як гэта я дазволіў рыбіне зрэзаць мяне адным хуткім рухам? Я, відаць, тупею. А можа, я пазіраў на птушачку ды разважаў пра яе. Цяпер буду звяртаць увагу толькі на сваю работу, і яшчэ я мушу з'есці тунца, каб потым не бракавала моцы».
— Як хацеў бы я, каб хлопчык быў тут і каб я меў трохі солі, — сказаў ён уголас.
Перасунуўшы цяжар шнура на левае плячо і асцярожна ўкленчыўшы, ён абмыў руку ў акіяне і трымаў яе, апушчаную ў ваду, больш за хвіліну, назіраючы, як цягнецца, знікае крывавы струменьчык і плынь раўнамерна абцякае яе. Лодка ж кіравалася далей.
— Ён замарудзіў свой рух, — сказаў стары чалавек.
Ён яшчэ не выймаў бы руку з салёнай вады, але баяўся, што рыба зноўку тузане, таму ён падняўся, моцна стаў на ногі і, узняўшы руку, патрымаў яе на сонцы. Гэта шнур пекануў па ёй. Рана была якраз у рабочай частцы рукі. Ён ведаў: рукі яшчэ спатрэбяцца, і яму зусім не хацелася быць параненым да пачатку змагання.
— А цяпер, — сказаў ён, калі яго рука высахла, — я павінен з'есці невялічкага тунца. Я магу дацягнуцца да яго бусаком і паесці тут, у камфорце.
Ён стаў на калені, намацаў бусаком тунца пад кармой і працягнуў да сябе, стараючыся не зачапіць скруткі шнуроў.
Трымаючы шнур левым плячом ізноў і абапіраючыся левай жа рукою аб дошкі борта, ён зняў тунца з кручка бусака, а бусак паклаў на ранейшае месца. Ён прыціснуў рыбу адным каленам і стаў нарэзваць вузкія кавалкі цёмна-чырвонага мяса ўдоўж ад патыліцы да хваста. Гэта былі клінаватыя кавалкі, і ён наразаў іх, пачаўшы ад хрыбта аж да краю жывата. Ён адрэзаў шэсць скрылікаў і расклаў на носе лодкі, выцер нож аб штаны, падняў банітаў шкілет за хвост ды шпурнуў за борт.