Ён адчуў правай рукой, што рыба тузае шнур не гэтак, як раней, і тады ўбачыў, што шнур мае інакшы нахіл. Пасля, калі ён налёг на шнур, а левай рукой моцна і хутка ляпнуў па сцягне, то ўбачыў, як шнур паціху ідзе ўгору.
— Ён выплывае на паверхню, — сказаў стары чалавек. — Ажывай, рука. Калі ласка, ажывай.
Шнур выходзіў паволі, але няспынна, і неўзабаве паверхня вады ўзнялася перад лодкай, і марлін выплыў. Ён выныраў несканчона доўга, і вада сцякала з ягоных бакоў. Яскравы на сонцы, галаву і спіну ён меў цёмна-ліловыя, а шырокія палосы на баках — светлага лавандавага колеру. Яго шабля была доўгая, як бейсбольная бітка, і звужаная, што рапіра, і ён падняўся на ўвесь рост з вады і пасля зноўку сягнуў туды, плаўна, усё адно як ныральшчык, і стары чалавек бачыў, як хаваецца ў вадзе вялізны, падобны на лязо касы, хвост і як папоўз уніз шнур.
— Ён на два футы даўжэйшы за мой човен, — сказаў стары чалавек.
Шнур ішоў уніз хутка, але не сутаргава, і рыба не была спуджаная. Стары чалавек намагаўся абедзвюма рукамі ўтрымліваць такую напругу, якая яшчэ была бяспечная. Ён ведаў, што калі не здолее запаволіць рыбу разважным мерным ціскам, тая можа забраць увесь шнур і парваць.
«Гэта вялізны марлін, і я мушу адужаць яго, — падумаў ён. — Я не павінен дазволіць яму ўведаць сваю ўласную моц, ані тое, што ён мог бы зрабіць, пусціўшыся наўцёкі. Калі б гэта быў я, дык напружыў бы ўсе свае сілы і даў ходу, пакуль штосьці не парвалася б. Але, дзякуй Богу, яны не такія разумныя, як мы, хто выймае з іх дух, хоць яны болей спрытныя і высакародныя за нас».
Стары чалавек бачыў шмат велізарных рыбін. Гэткіх, што важылі больш за тысячу фунтаў, і за сваё жыццё злавіў дзвюх такога памеру, але не адзін. А зараз адзін — і на даляглядзе не відаць сушы — ён быў прывязаны да найвялікшай рыбы, якую калі-небудзь бачыў, большай за тыя, пра якіх чуў, і сцятыя пальцы на ягонай левай руцэ былі па-ранейшаму як сціснутыя арліныя кіпцюры.
«Але рука разагнецца, — падумаў ён. — Ну, так, яна разагнецца, каб дапамагчы правай руцэ. Гэта тры браты: рыба і абедзве мае рукі. Яна павінна разагнуцца. Не надта годна з яе боку быць здранцвелай». Рыба ізноў запаволіла свой рух і плыла са звыклай хуткасцю.
«Хацеў бы я ведаць, чаго ён вынырнуў, — падумаў стары чалавек. — Ці не дзеля таго, каб паказаць мне, які ён вялікі. Зараз я ведаю хоць гэта, — падумаў ён. — Я хацеў бы паказаць яму, што за чалавек я. Але ж ён убачыў бы скручаную руку. Няхай ён думае, што я магутнейшы, чым ёсць, і такі я і буду. Калі б я быў рыбай, — падумаў стары чалавек, — хай бы ён меў усё, што мае, супроць адной маёй волі ды майго розуму».
Ён зручна ўладкаваўся, адчуваючы трываласць борта, і, здавалася, без вялікіх высілкаў пераносіў цяжкасці, і рыба звыкла плыла сабе, і лодка паволі кіравалася па цёмнай вадзе. Вятрыска, які прыйшоў з усходу, прынёс з сабой невялікае хваляванне, апоўдні левая рука старога чалавека ажыла.
— Благая навіна для цябе, рыба, — сказаў ён і пасунуў шнур на мяшку, што акрываў ягоныя плечы.
Уладзіўшыся як найямчэй, ён усё ж пакутаваў, хоць не прызнаваўся ў тым нават самому сабе.
— Я не набожны, — вымавіў ён. — Але я прачытаю дзесяць «Ойчаў нашых» і дзесяць «Анёльскіх прывітанняў», каб злавіць гэтую рыбу, і я абяцаю зрабіць пілігрымку да Кабрэнскай Божай Маці, калі злаўлю. Вось маё абяцанне.
Ён пачаў чытаць малітвы. Часам так стамляўся, што не ўспаміналіся словы, і тады ён стаў чытаць як найхутчэй, каб словы прыходзілі аўтаматычна. «Анёльскае прывітанне» лягчэй казаць, як «Ойча наш», — падумаў ён.
— Вітай, Марыя, поўная ласкі, Госпад з табою, блаславёная ты між жанчынамі і блаславёны плод улоння твайго — Езус. Святая Марыя, Маці Божая, маліся за нас грэшных цяпер і ў хвіліну смерці нашай. Амін. — І ён дадаў: — Блаславёная Панна, маліся, каб гэты марлін навярнуў галавой. Хоць ён і цудоўны.
Прачытаўшы малітвы і чуючыся нашмат лепей, але пакутуючы па-ранейшаму, а мо і трохі болей, ён прыхінуўся да носа лодкі і стаў разварушваць пальцы левай рукі.
Сонца прыпякала, хоць і пачаў дзьмуць лагодны ветрык.
— Варта было б зноў начапіць рыбку ды закінуць з кармы той малы шнур, — сказаў ён. — Калі рыба захоча заставацца ў моры і наступную ноч, мне спатрэбіцца нешта есці. Вады і то засталося на дне бутэлькі. Не думаю, што мне ўдасца злавіць тут штосьці, апроч дэльфіна. Але свежы і ён прыймальны. Добра было б, каб лятучая рыба завітала на борт уначы. Але ж у мяне няма жаднага святла, што вабіла б іх сюды. Лятучая рыба выдатная на смак сырая, і мне не трэба будзе разрэзваць яе на кавалкі. Я мушу ашчаджаць усе свае сілы. Хрысце, я не ведаў, што ён гэткі вялізны.