Выбрать главу

«Я рыбачыў там, дзе глыбока, тыдзень і не злавіў нічога, — думаў ён. — Тут ходзяць касякі баніта і альбакораў, можа, сярод іх ёсць вялікая рыбіна і сёння мне ўдасца яе здабыць».

Яшчэ як след не развіднела, а ён ужо закінуў шнуры з прынадамі, плынь несла яго з сабой. Адна прынада была на глыбіні сарака марскіх сажняў, другая — сямідзесяці пяці, а трэцяя і чацвёртая апусціліся ў блакітную ваду ажно на сто і сто дваццаць пяць сажняў. Кожная прынада вісела галавою ўніз, стрыжань кручка быў усярэдзіне рыбы, цалкам абвязаны і абшыты, а ўсю тую частку кручка, што была звонку, выгін і вастрыё пакрывалі свежыя сардзіны. Кожная сардзіна была нанізана на кручок праз абодва вокі, разам яны ўтваралі паўвянок на прыхаванай гэтак сталі. Не было ніводнай даступнай рыбіне часткі кручка, якая не мела б прыемнага паху ды смаку.

Хлопчык даў яму двух свежых тунцоў, або альбакораў, што звісалі з двух найдаўжэйшых шнуроў, быццам грузілы, а на іншых ён меў блакітнага бегуна[9] і жоўтага марскога шчупачка, і хоць тыя ўжо выкарыстоўваліся, але былі ў добрым стане, выдатныя сардзіны надавалі ім прыемны пах і прыцягальнасць.

Шнур, тоўсты, як ладны аловак, быў прымацаваны пятлёю да толькі што выразанага прута, і варта было пацягнуць або крануць прынаду, як і той прут цягнула ў ваду. Кожны шнур меў два маткі даўжынёю па сорак марскіх сажняў, да іх у выпадку патрэбы можна было прыладзіць яшчэ запасныя маткі. Калі было неабходна, рыба магла павалачы за сабою больш за трыста сажняў шнура.

Зараз ён сачыў, як злёгку апускаюцца ў ваду тры пруты за бортам лодкі, і няспешна веславаў, каб утрымаць шнуры простымі і на адпаведных глыбінях. Было зусім светла, сонца магло вызірнуць у любы момант.

Сонца асцярожна ўзнімалася з мора, і стары чалавек змог убачыць іншыя лодкі: нізка на вадзе, не вельмі далёка ад берага, шырока раскіданыя ўпоперак плыні. Потым сонца набралася яскравасці, бляск упаў на ваду, потым узнялося на поўную моц і, адлюстраваўшыся на гладкай паверхні мора, рэзнула старога чалавека па вачах, і ён павеславаў, не пазіраючы на сонца. Ён глядзеў уніз у ваду, ці проста ідуць шнуры ў ейную цемру. Стары чалавек утрымліваў іх больш простымі, як хто-кольвек, гэтак, каб кожная прынада была ў цемрадзі плыні якраз там, на той глыбіні, дзе ён жадаў, каб яна была і чакала рыбу. Іншыя пакідалі шнуры на волю плыні, і часам тыя былі на глыбіні шасцідзесяці сажняў, а не ста, як меркавалі рыбакі.

«Але ў мяне, — думаў ён, — усё дакладна. Проста мне больш не шанцуе. Але хто ведае? Мажліва, сёння. Кожны дзень — новы дзень. Шанцаванне гэта няблага. Але дакладнасць не пашкодзіць. Калі завітае ўдача, ты будзеш гатовы яе сустрэць».

Мінула дзве гадзіны, сонца ўзнялося вышэй і не біла па вачах гэтак моцна, калі ён глядзеў на ўсход. У полі яго зроку засталіся толькі тры лодкі, і здавалася, што яны вельмі нізкія і паблізу берага.

«Усё жыццё маім вачам бывала кепска ад ранняга сонца, — падумаў ён. — Але яны, як і раней, добрыя. Увечары я магу пазіраць на сонца проста, і ў вачах не робіцца цёмна. Сонца ўвечары мацнейшае, але ўранні глядзець на яго балюча». Якраз тады ён убачыў фрэгата[10] з яго даўгімі чорнымі крыламі, той кружляў у небе наперадзе яго.

Раптам птах зрэзаў наўскасяк уніз, выпрастаўшы ззаду крылы, а потым закружыў зноў.

— На нешта ён натрапіў, — вымавіў услых стары чалавек. — Не проста шукае.

Павольна і мерна ён павеславаў туды, дзе птушка кружыла. Ён не спяшаўся, і яго шнуры былі гэткія ж прамыя, як напачатку. Праўда, цяпер ён трохі больш дапамагаў плыні вёсламі, і хоць рыбачыў гэткім жа дакладным чынам, але хутчэй, як раней, бо імкнуўся выкарыстаць птушку.

Птах узняўся ў неба вышэй і закружляў зноўку, пры гэтым крылле яго было нерухомае. Раптам ён даў нырца ў ваду, і стары чалавек убачыў, як з вады рванула лятучая рыба і адчайна памкнула над паверхняй мора.

— Дэльфін[11] — вымавіў услых стары чалавек. — Буйны дэльфін.

Ён паклаў вёслы ў лодку і дастаў маленькі шнур, што ляжаў на носе лодкі. Той быў з драцяным павадком, на канцы якога меўся невялікі кручок, на які ён насадзіў адну з сардзін. Стары чалавек апусціў шнур за борт, а пасля злучыў яго з кармой, прымацаваўшы да ніта з колцам. Тады ён прыладзіў прынаду да другога шнура і пакінуў яго, скручаным у маток, у цяні на носе лодкі. Ён зноў узяўся веславаць, назіраючы пры гэтым за даўгакрылым чорным птахам, што віснуў над вадой, палюючы на рыбу.

Ён бачыў, як птушка абмакнулася ў ваду зноў, адкінуўшы крылы назад, каб нырнуць, а пасля заматляла імі шалёна, але марна, пераследуючы лятучую рыбу. Стары чалавек не мог не заўважыць пэўнай пакутасці марской паверхні, гэта буйныя дэльфіны ўзнімалі ваду, гонячыся за рыбай. Дэльфіны ўзрэзвалі ваду пад чарадой лятучых рыб і, рухаючыся хутка, не змусілі б чакаць сябе, калі б тыя апусціліся ў ваду. «Гэта вялікая чарада дэльфінаў, — падумаў ён. — Яны раскіданы адзін ад аднаго, і таму ў лятучых рыбаў мала шанцаў. А ў птушкі іх няма ўвогуле. Лятучыя рыбы занадта буйныя ды шпаркія для іх».

вернуться

9

Від рыбы ў цёплых морах.

вернуться

10

Марская птушка.

вернуться

11

Стары чалавек называе дэльфінам адну з некалькіх акіянічных рыб, адметных пералівістасцю афарбоўкі, з востраканцовымі плаўнікамі.