Я паспрабаваў адчыніць брамку; цяжка, старая клямка запала і не паддавалася, колькі я ні ціскаў. Гульня літар скончылася, спынілася раптоўна, маркотліва зразумеўшы сваю марнасць. Я адступіўся крыху назад, улез у самую гразюку, літары больш не з'яўляліся, гульня іх патухла, я доўга стаяў у гразі і чакаў, але дарма.
І раптам, калі ўжо перастаў чакаць і вярнуўся на тратуар, перад мною, адбіўшыся ў асфальце, прамільгнула некалькі літар.
Я прачытаў:
Я прамерз, але яшчэ доўга прастаяў, чакаючы далей. Але далей - больш нічога. І калі я яшчэ стаяў і думаў пра тое, як прыгожа мільгаюць агеньчыкі літар на вільготным муры і ў чорным бляску асфальту, да мяне раптам вярнуўся абрывак маіх ранейшых думак - параўнанне са светлым следам, які раставаў удалечыні.
Я моцна скалеў і пайшоў з мараю пра гэты след, з сумам пра брамку ў магічны тэатр, даступны толькі вар'ятам. Тым часам я выйшаў у раён рынка, дзе не было недахопу ў вячэрніх забавах, на кожным кроку тут віселі афішы і заклікалі надпісы: жаночая харавая капэла - вар'етэ - кіно - танцы, але ўсё яно было не маё, было для «ўсіх», для нармальных людзей, якія на самай справе ўсюды, як я бачыў, тлуміліся ў пад'ездах. І ўсё ж мая маркота крыху рассеялася, да мяне ўсё-такі дайшло вітанне з іншага свету, скокі некалькіх каляровых літар гралі ў маёй душы і закранулі патайныя струны, залаты след зноў замільгатаў.
Я знайшоў дапатопную забягалаўку, дзе з майго першага прыезду ў горад, гадоў дваццаць таму назад, нічога не змянілася, і гаспадыня ўсё яшчэ тая, і многія цяперашнія госці праседжвалі тут і тады і на тых самых месцах, за тымі самымі «чарачкамі». Я зайшоў у гэты сціплы прытулак, тут было сховішча. Толькі і ўсяго, праўда, такое самае, як там на лесвіцы перад араўкарыяй, тут я таксама не знаходзіў ні радзімы, ні грамадства, а знаходзіў толькі як глядач зацішнае месцейка перад сцэнай, дзе чужыя людзі гралі чужыя п'есы, але нават і гэты зацішак быў нечагась варты: ні шматлюдства, ні гаму, ні музыкі, толькі некалькі спакойных абываталяў за незасланымі драўлянымі столікамі (ні мармуру, ні эмаліраванага металу, ні плюшу, ні медзі), і перад кожным - вечаровы напой - добрае, дабротнае віно. Можа, гэтыя некалькі застольцаў са знаёмымі мне тварамі былі самыя сапраўдныя філістары, і дома ў іх, у іх філістарскіх кватэрах, стаялі прылізаныя дамовыя алтары перад тупымі ідаламі задаволенасці, а можа, яны былі, як і я, адзінокія, спанталычаныя ў дарозе забулдыгі, якія задуменна тапілі ў віне свае збанкрутаваныя ідэалы, такія самыя стэпавыя ваўкі і небаракі, як і я; гэтага я не ведаў. Кожнага з іх цягнула сюды нейкая свая настальгія, нейкая расчараванасць, нейкая патрэба перамены, жанаты шукаў тут атмасферы сваёй халасцякай пары, стары чыноўнік - водгаласу свайго студэнцтва, усе яны былі даволі маўклівыя, і ўсе пілі, сядзелі, як і я, за бутэлькай эльзаскага, а не перад жаночай харавой капэлай. Тут я кінуў якар, тут можна было пранэндзіць гадзіну, а тое і дзве. Адпіўшы эльзаскага, я адразу адчуў, што з самае раніцы нічога не еў.