Ён назіраў за тым, як лятучыя рыбы зноў і зноў выстрэльвалі з вады і як бясплённа высільвалася птушка. «Гэтая чарада дэльфінаў для мяне страчана, — падумаў ён. — Занадта хутка і далёка шыбуюць яны. Але, мажліва, я падбяру якога блудніка, а можа, мая вялікая рыба недзе паблізу іх. Дзесьці ж павінна быць мая вялікая рыба».
Воблакі над зямлёю паўсталі як горы, бераг здаваўся ўсяго толькі доўгай зялёнай лініяй з шэра-сінімі ўзгоркамі за ёю. Вада ў моры сталася цёмна-сіняя, амаль фіялетавая. Зірнуўшы ў яе, ён убачыў чырвонае сяйво планктону ў цёмных глыбінях і нязвыклае дзіўнае святло сонца. Ён назіраў, каб яго шнуры, знікаючы з поля зроку, ішлі ў ваду проста, і цешыўся, што бачыў процьму планктону, бо гэта азначала рыбу. Дзіўнае святло ў вадзе, зараз, калі сонца было вышэй, абяцала добрае надвор'е, як і форма воблакаў там, над зямлёю. Але птах зараз амаль не паказваўся, і на паверхні вады нічога не віднелася, апроч некалькіх лапін жоўтых выцвілых на сонцы саргасавых водарасцей і фіялетава-вясёлкавага застыгла-дрыгністага пузыра — «партугальскага вайсковага карабля»[12], што плаваў каля самай лодкі.
Ён перавярнуўся на бок, потым выпрастаўся. Ён плаваў весела, усё адно як бурбалка, са сваімі доўгімі смяртэльна-фіялетавымі валокнамі, што добры ярд[13] цягнуліся за ім у вадзе.
— Agua mala[14], — вымавіў стары чалавек. — Ты, сука.
Злёгку вяслуючы, ён глянуў у ваду і ўбачыў драбнюткіх рыбак, бадай, гэткай жа афарбоўкі, як і шлейфы-валокны, яны сноўдалі паміж тымі, ахінутыя невялікім ценем, што кідала бурбалка, плывучы ўслед за плынню. Яны мелі імунітэт да ейнага яду. Але ў людзей яго не было, і калі хоць трохі слізкіх фіялетавых валокнаў чаплялася і прыставала да шнура, пакуль стары чалавек важдаўся з рыбінай, на ягоных руках з'яўляліся шрамы і раскеліны, усё роўна як ён апёкся лісцем ядавітага плюшча або ядавітага дуба[15].
Але ейная атрута дзеіла імгненна-хутка, нібы сцебануўшы бізуном.
Вясёлкавыя бурбалкі былі прыгожыя. Але яны сама падманлівая рэч у моры, і стары чалавек любіў глядзець, як вялікія марскія чарапахі спажываюць іх. Угледзеўшы свае ахвяры, чарапахі падбіраліся да іх спераду, потым заплюшчвалі вочы гэтак, што і яны цалкам хаваліся пад панцыр, ды ўміналі тыя валокны і ўсё астатняе. Стары чалавек ахвотна пазіраў, як чарапахі елі іх, і яшчэ ён любіў хадзіць па ўзбярэжжы пасля шторму і чуць, як тыя з трэскам пукаюцца, калі ён ступае на іх сваімі цвёрдымі грубымі пятамі.
Ён любіў зялёных чарапах і ястрабіныя дзюбы[16] за іх элегантнасць і спрыт, і за тое, што яны былі вельмі каштоўныя, а з лагоднай пагардай ставіўся да вялізных тупых калодагаловых[17] у жоўтых латах, з іхнімі дзівацкімі любошчамі, шчасліва-задаволеных, калі яны, заплюшчыўшы вочы, цярэбяць «партугальскія караблі».
Чарапахі не выклікалі ў яго містычных пачуццяў, хоць ён ці адзін год выходзіў у мора з рыбацкім гуртом лавіць іх. Ён шкадаваў іх усіх, нават гіганцкіх, падобных на велізарныя куфры чарапах[18], гэткіх доўгіх, як ягоная лодка, а вагою — з тону.
Бальшыня людзей як бы пабойваецца чарапах, бо чарапашае сэрца гадзінамі б'ецца пасля таго, як яе парэжуць на кавалкі ды разбяруць. Але стары чалавек думаў: у мяне гэткае ж сэрца, ногі і рукі мае таксама падобныя на іхнія. Ён еў чарапашыя белыя яйкі, каб набрацца моцы. Ён еў іх увесь травень, каб быць дужым у верасні і кастрычніку ды агораць сапраўды вялікую рыбу.
Ён таксама зачэрпваў штодня кубак акулавага тлушчу з вялікай жалезнай бочкі ў халупе, дзе шмат якія рыбакі хавалі снасці. Бочка стаяла тут для ўсіх жадаючых. Бальшыня рыбакоў не пераносіла смаку тлушчу. Але наўрад ці той быў горшы за ўспорванне на додніцы, калі яны ўставалі, і, апроч таго, тлушч быў вельмі добрым ад прастуд і грыпаў і надта карысны для зроку.
Ён зірнуў угару і ўбачыў, што птах кружляе зноў.
— Ён знайшоў рыбу, — услых вымавіў стары чалавек. Ніводная лятучая рыба не разрэзала паверхні вады, і не разбягаліся ва ўсе бакі дробныя, якраз для прынады, рыбкі. Але пакуль стары чалавек назіраў, невялікі тунец узняўся ў паветра, перавярнуўся і ўпаў галавой уніз у ваду. Тунец, бліснуўшы срэбрам на сонцы, упаў у мора, але за ім узняўся яшчэ адзін, і яшчэ, і яны мільгалі скрозь, узбоўтваючы ваду і доўгімі скачкамі пераследуючы дробную рыбу. Яны кружылі над ёю і гналі яе.