Галава старога чалавека была цяпер ясная, пачуваўся ён здаровым і поўным рашучасці, але меў мала надзеі. «Гэта было занадта добра, каб не скончыцца», — падумаў стары чалавек. Ён глянуў на вялізную рыбіну, да якой блізілася акула. Горш не было б, калі б гэта быў сон. «Я не магу ўтрымаць яе ад нападу на мяне, але, мажліва, здолею яе ўлавіць. Dentuso[36], — сказаў ён у думках. — Трасца тваёй матары».
Акула імкліва падплыла да кармы, і калі яна ўхапілася за рыбіну, стары чалавек убачыў ейны разяўлены рот і дзіўныя вочы, убачыў, як тая рынулася наперад, і пачуў, як ейныя зубы са шчоўканнем секанулі мяса якраз ля хваста. Акулава галава была над паверхняй мора, і спіна ейная паказвалася з вады, і стары чалавек мог чуць, як акула з трэскам ірвала скуру і мяса марліна, і ён убіў ёй гарпун у галаву, у месцы, дзе лінія паміж вачыма перасякаецца з лініяй, што пачынаецца ад носа. Але такіх ліній у яе не мелася. Была толькі цяжкая завостраная блакітная галава ды вялікія вочы, ды выпнутыя сківіцы, якія глыталі, шчоўкаючы, усё, што хапалі. Але тут быў мозг, і стары чалавек ударыў па ім. Ён нанёс удар сваімі вільготна-скрываўленымі рукамі, загнаўшы добры гарпун што было змогі. Загнаў яго без надзеі, але з рашучасцю і шчырай злазычнасцю.
Акула перакруцілася, і стары чалавек убачыў, што ейнае вока нежывое. Потым яна перакруцілася яшчэ раз, загортваючы сябе ў дзве вяровачныя пятлі. Стары чалавек ведаў, што акула мёртвая, але тая не жадала з гэтым пагадзіцца. Пасля, лежачы на спіне, лупячы хвастом і шчоўкаючы сківіцамі, акула плужыла ваду, як гэта робіць быстраходная маторная лодка. Вада сталася белая там, дзе яна біла па ёй хвастом, і тры чвэрці тулава выступалі над вадой, ажно вяроўка напнулася, задрыжала і лопнула. Кароткі прамежак часу акула спакойна ляжала на паверхні, а стары чалавек глядзеў на яе. Пасля яна вельмі паволі стала апускацца ўніз…
— Яна забрала фунтаў сорак, — вымавіў стары чалавек. — І яшчэ яна ўзяла мой гарпун і ўсю вяроўку, — падумаў ён, — і цяпер мая рыба крывавіць зноў, так што трэба чакаць другіх акул.
Ён не меў ахвоты больш глядзець на рыбіну пасля таго, як яе знявечыла акула. Калі тая ўхапілася за марліна, яму здалося, што напалі на яго.
«Але я забіў акулу, што кінулася на маю рыбіну, — падумаў ён. — І гэта быў сама вялікі зубач, якога я калі бачыў. Бог сведка, што я іх бачыў даволі. Гэта было занадта добра, каб не скончыцца, — падумаў ён. — Я хацеў бы зараз, каб гэта быў сон, і каб я ніколі не злавіў сваю рыбіну ды ляжаў сабе адзін у ложку на газетах».
— Але чалавек не створаны для паразы, — сказаў ён. — Чалавек можа быць знішчаны, але не пераможаны. І ўсё ж я шкадую, што забіў рыбіну, — падумаў ён. — Благі час надыходзіць, а я не маю нават гарпуна. Dentuso жорсткі, спрытны, дужы і разумны. Аднак я быў разумнейшы за яго. Можа, і не. Магчыма, я быў проста лепей узброены. Не затлумлівай галаву думкамі, старэча, — сказаў ён уголас, — Плыві гэтым жа курсам, і хай усё будзе такое, якое будзе.
«Але я мушу думаць, — запярэчыў ён. — Бо гэта адзінае, што я сабе пакінуў. Ды яшчэ бейсбол. Цікава, што сказаў бы вялікі Дзі Маджыа пра тое, як я гваздануў акулу па мазгах? Не такі ўжо гэта быў валатоўскі ўчынак, — падумаў ён. — Любы мужчына змог бы такое зрабіць. Як ты лічыш, ці рукі мае былі гэткай жа вялікай перашкодай, як пятачныя шпоры? Не магу ведаць. З маёй пятой ніколі нічога не здаралася благога, хіба што аднаго разу яе ўджаліў скатджала[37], калі я наступіў на яго падчас плавання, спараліжаваў мне нагу ўнізе, прымусіў папакутаваць».
— Думай пра што-небудзь весялейшае, старэча, — сказаў ён. — Зараз ты кожную хвіліну ўсё бліжэй да дому. Цяпер табе лягчэй плысці, бо ты страціў сорак фунтаў.
Ён добра ведаў, што, хутчэй за ўсё, адбудзецца, калі ён апынецца ўсярэдзіне плыні. Але не было жаданага выйсця.
— Адну рэч зрабіць можна, — сказаў ён уголас. — Прывязаць нож да дзяржальна вясла.
Ён так і зрабіў, трымаючы руку на румпелі, наступіўшы на шкот нагой.
— Ну вось, — сказаў ён. — Вядома, я стары. Але я не бяззбройны.
Дзьмуў свежы вецер, і ён плыў удала. Стары чалавек назіраў толькі за пярэдняй часткай рыбіны, і трохі надзеі да яго вярнулася.