«Так далёка ад берага ён павінен быць вялізны ў гэтым месяцы, — падумаў стары чалавек. — Еш іх, рыба. Еш іх. Прашу цябе, еш іх. Якія свяжуткія яны! А ты, там, унізе, на глыбіні шасцісот футаў у гэтай халоднай вадзе, у цемрадзі. Павярніся яшчэ раз у гэтай цемрадзі ды зноў за іх бярыся».
Ён адчуў лёгкае асцярожнае тузанне, а пасля мацнейшае, гэта калі патрэбны быў пэўны высілак, каб сарваць галаву сардзіны з кручка. Потым не было нічога.
— Давай, давай, — услых сказаў стары чалавек. — Павярніся яшчэ раз. Толькі панюхай іх. Праўда, цудоўныя? Паеш іх напоўніцу зараз, а тады возьмешся за тунца. Цвёрды, халодны, прыемны на смак. Будзь смялейшая, рыба. Еш іх.
Ён чакаў са шнуром паміж вялікім і ўказальным пальцамі, назіраючы за ім, а таксама, адначасна, і за іншымі шнурамі, бо рыба магла шуснуць угару або ўніз. Потым паўтарылася тое асцярожнае тузанне.
— Ён возьме яго, — уголас вымавіў стары чалавек. — Божа, дапамажы яму ўзяць яго.
Але ён не ўзяў. Ён знік, стары чалавек не адчуў больш анічога.
— Ён не мог пайсці. Ён паварочваецца. Магчыма, ён ужо трапляў на кручок і штосьці памятае пра гэта.
Раптам ён адчуў лагодны дотык да шнура і моцна ўсцешыўся.
— Ён проста паварочваўся. Ён возьме яго.
Стары чалавек узрадаваўся, адчуўшы мяккае тузанне, а пасля — штосьці моцнае і неверагодна цяжкае. Гэта быў цяжар рыбы, і ён усё вызваляў і вызваляў шнур, адмотваючы першы з рэзервовых скруткаў. Той спаўзаў уніз, лёгка слізгаў паміж пальцамі старога чалавека, і ён услед адчуваў, які ў рыбы вялізны цяжар, хоць ледзь прытрымліваў шнур вялікім і ўказальным пальцамі.
— Вось дык рыбіна, — сказаў ён. — Схапіла тунца, кручок якраз збоку ў ейным роце, ды імкнецца з гэтым уцячы.
«Але марлін павернецца і праглыне тунца», — падумаў ён. Ён не вымавіў гэтага, бо ведаў, што калі скажаш пра нешта добрае, яно можа не здарыцца. Ён разумеў, якая гэта вялізная рыбіна, і нібыта бачыў, як яна імкне ў цемры з тунцом упоперак рота. У гэты міг ён адзначыў, што марлін спыніўся, але, як і раней, стары чалавек адчуваў ягоную вагу. Пасля цяжар павялічыўся, і ён папусціў шнур. На нейкі момант ён мацней сціснуў яго вялікім і ўказальным пальцамі, і цяжар яшчэ пабольшаў ды пацягнуў шнур уніз.
— Ён узяў тунца, — сказаў стары чалавек. — Цяпер я дам яму як след наесціся.
Шнур, выслабаняючыся, слізгаў паміж ягонымі пальцамі, а тым часам ён, працягнуўшы ўніз левую руку, прымацаваў вольны канец двух запасных маткоў да пятлі пары маткоў наступнага шнура. Зараз ён быў гатовы. Ён меў у запасе тры маткі шнура па сорак сажняў даўжынёю апроч таго, які ён выкарыстоўваў.
— З'еш трохі больш, — сказаў ён. — Паеш напоўніцу. Паеш гэтак, каб вастрыё кручка трапіла табе ў сэрца і забіла цябе. Усплыві добранька на паверхню, каб я ўсадзіў у цябе гарпун. Так. Ты гатовы? Ты дастаткова доўга быў ля стала? Пара! — гучна вымавіў ён ды, моцна тузануўшы абедзвюма рукамі за шнур, падоўжыў яго на ярд, а тады падсякаў яшчэ і яшчэ раз, тузаючы шнур напераменку кожнай рукой з усёй сілаю рук і цела з ягонаю вагою.
Нічога не адбылося. Рыба спавольна плыла сабе, і стары чалавек ні на цалю не мог яе ўзняць. Ён цягнуў цераз плечы моцны, прызначаны для цяжкой рыбіны шнур, ажно той напяўся гэтак, што пацеркі вады адскоквалі ад яго. Потым шнур стаў паціху як бы сычэць у вадзе, а ён па-ранейшаму трымаў яго, упіраючыся ў лаўку, не нахіляючыся назад. Лодка пачала паволі ісці ў кірунку паўночнага захаду.
Рыба плыла далей, як і дагэтуль, і ён плыў разам з ёю па ціхай вадзе. Іншыя прынады былі па-ранейшаму ў вадзе, але ён не мог нічога зрабіць.
— Як шкада, што са мной няма хлопчыка, — услых сказаў стары чалавек. — Рыба цягне мяне на буксіры, і я ж як той бітэнг[22]. Можна было б прывязаць шнур да лодкі. Але ж марлін мог бы парваць яго. Я з усіх сіл мушу ўтрымліваць рыбіну і адпускаць шнур, калі гэта неабходна. Дзякуй Богу, што ён вандруе, а не шукае схову на глыбіні. Што я буду рабіць, калі ён усё ж надумае рушыць углыб, я не ведаю. Што я буду рабіць, калі ён дасць нырца ды спусціць дух, я не ведаю. Але зраблю нешта. Ёсць мноства рэчаў, якія я магу зрабіць.
Ён трымаў шнур, што аблягаў плечы, і сачыў за яго нахілам у вадзе і за лодкай, тая спакойна плыла на паўночны захад.
«Гэта заб'е яго, — думаў стары чалавек. — Ён не зможа плысці гэтак заўжды». Але мінула чатыры гадзіны, а рыба плыла сабе, як і раней, у адкрытае мора і валакла за сабою лодку, а стары чалавек па-ранейшаму быў туга сцягнуты шнурам упоперак спіны.
— Я падчапіў яго на кручок апоўдні, — сказаў ён. — І я яго яшчэ не бачыў.