Выбрать главу

Дробны дождж распырскваўся ад ветру, біў у ліхтары і іскрыўся шкляным бляскам, калі я выйшаў на аціхлую вуліцу. Куды цяпер? Калі б у гэты момант адбыўся цуд і магло спраўдзіцца любое маё жаданне, перад мною цяпер адкрылася б невялікая прыгожая зала ў стылі Людовіка Шаснаццатага, дзе некалькі харошых музыкаў прайгралі б мне дзве-тры п'есы Гендэля і Моцарта. Цяпер гэта якраз упасавала б майму настрою, я смакаваў бы халодную, высакародную музыку, як багі нектар. О, калі б цяпер у мяне быў сябар, сябар у якім-небудзь пакойчыку на гарышчы, і каб сядзеў ён задумліва пры свечцы, а побач ляжала б ягоная скрыпка! Я прабраўся б у яго начную цішыню, бясшумна пракраўся б па лесвіцах і застаў бы яго знянацку, уроспалаш, нахапам, і мы адсвяткавалі б некалькі незямных гадзін гутаркай і музыкай! Калісьці ў зышлыя гады я часта меў такое шчасце, але з часам яно аддалілася і сышло ад мяне, паміж тымі днямі і цяперашнімі гадамі пралеглі жухлыя гады.

Я няспешна пайшоў дадому, наставіўшы каўнер паліто, абапіраючыся лёскай аб мокры брук. Як бы павольна я ні ступаў, усё роўна неўзабаве я сядзеў бы ў сваёй мансардзе, у гэтых нібыта родных сценах, якіх не любіў, але і абысціся без якіх не мог, бо насталі часы, калі мне нічога не абыходзіла прашвэндацца зімою ўсю ноч пад дажджом. Што ж, хай так і будзе, нічога, рашыў я, не сапсуе мне добрага вечаровага гумору, ні слота, ні падагра, ні араўкарыя, і хай не было камернага аркестра і не прадбачылася ніякага самотнага сябра са скрыпкай, тая дзівосная мелодыя ўсё-такі гучала ўва мне, і я мог, напяваючы сабе пад нос з рытмічнымі перадышкамі, прыблізна ўзнавіць яе. Я задуменна ішоў далей. Не, свет не завязаўся мазалём ні на камернай музыцы, ні на сябры, і смешна было б мардаваць сябе бяссілай тугой па цяпле. Адзінота - гэта незалежнасць, яе я хацеў і яе дабіўся за доўгія гады. Яна была халодная, як халодная ціхая прастора, дзе абарачаюцца зоркі.

Калі я праходзіў міма нейкага рэстарана з танцпляцоўкай, мяне захліснула ліхаманкавай джазавай музыкай, грубай і гарачай, як дух сырога мяса. На хвіліну я аж спыніўся; як я ні ўхіляўся ад музыкі гэтага роду, яна заўсёды вабіла мяне нейкімі сваімі таемнымі чарамі. Джаз быў мне агідны, але ён у дзесяць разоў быў мілейшы за ўсю цяперашнюю акадэмічную музыку, сваёй вясёлай, грубай дзікасцю ён глыбока кранаў і мае інстынкты, ён дыхаў сумленнай, наіўнай пачуццёвасцю.

З хвіліну я пастаяў, прынюхваючыся да крывавай вісклівай музыкі, злосна і пажадліва ўбіраючы ў сябе атмасферу гэтых залаў. Адна частка музыкі, лірычная, была сальнаватая, перасалоджаная, мляўкая, наскрозь сентыментальная, другая частка была дзікая і апантана выбуховая, але абедзве часткі наіўна і мірна спалучаліся і давалі ў выніку нешта цэльнае. Гэта была музыка пагібелі, такая музыка, пэўна, мусіла існаваць у Рыме часу апошніх імператараў. Вядома, у параўнанні з Бахам, Моцартам і сапраўднай музыкай яна была чыстым свінствам, але ж свінствам было ўсё наша мастацтва, усё наша мысленне, уся нашая псеўдакультура, калі супастаўляць яе з сапраўднай культураю. А гэтая музыка мела перавагу вялікай шчырасці, прастадушна-мілага негрыцянства, дзіцячай жывасці, у ёй было нешта ад негра і нешта ад амерыканца, які ў нас пры ўсёй сваёй сіле пакідае ўражанне хлапечай задзірыстасці, дураслівасці. Ці будзе і Еўропа такою? Ці ідзе яна да гэтага? Ці не былі мы, старыя знаўцы і цаніцелі ранейшай Еўропы, ранейшай сапраўднай музыкі, ранейшай сапраўднай паэзіі, ці не былі мы проста дурной меншасцю звышразумных нэўротыкаў, якіх заўтра забудуць і высмеюць? Ці не было тое, што мы называем «культурай», духам, душою, ці не было тое, што для нас свяшчэннае і прыгожае, толькі прывіднасцю, ці не сканала даўно тое, што толькі нам, жменьцы занудаў, здаецца сапраўдным і жывым? Можа, тое, пра што так турбуемся мы, дурні, было заўсёды нечым нязбытным?

Старая дзяльніца горада прыняла мяне ў сваё ўлонне, памерлая, нерэальная, сярод шэрай імглы стаяла маленькая кірха. Раптам я ўспомніў учарашняе здарэнне, загадкавую скляпеністую брамку, загадкавую шыльду з паглумлівым танцам літар. Якія там былі надпісы? «Уваход не ўсім». І яшчэ: «Толькі вар'ятам». Я дапытліва паглядзеў на стары мур, у душы хочучы, каб чарадзейства пачалося зноў, каб надпіс запрасіў мяне, вар'ята, а брамка прапусціла. Там, можа, было як рыхтык тое, чаго я хацеў, там, магчыма, гралі маю музыку.

Цёмны мур, замкнёны, у глыбокім сне, спакойна глядзеў на мяне праз густы змрок. І ніякіх брамак, ніякіх скляпенняў, толькі цёмны, ціхі мур без праёму. Я з усмешкай пайшоў далей, прыветліва кіўнуўшы каменнай муроўцы. «Спі спакойна, мур глухі, не будзіцьму цябе. Прыйдзе час, і яны зруйнуюць цябе альбо аблепяць заклікамі прагных фірмаў, але ты яшчэ тут, ты яшчэ цудоўны, ціхі і сімпатычны мне».