— Каб падлічыць, мне патрэбны аловак, — сказаў ён. — Галава мая не нагэтулькі ясная. Але, думаю, вялікі Дзі Маджыа сёння мною ганарыўся б. Я ніколі не меў пятачных шпораў. Але мае рукі і спіна напраўду баляць. Цікава, што за яна: пятачная шпора? Магчыма, яны ў нас бываюць, а мы пра тое нават не здагадваемся.
Стары чалавек прымацаваў марліна да носа кармы і да сярэдняй лаўкі. Той быў такі вялікі, як быццам гэта прывязалі да борта яшчэ адзін, нашмат большы човен. Ён адрэзаў кавалак шнура ды падвязаў ніжнюю сківіцу рыбіны да глюгі, каб рот не разяўляўся і яны плылі як найбольш плаўна. Тады ён паставіў мачту і з палкай, якая служыла гафелем, і з аснашчаным гікам, пад латаным ветразем, што напоўніўся ветрам, пакіраваў, паўлежачы на карме, сваю лодку на паўднёвы захад.
Яму не патрэбны быў компас, каб вызначыць, дзе паўднёвы захад. Стары чалавек павінен быў толькі адчуваць пасат, куды той дзьме, і як ветразь яго забірае. Варта было б закінуць маленькі шнур з блешняй на ім, можа, удалося б што злавіць ды з'есці і змачыць губы. Але ён не змог знайсці блешні, а ягоныя сардзіны пагнілі. Тады ён падчапіў бусаком, плывучы, жмут жоўтых Затоцкіх водарасцей і трасянуў імі. Малыя шрымсы, што былі там, пападалі на дошкі чоўна. Больш за тузін шрымсаў скакала і перабірала ножкамі, як пясчаныя блохі. Стары чалавек адшчыкваў іхнія галовы вялікім і ўказальным пальцамі і еў, перажоўваючы шкарлупкі і хвосцікі. Шрымсы былі малюпасенькія, але, ведаў ён, спажыўныя, ды і смак яны мелі прыемны.
У старога чалавека яшчэ засталіся два глыткі вады ў бутэльцы, і палову глытка ён выпіў пасля таго, як з'еў шрымсы. Човен плыў няблага, уважаючы на ўсе непазбежныя нязручнасці, і стары чалавек кіраваў, трымаючы руку на румпелі. Ён мог бачыць рыбіну і павінен быў адно зірнуць на свае рукі і адчуць, што спіна яго абапёртая аб карму, каб упэўніцца, што гэта сапраўды адбылося, што гэта не сон. Адзін час напрыканцы, калі стары чалавек чуўся страшэнна блага, ён вагаўся: ці не сон гэта? Тады, калі ён убачыў як рыба выходзіць з вады і нерухома вісіць у паветры, перш як упасці, стары чалавек быў упэўнены, што стаўся сведкам якойсьці незвычайнае дзіўнае праявы, і не мог даць ёй веры. Тады ў яго было кепска са зрокам, але цяпер бачыў ён як заўсёды добра.
Цяпер ён ведаў, што гэта не сон, як не сон ягоныя рукі і спіна. «Рукі лечацца хутка, — падумаў ён. — Ранкі пакрывавілі колькі трэба, а салёная вада іх загоіць. Цёмная вада праўдзівага затона — найвялікшы з усіх лекараў. Адзіны мой клопат: каб галава была ясная. Рукі зрабілі сваю справу, і мы плывём добра. З ягоным завязаным ротам і простым, як свечка, хвастом, мы плывём, як браты». Пасля ў галаве яго трохі памутнела, і ён падумаў: «Ці гэта я вязу рыбіну, ці рыбіна вязе мяне? Калі б я валачыў марліна за сабой, пытанняў не было б. Як і тады, калі б рыбіна была ў чоўне, пазбыўшыся ўсяе свае годнасці». Але яны плылі разам, бок у бок. І стары чалавек вырашыў: «Хай гэта ён вязе мяне, калі яму прыемна так думаць. Я ўдалейшы за яго толькі праз штукарства, а ён не зычыў мне ліха».
Яны плылі паспяхова, і стары чалавек мачыў рукі ў салёнай вадзе ды стараўся захоўваць галаву яснай. Па небе вандравалі высокія кучавыя воблакі, а над тымі ладна было перыстых, і стары чалавек ведаў, што вецер будзе дзьмуць цэлую ноч. Ён увесь час паглядваў на рыбіну, каб пераканацца, што гэта яму не сніцца. Мінула гадзіна, пакуль першая акула сягнула на яе.
Акула не была выпадковасцю. Яна выплыла з нетраў вод, калі цёмнае воблака крыві ўтварылася і рассеялася ў глыбозным, з мілю, моры. Выплыла борзда і без якой-кольвек асцярогі, разламала паверхню блакітнай вады і апынулася пад праменнем сонца. Пасля яна сіганула назад у мора, ухапіла пах і паплыла тым жа курсам, што і човен з рыбінай.
Часам акула губляла пах. Але яна адшуквала той зноў або задавальнялася толькі следам яго і адольвала свой шлях шпарка і настойліва. Гэта была вельмі буйная акула пароды мака, складзеная, створаная плаваць гэтак жа хутка, як сама хуткая рыба ў моры, і ўсё ў яе было файнае апрача пашчы. Спіна такая ж сіняя, як у меч-рыбы, жывот срэбраны, шкура гладкая і прыгожая. Яна была гэтак жа складзена, як меч-рыба, але мела велізарную пашчу, шчыльна закрытую зараз, калі акула імкліва плыла ля самай паверхні, зацята рэжучы ваду высокім спінным плаўніком. Унутры сціснутай зараз двайной губы ейнай пашчы меліся восем шэрагаў зубоў, нахіленых усярэдзіну. То не былі звычайныя пірамідальнай формы зубы, што мае бальшыня акул. Яны нагадвалі чалавечыя пальцы, загнутыя кіпцюрамі. Амаль што гэткай даўжыні, як пальцы старога чалавека, яны мелі па баках вострыя, што брытва, лёзы. Гэта была рыбіна, створаная жывіцца ўсімі рыбамі ў моры, якія былі занадта хуткія, дужыя і добра ўзброеныя, каб асцерагацца якога іншага ворага. Зараз яна паддала ходу, учуўшы свяжэйшы пах, і ейны сіні спінны плаўнік расцінаў ваду. Калі стары чалавек убачыў акулу, ён ведаў: гэтая не баіцца анічога і рабіцьме акурат тое, чаго жадае. Ён падрыхтаваў гарпун і прымацаваў вяроўку і пры гэтым сачыў, як акула набліжаецца. Вяроўка была караткаватая, той кавалак, што ён адрэзаў, каб прывязаць рыбіну да лодкі, не пашкодзіў бы.