— Вельмі добра.
— Цяпер мы зноў будзем разам рыбачыць.
— Не. Я няўдачнік. Шанцаванне пакінула мяне.
— Д'ябал з ім, з шанцаваннем, — сказаў хлопчык. — Я прынясу шанцаванне з сабою.
— А што твае скажуць?
— Мяне гэта не абыходзіць. Учора я злавіў аж дзве. Мы будзем рыбачыць разам, бо мне яшчэ шмат чаго трэба ўведаць.
— Мы павінны займець добрыя восці, каб выняць дух з любой рыбіны, і хай яны заўсёды будуць пад рукой на борце. Ты можаш зрабіць лязо з рэсорнай планкі старога форда. Набрусуем яе ў Гуанабакоа. Яно мусіць быць вострае, аднак загартоўваць не трэба, бо зломіцца. Мой нож зламаўся.
— Я дастану другі нож і набрусую рэсору. Колькі дзён яшчэ будзе ўладарыць brisа?
— Можа, тры. Можа, болей.
— Я ўсё зраблю найлепшым чынам, — сказаў хлопчык. — А ты, старэча, дагледзь свае рукі.
— Я ведаю, як іх падгаіць. Уночы я выплюнуў штось нязвыклае і адчуў: нешта ў маіх грудзях зламалася.
— Падлячы і гэта, — сказаў хлопчык. — Кладзіся, старэча, а я табе прынясу чыстую кашулю і што-небудзь паесці.
— Прынясі якую газету за тыя дні, калі мяне тут не было, — папрасіў стары чалавек.
— Ты мусіш акрыяць хутка, бо мне багата чаго трэба ўведаць, а ты можаш навучыць мяне ўсяму. Табе было вельмі цяжка?
— Страшэнна, — адказаў стары чалавек.
— Я прынясу ежу і газеты, — сказаў хлопчык. — Адпачні як след, старэча. І яшчэ я зайду ў аптэку па лекі для тваіх рук.
— Не забудзься сказаць Педрыку, што галава рыбіны — ягоная.
— Не забудуся.
Хлопчык выйшаў з дзвярэй і стаў спускацца па каралавай разбітай дарозе: зноў ён плакаў.
Папаўдні гэтага дня гурт турыстаў сядзеў на «Тэрасе» і адна кабета, пазіраючы ў ваду, захламленую пустымі бляшанкамі з-пад піва і дохлымі баракудамі, убачыла агромністы доўгі белы хрыбетны слуп з вялізным хвастом на канцы.
Хвост узнімаўся і калыхаўся з прылівам, калі там, за ўваходам у гавань нястомна і мерна разгойдваў мора ўсходні вятрыска.
— Што там такое? — спыталася яна ў афіцыянта і паказала на доўгую хрыбетніцу велізарнай рыбіны, што была зараз проста смеццем, якое чакала, калі прыліў змые яго.
— Цібурон[42], — сказаў афіцыянт, — эшарка[43]. — Яму здавалася, ён тлумачыць, што адбылося.
— Я не ведала, што ў акул гэткія гожыя зграбныя хвасты.
— І я не ведаў, — сказаў ейны спадарожнік.
У халупе, што стаяла на ўзвышшы ў канцы дарогі, сон зноў агарнуў старога чалавека. Ён спаў, як заўсёды, тварам уткнуўшыся ў пасцель, а побач на варце сядзеў хлопчык. Старому чалавеку сніліся львы.