«Неразумна не спадзявацца, — падумаў ён. — Апроч таго, я перакананы, што гэта грэх. Не разважай пра грахі, — папракнуў ён сябе. — Зараз даволі турбацыі і без грахоў. Ды я ў іх і не разбіраюся.
Не разбіраюся і не ўпэўнены, што веру ў гэта. Магчыма, грэх быў забіваць рыбіну. Мяркую, так, хоць зрабіў я гэта, каб выжыць самому і накарміць багата людзей. Але што тады не грэх? Не думай пра грэх. Запозна, і ёсць людзі, якім плоцяць за тое. Няхай яны маракуюць. Ты нарадзіўся мараком, як рыба нарадзілася рыбай. Сан Педра[38] быў рыбак, бацька вялікага Дзі Маджыа таксама».
Але стары чалавек любіў думаць пра ўсё, што падсоўвала яму жыццё, і паколькі тут не было чаго чытаць і ён не меў радыёпрыймача, стары чалавек думаў багата ды ўсё разважаў пра грэх. «Ты забіў марліна не толькі дзеля таго, каб жыць і прадаць яго як харч, зрабіў ён выснову, забіць яго штурхала цябе і твая гордасць, і тое, што ты рыбак. Ты любіў яго, калі той быў жывы, і любіў яго пасля. Калі ты яго любіш, то гэта не грэх — забіць яго. А мо яшчэ большы?»
— Занадта шмат думаеш, — сказаў ён услых. — Але ты з ахвотай уходаў dentuso, — загадаў ён. — Той таксама корміцца жывой рыбай, як і ты. Ён не з тых, што жывяцца падлінай, і гэта не проста нейкая бадзяга-ненажэра. Зубач — прыгожы, шляхетны і анічога не баіцца. Я забіў, баронячыся, — сказаў стары чалавек уголас, — І зрабіў гэта як след.
«Апроч таго, — падумаў ён, — на свеце кожная істота нейкім чынам забівае іншую. Я жыву, бо лаўлю рыбу, але рыбацтва гэтаксама і знішчае мяне. Ты жывеш, бо хлопчык цябе ўтрымлівае, — падумаў ён. — Не трэба аж так сябе ашукваць».
Стары чалавек перагнуўся цераз борт і з лёгкасцю адарваў ад рыбіны (там, дзе хапанула акула) кавалак мяса. Пажаваўшы, ён адзначыў ягоную высокую якасць і добры смак. Цвёрдае, сакавітае, не жылаватае і не чырвонае ў дадатак. Такое мяса, ведаў ён, найдаражэйшае на рынку. Але мясны пах разыходзіўся ў вадзе, і не было як даць рады, і стары чалавек разумеў, што надыходзіць надта кепскі час.
Вецер дзьмуў устойліва-роўна, толькі трохі адступіў на паўночны ўсход, і стары чалавек ведаў: гэта азначала, што вецер не аслабне.
Стары чалавек паглядзеў наперад, але не змог убачыць жаданых ветразей, ані корпуса карабля, ані дыму з судна. Адно лятучыя рыбы выляталі з мора каля носа ягонай лодкі і вярталіся справа і злева назад у мора, ды жаўцелі лапіны Затоцкіх водарасцей. Ён не бачыў нават птушкі.
Стары чалавек плыў дзве гадзіны, спачываючы на карме, а часам жуючы кавалачак мяса марліна, імкнучыся адпачыць ды захаваць моц, калі заўважыў першую з дзвюх акул.
— Ay, — сказаў ён уголас. Гэтае слова нельга перакласці і, магчыма, яно ўсяго толькі міжвольны выгук, як у чалавека, калі цвік прабівае яму руку і ўваходзіць у дрэва. — Galanos[39], — вымавіў ён.
Зараз ён угледзеў другі плаўнік, што ўзнімаўся за першым, і пазнаў: тупаносыя акулы. Але, іхнія карычневыя трохкутныя плаўнікі ды імклівыя рухі хвастом. Яны чулі пах і, узбуджаныя, ашалелыя ад голаду і прагнасці, то гублялі яго, то зноў знаходзілі. Але набліжаліся няўхільна.
Стары чалавек трывала замацаваў шкот і заклініў стырно. Пасля ўзняў вясло з прывязаным да яго нажом. Стары чалавек падымаў вясло, дужа асцярожна трымаючы яго, бо рукам было балюча. Ён сашчапіў і расшчапіў на ім рукі, каб трохі размяць іх. Потым моцна сашчапіў іх, каб яны змірыліся з болем і не здрыгнуліся, ды назіраў, як падыходзяць акулы. Ён мог бачыць іхнія шырокія трохі сплюшчаныя тупаносыя галовы і таксама шырокія грудныя плаўнікі з белымі кончыкамі. Гэта былі агідныя акулы, смярдзючыя, ахвотніцы да падлы і шчырыя забойцы, здатныя, калі галодныя, кусануць вясло або і стырно лодкі. Гэта былі акулы, што перакусваюць лапы і плаўнікі чарапахам, калі тыя спяць на паверхні, а галодныя нападаюць у вадзе на чалавека, нават калі ён анічуць не пахне рыбінай крывёй ці рыбінай сліззю.
— Ay, — вымавіў стары чалавек. — Galanos. Падыходзьце бліжэй, galanos.
Яны падышлі. Але не гэтак, як падыходзіла акула мака. Адна павярнулася і знікла з поля зроку, нырнуўшы пад човен, і стары чалавек адчуў, як той дрыжыць, калі акула пачала тузаць і шкуматаць рыбіну. Другая сачыла за старым чалавекам жоўтымі шчылінамі вачэй, а пасля шпарка падплыла, ашчэрыўшы паўкруг пашчы, каб хапануць там, дзе ад рыбіны ўжо быў адкушаны кавалак. Была выразна відаць лінія, што бегла ад макаўкі галавы на спіну, лінія, дзе злучаліся галаўны мозг і спінны, і стары чалавек усадзіў нож на вясле ў гэтае злучэнне. Выцягнуў і загнаў той зноў, у жоўтыя кашэчыя вочы акулы. Акула адхінулася ад рыбіны і слізганула ўніз, у апошнія свае хвілі глытаючы тое, што ўхапіла.