— І ўсё ж ты спусціш дух, — сказаў стары чалавек. — Ва ўсёй сваёй велічы і бляску.
«Хоць гэта і несправядліва, — падумаў ён. — Але я пакажу яму, на што здатны чалавек і што чалавек можа вытрываць».
— Я гаварыў хлопчыку, што я незвычайны чалавек, — сказаў ён. — Зараз я павінен гэта даказаць.
Не мела значэння, што ён даказваў такое сцвярджэнне тысячу разоў. Цяпер ён даказвае ізноў. Кожны раз быў новым разам, і, даказваючы, ён ніколі не думаў пра мінулае.
«Як добра было б, каб ён заснуў і каб я мог заснуць і сніць пра львоў, — падумаў стары чалавек. — Чаму менавіта яны, ільвы, заселі ў маёй памяці? Не разважай, старэча, — сказаў ён сабе. — Давай, прыхініся да борта і ні пра што не думай. Ён працуе. А ты асабліва не намагайся».
Было ўжо, можна сказаць, папаўдні, лодка паволі плыла тым жа кірункам. Але зараз яе падштурхоўваў і ветрык з усходу. Стары чалавек у лодцы мякка саслізгваў з хвалі на хвалю, і нават боль ад шнура ўпоперак спіны здаваўся яму зусім не пакутлівы.
Неяк пасля паўдня шнур пачаў узнімацца зноў. Аднак рыба ўсяго толькі паднялася трохі вышэй. Сонца ўгравала левую руку і плячо старога чалавека, ды ягоную спіну, і, такім чынам, ён зразумеў, што рыба павярнула на паўночны ўсход.
Зараз, калі ён ужо бачыў яго, ён мог уявіць сабе, як марлін плавае ў вадзе з распасцёртымі, нібы крылы, фіялетавымі груднымі плаўнікамі, кроячы цемру прамым вялізным хвастом. «Цікава, што ён бачыць на такой глыбіні, — падумаў стары чалавек. — Ягонае вока з кулак, у каня яно куды меншае, але той здатны бачыць у цемры. Некалі я зусім няблага бачыў у цемры, не ў поўнай, вядома. Не нашмат горш за ката».
Сонечная цяпло і тое, што стары чалавек варушыў і варушыў пальцамі, зняло здранцвеласць з левай рукі поўнасцю, і ён пачаў перакладваць на яе ўсё больш работы ды пацепваць мускуламі спіны, каб трошкі перасунуць балючы шнур.
— Калі ты не стамілася, рыба, — сказаў ён уголас, — дык ты вельмі дзіўная.
Ён чуўся зняможаным і ведаў, што неўзабаве прыйдзе ноч, і стараўся думаць пра іншыя рэчы. Ён думаў пра Вялікія Лігі (для яго яны былі Огап Ligаs), памятаючы, што «Янкі» з Ню-Ёрка гулялі з дэтройцкімі «Тыграмі».
«Другі дзень мінае, як я не ведаю вынікаў juegos[31], — падумаў ён. — Але я не павінен губляць веры, і я мушу быць вартым вялікага Дзі Маджыа, які ўсё робіць дасканала, перасільваючы нават боль ад пятачнай шпоры. Што гэта за штука: пятачная шпора? — спытаўся ён у самога сябе.
У нас яе ніколі не бывае. Няўжо ад яе гэтак жа балюча, як ад шпоры байцовага пеўня ў пяту? Наўрад ці я здолеў бы вытрываць гэта або страту вока ці абодвух вачэй ды працягваць змагацца, як тыя байцовыя пеўні. Чалавек не роўня найлепшым птахам і звярам. Усё ж я ахвотней быў бы той істотай, што цяпер там, пада мною, у цемрадзі мора».
— Пакуль не завіталі акулы, — сказаў ён услых. — Завітаюць акулы — Божа, ратуй яго і мяне.
«Як табе здаецца, ці вартаваў бы гэтую рыбіну вялікі Дзі Маджыа так доўга, як вартавацьму я? — задаў ён сабе пытанне. — Я перакананы, што ён быў бы тут яшчэ лепшы за мяне, бо малады і дужы. Ягоны бацька таксама быў рыбак. Дык ці надта балюча яму ад той пятачнай шпоры?»
— Не ведаю, — уголас вымавіў ён. — Пятачнай шпоры ў мяне ніколі не было.
Калі сонца зайшло, стары чалавек прыгадаў, каб надаць сабе ўпэўненасці, як некалі ў таверне ў Касабланцы ён дужаўся, чыя рука мацнейшая, з вялізным неграм з Сьенфуэгаса, які быў наймацнейшым хлопцам ва ўсім порце. Яны правялі адзін дзень і адну ноч, упіраючы локці ў накрэсленую крэйдай на стале рысу, з выпрастанымі перадплеччамі, намёртва счапіўшы рукі. Кожны намагаўся пакласці руку другога на стол. Багата хто біўся аб заклад, людзі заходзілі і пакідалі пакой, асветлены газніцамі, а ён глядзеў на неграву ручышчу, на ягоную кісць і ў твар яму. Яны змянялі рэферы кожныя чатыры гадзіны пасля першых васьмі, каб суддзі маглі паспаць. Кроў выступіла з-пад ягоных пазногцяў і негравых, і яны пазіралі адзін аднаму ў вочы і на рукі, і на перадплеччы, і спрачальнікі прыходзілі і выходзілі з пакоя, а то ўсаджваліся на высокія крэслы, што стаялі каля сцяны, ды назіралі. Лямпы кідалі цені на драўляныя афарбаваныя яскравым блакітам сцены. Неграў цень быў велізарны, і ён поўз па сцяне, калі вецер раскалыхваў лямпы.