З удаванай лёгкасцю сэрца ішоў я па сырым асфальце вуліц; плачучы і расплываючыся, глядзелі праз халодную імжаку агні лятарняў і высмоктвалі з мокрай зямлі прыцьмёныя адбіткі саміх сябе. Мне прыгадаліся прызабытыя гады маладосці - як любіў я тады такія цёмныя і пахмурныя вечары позняй восені і зазім'я, як прагна і захмялела ўбіраў у сябе атмасферу адзіноты і суму, калі мала не цэлымі начамі, у слоту і ў буру, хадзіў, захінуўшыся ў паліто, сярод варожай, аголена-золкай прыроды, ужо тады самотны, але поўны шчасця і вершаў, якія пасля запісваў пры свечцы, седзячы на ложку ў сваім пакойчыку! Што ж, усё мінулася як і не было, чара была выпіта і больш не напаўнялася. Ці шкадаваў я? Не, не шкадаваў. Не было шкада нічога, што прайшло. Шкада было майго сённяга, усіх гэтых бясконцых гадзін, якія я страціў, якія толькі перацерпеў, якія не прынеслі мне ні гасцінцаў, ні ўзрушэнняў. Але, дзякаваць Богу, былі і выключэнні, былі часам, рэдка, праўда, і інакшыя гадзіны, яны якраз прыходзілі з узрушэннямі, прыходзілі з гасцінцамі, ламалі сцены і вярталі мяне, аблудніка, да жывой душы свету. З журботай і ўсё-такі з вялікай цікавасцю спрабаваў я ўспомніць апошняе такое ўражанне. Было тое на канцэрце, гралі цудоўную старадаўнюю музыку, і паміж двума тактамі піяна драўляных духавых мне раптам зноў адчыніліся дзверы ў той свет, я ўзляцеў на нябёсы і ўбачыў Бога за працай, я адчуў шчасны боль і ўжо больш ні ад чога на свеце не бараніўся, больш ужо анічога на свеце не баяўся, усяму сказаў «так», аддаў сваё сэрца ўсяму. Гэта не задоўжылася, ну, можа, на якіх чвэрць гадзіны, але тае ж ночы вярнулася ў сне і з таго часу не-не дый праблісквала потайкам у самыя панылыя дні; часам я цягам некалькіх хвілін бачыў гэта выразна - як залаты боскі след, які праходзіў праз маё жыццё: ён амаль заўсёды засыпаны смеццем і брудам, але раптам зноў успыхвае залатымі іскрамі, і тады здаецца, што з яго ўжо нельга збіцца, але неўзабаве ён зноў прападае. Аднаго разу ноччу, лежачы без сну, я раптам загаварыў вершамі, вершамі вельмі дзіўнымі і прыгожымі, але не дайшло мне да галавы запісаць, а раніцай я іх ужо не памятаў, але яны зачаіліся ўва мне, як стары арэх у трэснутай шкарлупіне. Часам гэта наплывала, калі я чытаў якога-небудзь паэта, калі задумваўся над якім-небудзь выказваннем Дэкарта, Паскаля, часам гэта ўспыхвала і вяло мяне залатой ніткай у нябёсы, калі я бываў з каханай. Але, на жаль, цяжка знайсці гэты боскі след ўсярэдзіне нашага жыцця, якое мы вядзём усярэдзіне нашай жа такой задаволенай, такой мяшчанскай, такой бездухоўнай эпохі, калі я бачу гэтую архітэктуру, гэтыя справы, гэтую палітыку, гэтых людзей! Як жа мне не быць Стэпавым ваўком і нікчэмным пустэльнікам у свеце, ніводнай мэты якога я не падзяляю, ніводная радасць якога не хвалюе мяне! Я доўга не вытрымліваю ні ў тэатры, ні ў кіно, я не здольны чытаць газет, мала калі чытаю сучасныя кнігі, я не разумею, якое такое радасці людзі шукаюць на чыгунках, у перапоўненых гатэлях, у кавярнях, раздзіраных духотлівай, настырлівай музыкай, у барах і вар'етэ элегантных раскошных гарадоў, на сусветных выставах, на святочных гульбішчах, на лекцыях для дапытлівых, на стадыёнах - усіх гэтых радасцяў, якія маглі ж бо быць даступнымі і мне, і за якія тысячы іншых б'юцца, я не разумею, я не падзяляю. А тое, што бывае ў рэдкія гадзіны маёй радасці, тое, што для мяне - шчасце, падзея, экстаз, лунанне, - гэта свет прызнае, шукае і любіць хіба што ў паэзіі, у жыцці яно здаецца яму вар'яцтвам, і насамрэч, калі свет у праўдзе, калі ў праўдзе гэтая музыка ў кавярнях, гэтыя масавыя забавы, гэтыя амерыканізаваныя, задаволеныя такім мізерам людзі, значыцца, не ў праўдзе я, значыцца, я - вар'ят, значыцца, я - той самы стэпавы воўк, кім я сябе няраз ужо называў, звер, які заблытаў у чужы незразумелы яму свет і не знаходзіць сабе ні радзімы, ні ежы, ні паветра.
З гэтымі прывычнымі ўжо думкамі ішоў я далей па мокрым асфальце праз адну найбольш зацішную і старую дзяльніцу горада. Насупраць, па той бок вуліцы, стаяў у цемры стары шэры мур, на які я заўсёды любіў глядзець, такі стары, ён заўсёды так бестурботна стаяў паміж маленькай кірхай і зноў жа старой бальніцай, удзень вочы мае часта адпачывалі на яго няроўнай плоскасці, бо мала было такіх ціхіх, слаўных, маўклівых плоскасцяў у цэнтры горада, дзе на кожным квадратным метры гарлалі свае імёны то крама, то адвакат, то вынаходнік, то ўрач, то цырульнік альбо мазольных справаў майстар. Старавечны гэты мур і цяпер быў, я бачыў, у цішы і спакоі, але нешта-такі ў ім перамянілася, я разгубіўся, калі ўбачыў пасярэдзіне яго прыгожую брамку са стрэльчатым скляпеннем, бо не мог сказаць, была яна тут заўсёды, а ці толькі нядаўна паявілася. Выгляд у яе, несумненна, старым-стары-замшэлы; мусіць, ужо шмат стагоддзяў таму назад гэтая замкнутая брамка з цёмнай драўлянай палавінкай вяла ў які-небудзь заспаны кляштарны двор, ды і сёння, мабыць, вяла туды ж, хоць ад кляштара нічога не засталося, і, мусібыць, я яе сотні разоў бачыў, але проста не заўважаў, можа быць, яе пафарбавалі нанава, і таму яна далася мне ў вочы. У кожным разе, я спыніўся і ўважліва паглядзеў туды, але не пайшоў на той бок, надта ж бо раскіс мокры брук; я стаяў на тратуары і толькі глядзеў туды, было ўжо досыць цёмна, і мне здалося, што брамка ўпрыгожана вянком ці тое нечым стракатым. І, прыгледзеўшыся лепш, я ўбачыў над брамкаю светлую шыльду, на якой, так мне здалося, было нешта напісана. Я напружыў вочы і нарэшце, нягледзячы на бруд і лужыны, перайшоў на па-той бок. Тут я ўбачыў над брамкаю, на шэра-зялёным ад старасці муры, цьмяна асветленую пляму, па ёй хуценька беглі стракатыя літары, яны адразу знікалі, вярталіся і зноў рассейваліся. Ну вось, падумаў я, цяпер і гэты стары слаўны мур спаганілі светлавой рэкламай! Між тым я разабраў некалькі слоў, прачытаць іх было цяжка, даводзілася больш здагадвацца, літары з'яўляліся нераўнамерна, вельмі бледныя і невыразныя, і вельмі хутка тухлі. Чалавек, які збіраўся правярнуць на гэтым справунак, вынаходлівасцю не вызначаўся, ён быў Стэпавы воўк, бедалага; чаму ён запусціў свае літары сюды, на гэты мур, у самым цёмным закутку старамесця, такою парою, ды яшчэ ў халепу, калі тут ніхто не ходзіць, і чаму яны такія лёткія, такія эфірныя, такія вычудліва-неразборлівыя? Але вось нарэшце-такі мне ўдалося злавіць некалькі слоў падрад, а менавіта: