Выбрать главу

«Цяпер працуй ты, рыбіна, — падумаў ён. — Я вазьмуся за цябе, калі ты павернеш назад».

Мора добра-такі ўзнялося. Але гэта быў вецер, які суправаджае добрае надвор'е, і стары чалавек мецьме ў ім патрэбу, калі рушыць дадому.

— Я папросту буду кіраваць на поўдзень і захад, — сказаў ён. — Чалавек не заблудзіць у моры, ды і выспа нашая доўгая.

Марлін рабіў трэці абарот, калі ён упершыню ўбачыў яго. Дакладней, убачыў цёмны цень, які праплываў пад лодкай гэтулькі часу, што стары чалавек не даваў веры: няўжо той такі даўжэразны?

— Ды не, — сказаў ён. — Не можа ён быць гэткі вялізны.

Але ён быў гэткі вялізны, і напрыканцы свайго круга выплыў на паверхню ўсяго за трыццаць ярдаў ад лодкі, і чалавек угледзеў ягоны хвост, што вытыркаўся з вады: вышэйшы за вялікае лязо касы, лавандавага колеру, надта бледнага асабліва над цёмна-сіняй вадой. Той падаўся назад, і калі марлін плыў яшчэ зусім блізка ля паверхні, стары чалавек мог бачыць агромністае тулава, спярэшчанае фіялетавымі палосамі. Спінны плаўнік быў апушчаны ўніз, а велізарныя грудныя плаўнікі — шырока распасцёртыя.

Падчас гэтага кругу стары чалавек нават разгледзеў ягонае вока і ўбачыў дзвюх шэрых рыб-прыліп. Прыліпы то прысмоктваліся да яго, то кідаліся наўцёкі, а то спакойна плавалі ў ягоным цяні. Кожная з іх была ў даўжыню больш за тры футы, і калі яны хутка плылі, то, выгінаючыся, шлёгалі ўсім сваім целам, як вугры.

Стары чалавек цяпер моцна пацеў, але ад нечага яшчэ апрача сонца. З кожным спакойным ціхамірным абаротам, што рабіла рыба, шнур у лодцы доўжыўся, і стары чалавек быў упэўнены, што пасля двух наступных абаротаў ён займее мажлівасць уторкнуць у марліна гарпун.

«Але я мушу прысунуць яго бліжэй, бліжэй, бліжэй, — думаў ён. — Я не павінен цаляць у галаву. Трэба лупануць у сэрца».

— Будзь спакойны і моцны, стары дружа, — наказаў ён сабе.

На гэты раз марлінава спіна вылезла з вады, але ён быў крыху далекавата ад лодкі. Падчас другога кругу той па-ранейшаму быў занадта далёка, але болей высунуўся з вады, і стары чалавек не сумняваўся, што калі яшчэ трохі выбярэ шнур, то падцягне марліна да самога борта.

Гарпун ён падрыхтаваў даўно, маток тонкай вяроўкі ляжаў у круглым кошыку, а ейны канец быў прымацаваны да бітэнга на носе.

Робячы свой чарговы круг, паказалася рыбіна, спакойная і прыгожая, варушыўся толькі хвост. Стары чалавек напяў шнур як мог, каб наблізіць яе да лодкі. Усяго на нейкі момант рыбіна злёгку павярнулася на бок. Пасля выпрасталася і распачала новы круг.

— Я зрушыў яго з месца, — сказаў стары чалавек. — Усё-такі я зварухнуў яго!

На старога чалавека зноў наплыла млоснасць, але ён трымаў вялізную рыбіну, напружваючыся што было моцы. «Я зварухнуў яго, — думаў ён. — Магчыма, на гэты раз я адолею. Цягніце, рукі, — падумаў ён. — Трымайце, ногі. Трывай, мая галава. Трывай дзеля мяне. Ты ніколі не адключалася. На гэты раз я перавярну яго».

Але калі стары чалавек задоўга да таго, як марлін зраўняўся з лодкай, намагаючыся з усіх жыл пачаў выцягваць яго, той крыху павярнуўся бокам, потым выпрастаўся і адплыў.

— Рыба, — сказаў стары чалавек. — Рыба, усё роўна цяпер ты памрэш. Дык табе трэба забіць мяне таксама?

«Гэтым нічога не дасягнеш», — падумаў ён. Ягоны рот занадта перасох, каб гаварыць, але зараз ён не мог дацягнуцца да вады. «На гэты раз неабходна прыцягнуць яго да борта, — падумаў стары чалавек. — На шмат абаротаў мяне ўжо не хопіць. Не, цябе хопіць. Цябе хапацьме заўжды».

Падчас наступнага абарота ён ледзь не займеў яго. Але зноўку рыбіна выпрасталася і паволі паплыла сабе.

«Ты зніштажаеш мяне, рыба, — падумаў стары чалавек. — Але ты маеш на гэта права. Я ніколі не бачыў велічэзнейшай ці прыгажэйшай, ці спакайнейшай або шляхетнейшай істоты за цябе, браце. Давай! Канчай са мной, рыба. Мне ўсё адно, хто каго заб'е.

Нешта нядобрае робіцца з тваёй галавой, — падумаў ён. — А яна павінна быць ясная. Май ясную галаву і ўмей цярпець, як мужчына. Ці як рыба», — падумаў ён.

— Ясней, мая галава, — сказаў ён голасам, які ледзьве пачуў сам. — Ясней.

Яшчэ двойчы марлінавы абароты заканчваліся гэтак жа.

«Не ведаю, — думаў стары чалавек, — ці што ў мяне атрымаецца. — Кожны раз ён траха не страчваў прытомнасці. — Не ведаю. Але яшчэ раз паспрабую».

Стары чалавек паспрабаваў яшчэ раз і адчуў, што яго апаноўвае млоснасць, калі ён павярнуў рыбіну на бок. Тая выпрасталася і зноў паволі адплыла, пайгойдваючы вялізным хвастом у паветры.

«Я паспрабую яшчэ», — паабяцаў стары чалавек, хоць ягоныя рукі зрабіліся ліпкія, а вочы замгліліся і толькі ў мігі праяснення бачылі добра.