Выбрать главу

Проста дзіва, чаго толькі чалавек не глытае! Хвілін дзесяць я чытаў нейкую газеціну, запускаючы ў сябе праз вочы дух нейкага безадказнага чалавека, які на ўсю храпу перажоўвае са сваёй слінай чужыя словы, а пасля, не стравіўшы іх, выблёўвае назад. Гэтага я праглынуў цэлы слупок. А пасля зжэр добры кавалак вантробкі, выразанай з забітага цяляці. Дзівосы! Самае лепшае было эльзаскае. Я не любіў, прынамсі, па буднях, дзікіх, моцных вінаў, якія даюць у галаву і славяцца сваім адмысловым смакам. Мне даспадобы зусім чыстыя, лёгкія, сціплыя мясцовыя віны без ніякіх там мудрагелістых назваў, іх можна піць памногу, і яны так прыемна аддаюць вясковасцю, зямлёй, небам і лесам. Шклянка эльзаскага і скібка добрага хлеба - самае лепшае. Але я ўжо з'еў порцыю вантробкі з рэдка калі бывалай асалодай, - увогуле ж, я нячаста ем мяса, - і перад мною стаяла другая шклянка. Дзівосна было і тое, што дзесьці ў зялёных далінах здаровыя, мілыя людзі даглядаюць вінаград, чавяць з яго сок, каб у розных канцах зямлі, далёка-далёка ад іх, нейкія расчараванцы, амаль ужо спітыя і растрэсеныя жыццём стэпавыя ваўкі набіраліся бадзёру і жвавасці з «чарачак гарбаткі».

Па-мойму, гэта было дзівосна! Было добра, гэта дапамагло, прыйшоў настрой. Слоўная каша газетнага артыкула, хоць і позна, але надала мяне на смех палёгкі, і тут раптам я ўзгадаў старую мелодыю таго піяна, яна ярка паднялася ўва мне, як маленькая мыльная бунька, бліснула, паменшылася і адбіла ў сабе цэлы свет, і зноў мякка распалася. Калі б гэтая нябесная маленькая мелодыя ўпотай пусціла карані ў маёй душы і раптам зноў зацвіла ўсімі каштоўнымі фарбамі сваёй яркай кветкі, то ці ж я прапаў бы канчаткова? Хай я, звер, заблудзіўся, не разумею вакольнага свету, але ж нейкі сэнс у маім ідыёцкім жыцці быў-такі, быў, нешта ўва мне адгукалася на покліч з далёкіх вышыняў, нешта ўлоўлівала яго, і ў мозгу маім роем раіліся тысячы малюнкаў.

Гурты анёлаў Джота з маленькай царкоўнай столі ў Падуі, а побач ступалі Гамлет і Афелія ў вянку, прыгожыя сімвалы ўсіх скрухаў і непаразуменняў свету; стоячы ў палаючым шары, трубіў у рог Джаноцца, Аціла Шмэльцле нёс у руцэ свой новы капялюш, Барабудур падымаў угору да неба гару сваіх скульптураў. Не бяда, што ўсе гэтыя цудоўныя вобразы жывуць у тысячах іншых сэрцаў, было яшчэ дзесяткі тысяч іншых невядомых карцін і гукаў, чыёй радзімай, чыім празорчым вокам і чуйным вухам была толькі мая душа. Старая бальнічная сцяна ў шэра-зялёных плямах, у трэшчынах і драпінах якой угадваліся тысячы фрэсак, - хто даў ёй адказ, хто ўпусціў яе ў сваё сэрца, хто любіў яе, хто адчуваў чароўнасць яе прытухлых фарбаў? Старыя кнігі манахаў з мяккімі мініяцюрамі, кнігі нямецкіх паэтаў двухсотгадовай і стогадовай даўнасці, забытыя іх народам, усе гэтыя пашкуматаныя, адсырэлыя тамы, друкаваныя і рукапісныя старонкі старадаўніх музыкаў, тоўстыя, жаўтлявыя лісты нотнай паперы з застылымі гукавымі відзежамі - хто чуў іх разумныя, іх хітраватыя і знуджаныя галасы, хто пранёс у сабе іх дух і іх чароўнасць праз іншую, ахаладзелую да іх эпоху? Хто ўспамінаў пра той маленькі, упарты кіпарыс на гары над Губіо, які быў зламаны і расшчэплены лавінай, але ўсё-такі захаваў жыццё, і запусціў сабе новую, хай і не такую густую чупрыну? Хто аддзякаваў гасціннай гаспадыні з другога паверха і яе вымытай да бляску араўкарыі? Стэпавы воўк. А хто шукаў за руінамі свайго жыцця расплылы сэнс, пакутаваў, што з выгляду жыў недалужна і бязглузда, жыў тым, што бяздумна, таемна спадзяваўся на адкрыццё і блізкасць Бога нават у апошнім вэрхале і хаосе.

Я затрымаў у руцэ шклянку, у якую гаспадыня зноў хацела наліць, і ўстаў. Годзе віна. Залаты след бліснуў, нагадаўшы пра вечнае, пра Моцарта, пра зоркі. Я зноў мог нейкі час дыхаць, мог жыць, меў нахабства існаваць, мне не трэба было пакутаваць, баяцца, саромецца.